Першымі ў барацьбе сышліся лідары турнірнай табліцы – «Легіён» і «Дынама РАУС» (Хойнікі).
Гэтую гульню чакалі, бо госці сур’ёзна наступаюць на пяты лідару, і перамога ў супрацьстаянні магла істотна змяніць расстаноўку сіл. Ужо на першых хвілінах матча госці адкрылі лік, ашаламіўшы балельшчыкаў. «Легіён», які прывык дамінаваць на пляцоўцы, сутыкнуўся з сур’ёзным супраціўленнем. Брагінчане, усведамляючы, што сапернік моцны і гатовы змагацца за лідарства, кінуліся ў атаку, ствараючы мноства небяспечных момантаў каля варот «Дынама РАУС». Аднак поспех у гэты дзень быў не на іх баку. Толькі двойчы мяч дасягнуў мэты, а хайнікчане забілі чатыры галы. Выніковы лік – 2:4 на карысць гасцей.
Нягледзячы на паражэнне, «Легіён» захаваў лідарства ў турнірнай табліцы.
У другім матчы сустрэліся «Камарын ФСЦДіМ» і «РАУС». Пасля крыўднай страты ачкоў, калі прадстаўнікі Камарына страцілі магчымасць камбэка, каманда выглядала крыху дэмаралізаванай. Аднак на полі футбалісты біліся да апошняга, дэманструючы волю да перамогі.
«РАУС» адразу ж узяў ініцыятыву на сябе, абрынуўшы на вароты саперніка шквал нападаў. Агрэсіўная і хуткая гульня прынесла свой плён – каманда павяла ў ліку. «Камарын ФСЦДіМ», нягледзячы на ўсе намаганні, быў вымушаны адыгрывацца. Інтрыга захоўвалася на працягу ўсяго матча, але ў канчатковым выніку «РАУС» дасягнуў перамогі з лікам 4:6.
Вынікі спаборніцтваў падвёў старшы інспектар райвыканкама Юрый Крываручка:
– Чэмпіянат атрымаўся насычаным – і галамі, і эмоцыямі! Гульні былі нібы асобныя гісторыі, дзе на пляцоўцы ішла барацьба за кожны мяч. «Легіён» у чарговы раз пацвердзіў статус чэмпіёна. Футбалісты – з характарам, даказалі гэта і зараз. На жаль, у другой гульні супраць «Дынама РАУС» ім не ўдалося падабраць ключы да перамогі.
Хачу выказаць падзяку кожнай камандзе за ўклад у развіццё футбола ў нашым раёне. Асобная падзяка і балельшчыкам – падтрымку адчувалі на кожным матчы.
Наступны сезон будзе асаблівым, бо ў 2026-м мы адзначым 40-ю гадавіну з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Магчыма, да нас далучацца і новыя каманды, што зробіць чэмпіянат яшчэ больш яркім і цікавым.
Закрыццё адкрытага чэмпіянату па міні-футболе памяці В. Ігнаценкі адбудзецца заўтра, 12 красавіка.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.