Прырода жыве па сваіх законах. З наступленнем вясны расквечвае сады, прыбірае ў лістоту дрэвы, напаўняе паветра водарам свежасці. Людзі таксама імкнуцца да прыгажосці і парадку, арганізоўваюць суботнікі, прыбіраюць смецце, ачышчаюць ад бруду наваколле, высаджваюць дрэвы, абнаўляюць фасады будынкаў.
Нагадаю, што згодна з распараджэннем Брагінскага раённага выканаўчага камітэта ў нас працягваецца месячнік па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый сельскагаспадарчых арганізацый і населеных пунктаў. 9 красавіка працоўныя калектывы арганізацый і прадпрыемстваў у чарговы раз выйдуць на замацаваныя тэрыторыі, каб пабяліць дрэвы, бардзюры, высекчы кустарнікі, вывезці смецце. Спраў хапае.
Аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама звяртаецца да жыхароў шматпавярховых і прыватных дамоў з просьбай прыняць удзел у агульнай рабоце, не заставацца ўбаку ад пытанняў добраўпарадкавання, ут-рымліваць двары і сядзібы ў належным санітарным стане. Па словах начальніка аддзела Сяргея Прыходзькі, у раённым суботніку 26 сакавіка старанна працавалі не толькі дарослыя, але і старшакласнікі. Пакажам добры прыклад дзецям і на гэты раз, пачуццё любові да свайго краю неабходна выхоўваць. І тады на нашых вуліцах не будзе паламанай агароджы, вытаптаных клумб і пустых бутэлек на газонах.
Ніна СІНІЛАВА