Сёлета, як і штогод, у райцэнтры абнавілі раённую Дошку гонару. У ліку тых, хто прызнаны лепшым у прафесіі, – Юрый Наяйчук, трэнер-выкладчык па цяжкай атлетыцы ДЮСШ Брагінскага раёна.
Яму не было роўных у намінацыі «Лепшы работнік галіны фізічнай культуры і спорту». Дарэчы, поспехі цяжкаатлета кіраўніцтва высока ацэньвае не ўпершыню: на Дошцы гонару – у трэці раз. «Не чакаў такіх вынікаў ад трэнерскай працы і нават да гэтага не імкнуўся. У мяне няма задачы быць лепшым у сферы, я проста добрасумленна стаўлюся да справы. І рады, што яе заўважаюць у раёне», – гаворыць спартсмен.
У Брагін Юрый прыехаў працаваць у 2018 годзе пасля Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву, адкуль выйшаў трэнерам. Падчас працы ў райцэнтры ён паступіў на завочную форму навучання ў ГДУ імя Ф. Скарыны. Раён для далейшага развіцця ў прафесіі выбраў сам. Расказвае, што ў маляўнічым гарадскім пасёлку на Палессі на той момант працаваў яго калега. Менавіта ён і параіў цяжкаатлету размеркавацца ў ДЮСШ Брагінскага раёна. А галоўнымі крытэрыямі пры выбары месца працы сталі магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял, прывілегіі для маладых спецыялістаў і спакойнае месца.
Аднак, як прызнаецца спартсмен, часам яму не хапае гарадскога рытму, да прыкладу, як у Гомелі. Юрый скончыў дзевяць класаў Галавінскай сярэдняй школы, пасля чаго паступіў у Наваполацкае вучылішча алімпійскага рэзерву – кузню спартсменаў вышэйшых дасягненняў. Пачаў зай-мацца цяжкай атлетыкай: яго з дзяцінства прыцягвалі сіла і моцныя людзі. Тут ён абзавёўся не толькі новымі знаёмымі, але і кумірамі. Сярод іх – наш зямляк, алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў, і спартсмен з Кітая – Люй Сяоцзюнь, дарэчы, таксама пераможца алімпійскіх гульняў.
Сачыць за дасягненнямі цяжкай атлетыкі трэнер не перастае і зараз. Расказвае, што ў яго ёсць шмат знаёмых, якія ўваходзяць у склад нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь. Ён лічыць добрай тэндэнцыяй папулярызацыю гэтага віду спорту ў краіне ў апошнія гады. Любому пачынаючаму спартсмену можна лёгка адсачыць вынікі, якія паказваюць атлеты, бо ўся інфармацыя – у адкрытых крыніцах.
Юрый прызнаецца, што гэта вельмі дапамагае яму ў працы. Яго навучэнцы ацэньваюць свае шансы на спаборніцтвах і разумеюць, да якіх вынікаў ім трэба імкнуцца. Зараз, дарэчы, яго секцыю наведваюць 25 чалавек. Такая вялікая колькасць – вынік правільнай матывацыі. Трэнер расказвае, што атрымаюць спарстмены ад цяжкай атлетыкі: моцнае здароўе, месца ў нацыянальнай зборнай, грашовыя ўзнагароды і іншае.
Свой прафесіяналізм Юрый даказаў тым, што за час працы ў Брагіне перадаў вучылішчу алімпійскага рэзерву шэсць вучняў.
Акрамя гэтага, ён не стаіць на месцы і ў сваім спартыўным развіцці. Чатыры гады таму спартсмен стаў пераможцам спаборніцтваў па паўэрліфтынгу GSF-BELARUS CUP 2020. Ён устанавіў рэкорд Беларусі з вынікам 295 кг у дысцыпліне «прысяданні» і выканаў разрад майстра спорту міжнароднага класа. У нашай размове прызнаецца:
– Я быў упэўнены, што падыму гэтую вагу. Нягледзячы на ўсе складанасці, я рады, што заняў першую пазіцыю. Сваёй мэты дасягнуў.
Свой поспех ён паўтарыў і ў 2023 годзе. Юрый стаў чэмпіёнам Беларусі ў паўэрліфтынгу федэрацыі WRPF Belarus. Спаборніцтвы праходзілі ў Мінску, дзе сабраліся мацнейшыя спартсмены з усёй краіны. Трэнер расказвае, што да апошняга не быў упэўнены ў золаце. Падстава – адсутнасць вопыту выступлення на спаборніцтвах такога маштабу. Аднак гэта не перашкаджала цяжкаатлету крок за крокам паказваць высокія вынікі. Узгадваючы той дзень, Юрый расказвае, што свае выступленні ён пачаў у 14.00, а скончыў у 23.00:
– Па праўдзе кажучы, было цяжка. Улічваючы, што выступленне расцягнулася на некалькі гадзін, разам з камандай мы стараліся з усіх сіл.
Аднак мэта паездкі на чэмпіянат была іншая. Юрый Наяйчук планаваў паставіць рэкорд у прысяданнях. Расказвае, што за месяц да старту загарэўся ідэяй паглядзець спартыўныя паказчыкі федэрацыі. Убачыў, што ў яго вагавай катэгорыі ёсць рэкорд – 305 кг. Каб пераўзысці гэты паказчык, заставаўся месяц на падрыхтоўку.
– На гэтых спаборніцтвах з першых хвілін усё пайшло не па плане. Было шмат мітусні, я не мог сканцэнтравацца, ад чаго выступленне выдалася незразумелым і цяжкім. Падчас чацвёртай спробы вырашыў падысці да 307 кг, але мне крыху не хапіла, каб зафіксаваць лічбы. Я не нерваваўся, першае месца супакоіла. Вядома, мэта была іншая, але як ёсць, – расказвае спартсмен.
Трэнер адзначае, што для яго было важна паставіць рэкорд на гэтым чэмпіянаце. Ён быў нацэлены на вынік ва ўзроставай катэгорыі да 24 год, а Юрыю на той момант было 23, да дня нараджэння заставаўся месяц. І тут або робіш, або не:
– Не атрымалася ў мяне – значыць зробіць нехта іншы, – рэзюмуе Юрый.
У скарбонцы поспехаў маладога трэнера – перамогі на ўніверсітэцкіх спаборніцтвах, рэспубліканскіх універсіядах і чэмпіянатах. Аднак аднымі з асноўных паказчыкаў свайго прафесіяналізму Юрый лічыць пасведчанні майстра спорту Рэспублікі Беларусь па цяжкай атлетыцы і майстра спорту міжнароднага класа ў альтэрнатыўнай федэрацыі паўэрліфтынгу ў дысцыпліне «прысяданні».
Спорт – не адзінае, чым захапляецца Юрый. Асаблівыя ў яго адносіны да аўтамабіляў. Цяжкаатлет марыць паўдзельнічаць у аўтафестывалях у Мінску. Расказвае, што ў сталіцы рух аўтааматараў добра развіты і далучыцца да яго прыязджаюць людзі з усёй краіны. Прычым шмат удзельнікаў – з Гомельшчыны.
Раскрываючы свае сакрэты, Юрый адзначае, што ў працы над сабой яму дапамагае не толькі спорт, але і пастаянная самаадукацыя. Адзін з такіх інструментаў – кнігі. Перавагу аддае літаратуры, звязанай з псіхалогіяй і тайм-менеджмэнтам. Шмат у яго і аўтабіяграфічных кніг. Трэнер расказвае, што яму цікава чытаць, па якіх прынцыпах дасягаюць поспехаў, якія прыёмы выкарыстоўваюць для гэтага і што робяць для таго, каб цябе слухалі і чулі. Вось і планы сабе паставіў, зыходзячы з захапленняў – быць медыйным:
– Хацеў бы здымацца ў рэкламах. Мяне цікавяць фота- і відэаздымкі. Былі думкі паспрабаваць сябе ў такім накірунку, ды не хапае часу. Аднак я ўсё роўна імкнуся развіваць свае акаўнты ў сацыяльных сетках Instagram і TikTok, каб зарэкамендаваць сябе як спартсмен і трэнер. А таксама прапагандаваць сваю спартыўную секцыю, каб пра яе ведала як мага больш людзей у раёне. Спадзяюся, маіх намаганняў хопіць, каб дасягнуць пастаўленых мэтаў.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.