90-гадовай жыхарцы з вёскі Мікулічы Кацярыне Быстрык і сёння не сядзіцца без работы

Праздники и будни

vishivanki_3

“А рукі рабіць хочуць”, – кажа Кацярына Макараўна, схіляючы галаву над квяцістым ручніком, які вышывала для адноўленай царквы.

Свой 90-гадовы юбілей яна будзе адзначаць 10 лютага. Нягледзячы на такі паважаны ўзрост, добра бачыць і абыходзіцца без акуляраў. Шкада толькі, што не можа ў апошні час хадзіць. Здарылася гэта пасля траўмы нагі, якая вырвала нястомную жанчыну з прывычнага для яе кола паўсядзённых турбот. Выпрацаваная дзесяцігоддзямі цяга да работы не дазваляе Кацярыне Макараўне бяздзейнічаць. Седзячы на ложку, нетаропка кладзе на белым паркалі акуратныя шыўкі. “Хадзіць не магу, але ж рукі рабіць хочуць”, – кажа яна нібы ў апраўданне за сваю руплівасць.

Здаецца, слухаў бы і слухаў яе расказ пра горкае дзяцінства і юнацтва, сталасць. Нібы старонкі кнігі перагортваеш, у якой столькі цікавага і павучальнага. За кожным жыццёвым радком – падзеі, пачуцці, сумныя і вясёлыя. Першых было больш. Рана асірацела. З братам Грышам засталіся ўдваіх, калі матулі не стала. Бацька пабраўся шлюбам з другой жанчынай, але сямейнае шчасце было нядоўгім. Мачыха таксама памерла, пакінуўшы трохмесячнага хлопчыка на рукі 13-гадовай Кацярыны. Яна засталася ў доме, дзе было сямёра дзяцей, за гаспадыню.

Пачалася Вялікая Айчынная, і бацька пайшоў на фронт. Зводнага браціка шкадавалі і любілі, гадавалі як маглі. Магчыма, ён бы выжыў, калі б не ваеннае ліхалецце. Старэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі, хаця і галадалі, неяк перабіваліся, збіраючы ягады, шчаўе, мерзлую бульбу. Арганізм малога не вытрымаў…

Бацьку дзеці не дачакаліся, ён загінуў, абараняючы Радзіму ад няпрошанага чужынцы. Таму ім, сіротам, давялося шмат працаваць, многаму навучыцца, каб стаць годнымі людзьмі. Кацярына Макараўна ўзгадвае, як у яе бабулі ў Рыжкаве стаялі кросны, як яна ткала пад яе кіраўніцтвам. Заадно вобразна паказала нам, для чаго ў час работы мясцовыя майстрыхі выкарыстоўвалі няхітрае прыстасаванне з гусінай косткі на доўгай і трывалай нітцы. Яе прыбівалі да столі, каб даставала да нітоў і стукала аб другую такую ж, што выходзіла з нітоў і пражы. Гэта быў своеасаблівы сігнал, што працэс ткацтва праходзіць правільна. Ніткі цесна леглі ў рад, і можна працягваць работу.

Унучка Надзея, якая сама захапляецца народнымі промысламі, знайшла гэты няхітры прадмет на гарышчы і вельмі зацікавілася ім. Добра, што яшчэ жыве бабуля Кацярына, якая ўсё можа растлумачыць. У Надзеі Гананайкі, як і ў яе матулі, залатыя рукі. Іх дасканалыя работы і кулінарныя вырабы неаднаразова ста-навіліся прадметам гонару на розных выставах і конкурсах. Талент майстрыхі Кацярыны Макараўны перадаўся ў спадчыну па жаночай лініі.

Ад усёй душы хочацца пажадаць гэтай і шчырай жанчыне моцнага здароўя і доўгага веку, светлых і радасных дзён у акружэнні родных і блізкіх. Нізкі Вам паклон, паважаная Кацярына Макараўна, за тое, што нарадзілі і выхавалі сямярых дзяцей, за нястомную і адданую працу, за вернасць роднай зямлі і народным традыцыям, за тое, што несяце людзям радасць.

А вышыты ручнік – гэта падзяка Богу за падораныя дзесяцігоддзі жыцця, уменне і творчасць, якімі ён надзяліў жанчыну, паслаўшы незвычайны лёс.

Ніна СІНІЛАВА