Надзейна і бесперабойна. 22 снежня — Дзень энергетыка

Галоўнае Грамадства

Энергетыкі, якія працуюць для вас: Андрэй Даўжанок, Міхаіл Асадчы і Мікалай Купрыенка.

У наш час нават нязначны збой у электразабеспячэнні прыносіць шмат праблем. Работнікі Брагінскага РЭС філіяла Рэчыцкіх электрычных сетак «РУП Гомельэнерга» займаюцца прадухіленнем аварыйных сітуацый на энергааб’ектах і робяць усё для таго, каб яны ўзнікалі як мага радзей.

Як паведаміў начальнік Брагінскага РЭС Андрэй Раманюк, іх філіял адказвае за будаўніцтва і эксплуатацыю сетак нізкага напружання, якія забяспечваюць электраэнергіяй канчатковых спажыўцоў. Прадпрыемства ажыццяўляе абслугоўванне размеркавальных падстанцый, устаноўку і абслугоўванне нізкавольтных ліній электраперадач. Акрамя таго, калектыў адказвае за бяспеку працы электрасетак.

На даны момант у філіяле функцыянуюць два падраздзяленні, дзе працуюць 56 работнікаў: 41 чалавек – у Брагіне і 15 – у Камарыне. Андрэй Аляксандравіч адзначае высокі прафесіяналізм сваіх падначаленых. У ліку лепшых – дыспетчар Сяргей Кулай, які шмат гадоў аддаў абранай справе. Да таго ж ён актыўна ўдзельнічае ў абласных спаборніцтвах дыспетчарскага і аператыўнага персаналу, адкуль прывозіць узнагароды.

Нядаўна Брагінскі філіял займаўся рэканструкцыяй лініі электраперадач у аграгарадку Краснае. Гэта значна палепшыла якасць жыцця насельніцтва, электраэнергія забяспечыла доступ да асноўных паслуг, у тым ліку ацяплення.

Зараз брыгады РЭС задзейнічаны ў будаўніцтве новай лініі электраперадач, каб зрабіць больш надзейную энергетычную сістэму ў Камарыне. Запуск запланаваны на сту-дзень 2024 года.

Ігар Сукач: работа на вышыні патрабуе засяроджанасці.

На тэхнічным узбраенні філіяла – чатыры брыгадныя машыны і столькі ж аварыйных аўтамабіляў, два трактары, тры вышкі і адзін свідар. Андрэй Аляксандравіч расказаў, што ў бліжэйшы час плануецца абнаўленне апошніх дзвюх.

Брагінскі філіял клапоціцца пра захаванне жыцця і здароўя людзей, працуючы па праграме “нулявога траўматызму”. Галоўны прынцып – бяспека.

Бягуць уздоўж дарог правады. Яны нясуць у кожны дом электрычнасць, а разам з ёй – камфорт спажыўцам. У штодзённай мітусні не кожны з нас задумваецца, што заслуга ў гэтым – работнікаў Брагінскага РЭС.

Вынік працы — стабільнасць у энергасістэме.