— У школьныя гады Іван Шамякін не праяўляў схільнасць да літаратурнай працы. Затое сярод аднакласнікаў славіўся выдатным матэматыкам. Хлопцы літаральна біліся за магчымасць сесці побач з ім. Асабліва падчас кантрольных.
— Схільнасць да дакладных навук дапамагла Івану Шамякіну пасля заканчэння сямігодкі паступіць у Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. І вось тут адбыўся круты паварот у яго жыцці. У той час пры выданні абкама партыі ў газеце «Гомельская праўда» было арганізавана літаратурнае аб’яднанне. Шамякін уступіў у яго і прапанаваў да друку свае вершы. Аднак яны былі відавочна слабымі. Разумеючы, што крытыка можа назаўжды адбіць у юнака зацікаўленасць літаратурнай дзейнасцю, кіраўнік аб’яднання, будучы пісьменнік Дзмітрый Кавалёў, прапанаваў Шамякіну паспрабаваць свае сілы ў прозе. Атрымалася нядрэнна.
— Іван Шамякін быў добрым сем’янінам і чалавекам-адналюбам. Са сваёй будучай жонкай, Марыяй, ён пазнаёміўся яшчэ ў 5 класе. І ўжо ў 19 гадоў (1940 г.) ажаніўся. Менавіта Марылі прысвечана яго першая аповесць – «Непаўторная вясна», а таксама адзін са сваіх апошніх твораў – «Слаўся, Марыя», напісаны ўжо пасля смерці каханай. Разам, у шчаслівым шлюбе, яны пражылі 58 гадоў.
— Іван Шамякін ніколі не з’яўляўся на публіцы без гальштука. Яго павязваў, як толькі апранаў пінжак. Гэта было абавязковым правілам. У яго асабістай калекцыі налічвалася больш за 40 гальштукаў.
Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.