На Брагіншчыне падвялі вынікі першынства раёна па настольным тэнісе сярод дзяўчат і юнакоў 2010 г.н. і маладзейшых

Грамадства Спорт

Чарговая навучальная чвэрць скончана. Да наступнага года засталіся лічаныя дні, шмат хто падводзіць рысу ва ўсіх сферах свайго жыцця і нацэльвае сябе на новыя поспехі.

Так, на Брагіншчыне падвялі вынікі першынства раёна па настольным тэнісе сярод дзяўчат і юнакоў 2010 г.н. і маладзейшых. Як расказаў дырэктар Камарынскага ФСЦДіМ Мікалай Шубянок, за медалі спаборнічалі адзінацаць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

У дзяўчат лепшай стала Валерыя Сіраж (Вуглоўская СШ), срэбра – у Аксаны Катлабай (Чамярыская СШ), бронза – у Валерыі Шкурко (Буркоўская СШ).

Як адзначыла настаўніца фізічнай культуры і здароўя і кіраўнік фізічнага выхавання Вуглоўскай СШ Вікторыя Лачугіна, для яе вучаніцы Валерыі Сіраж гэта першы залаты медаль па настольным тэнісе. Раней дзяўчынка займала выключна прызавыя месцы. А зараз яна ўдзяляе гэтаму віду спорту значна больш часу.

– У Валерыі ёсць патэнцыял, гэта мы добра разумеем. Ставім яе ў пару з больш моцнымі спартсменамі, у асноўным – з юнакамі. На падрыхтоўку да першынства ў нас было ўсяго чатыры месяцы, але, як бачым, плённая праца дала свой вынік, – дадала Вікторыя Уладзіміраўна.

Сярод юнакоў перамогу святкаваў Сяргей Краўчанка, за ім размясціўся Матвей Катлабай (абодва – з Чамярыскай СШ), на трэцім месцы – Андрэй Барысенка (Брагінская СШ).

Па выніках камандных выступленняў лідарамі сталі спартсмены з Чамярыскай СШ, за імі – атлеты з Малейкаўскай СШ, замкнулі тройку прызёраў юнакі і дзяўчаты з Брагінскай СШ.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.