Футбол у Брагіне: хто і як развівае ў раёне гэты від спорту?

Галоўнае Грамадства Спорт

Футбол – гульня, якая аб’ядноўвае людзей, фарміруе характар і выхоўвае спартсменаў. У Брагіне ён стаў неад’емнай часткай жыцця многіх мясцовых жыхароў. У нас не толькі развіваецца спорт, але і расце майстэрства яго аматараў.

Гісторыя футбола ў Брагіне пачалася шмат гадоў таму. Першыя крокі ў гэтым накірунку былі зроблены дзякуючы ініцыятыве мясцовых энтузіястаў, якія арганізоўвалі турніры і спаборніцтвы. З часам цікавасць да гэтага віду спорту расла, і ў раёне сталі з’яўляцца новыя каманды. Аднак сапраўдная рэвалюцыя ў мясцовым футболе адбылася з прыходам Паўла Камагурава, трэнера-выкладчыка ДЮСШ Брагінскага раёна, які стаў рухавіком для моладзі.

Павел Канстанцінавіч, трэнер са шматгадовым вопытам, прывіў любоў да футбола не аднаму пакаленню хлапчукоў Брагіншчыны. Зараз на заняткі ўжо прыходзяць дзеці яго навучэнцаў з першых набораў.

– Для мяне важна даць хлопчыкам магчымасць праявіць сябе, раскрыць свае здольнасці і, канешне, зрабіць іх больш фізічна вынослівымі. У спорце юнакі павінны быць моцнымі, а футбол якраз вучыць іх быць акрабатамі, жанглёрамі, да таго ж развівае іх разумовыя здольнасці, – зазначае трэнер.

Такое стаўленне да працы прыносіць свой плён. Яго выхаванцы – неаднаразовыя прызёры абласных спаборніцтваў, алімпійскіх Дзён моладзі і турніраў «Скураны мяч». Павел Канстанцінавіч адзначае, што ў нас нямала перспектыўных спартсменаў. Пацвярджэнне таму – землякі, якія навучаліся ў Гомельскім абласным вучылішчы алімпійскага рэзерву і яго Мазырскім філіяле. Гэта Сяргей Луц, Раман Германенка, Андрэй Асыка і Аляксей Корхаў.

Асабліва прыемна было бачыць трэнеру сваіх вучняў на полі падчас чэмпіянату Гомельскай вобласці па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі. Большасць з іх у свой час наведвала секцыю, якую вёў Павел Канстанцінавіч. Нашы землякі годна змагаліся і давалі бой камандам нават з вялікіх гарадоў. Па выніках спаборніцтваў брагінчане занялі шостае месцы ў сваёй групе «Цэнтр», пакінуўшы за сабой Лоеў.

– Нягледзячы на вынік, пасля турніру моладзь пачала больш цікавіцца спортам. І не дзіўна, што на дамашнія гульні прыходзілі сем’ямі, – заўважыў Павел Камагураў.

Шлях самога Паўла Канстанцінавіча ў футбол пачаўся ў дзевяць гадоў у Кок-Янгоку (Кыргызстан), адкуль ён родам. Тады падчас спаборніцтваў «Скураны мяч» яго заўважылі трэнеры, якія і запрасілі ў секцыю. Неўзабаве ў 16-гадовым узросце ён стаў гуляць за каманду «Шахцёр», якая выступала ў вышэйшай лізе Кыргызстана. Бацька юнака ставіўся да заняткаў футболам спакойна, а маці хвалявалася за не зусім стабільную будучыню сына. Аднак запал да спорту ўзяў верх, і ён працягваў трэніравацца, нават калі вучыўся ў каледжы і служыў у арміі. І не дарэмна. Павел Канстанцінавіч – чэмпіён маладзёжнага чэмпіянату Кыргызстана па футболе. Выступаючы ўжо сярод дарослых, стаў прызёрам Кубка Прэзідэнта Рэспублікі Кыргызстан.

Нягледзячы на значныя поспехі ў спорце, вырашыў скончыць кар’еру гульца і пачаць развівацца ў трэнерскай дзейнасці. Будаваць яе Павел Камагураў пачаў у 1988 годзе, калі яго запрасілі працаваць у клуб «Крыстал» у Таш-Кумыры. Потым вярнуўся ў Майлі-Сай, дзе прадоўжыў трэнерскую дзейнасць, працаваў там з 1996-га па 2000 год.

– З таго часу я не толькі развіваў каманды, але і станавіўся ўсё больш дасведчаным спецыялістам. Прайшоў шлях ад аматара да трэнера, каманда якога гуляе ў вышэйшай лізе краіны. Лічу гэта асабістым поспехам, – прызнаецца Павел Канстанцінавіч.

Пасля працы ў Майлі-Сай, у 2000-м, ён пераязджае ў Брагін. На той момант тут ужо жылі яго бацькі. Таму сказаць, што ехаў у невядомасць, нельга. Праз тры гады ўладкаваўся на працу ў ДЮСШ Брагінскага раёна. Дапамагчы вывесці футбол у раёне на новы ўзровень яго асабіста запрасіў дырэктар установы Уладзімір Корхаў.

І менавіта тут, у Брагіне, пачаўся новы этап у кар’еры. Павел Канстанцінавіч не толькі вучыў дзяцей гуляць у футбол, але і фарміраваў іх характар, прывіў дысцыпліну і адказнасць.

Сёння Павел Камагураў вядзе заняткі з трыма групамі юных футбалістаў. Ён упэўнены, што футбол – гэта не толькі спорт, але і школа жыцця, дзе юнакі вучацца працаваць у камандзе, падтрымліваць адзін аднаго і дасягаць пастаўленых мэтаў:

– Зараз у мяне займаюцца тры групы па 12–13 чалавек. Самым маленькім дапамагаю развіваць фізічныя здольнасці, авалодваць базавымі навыкамі. Заняткі з імі працягваюцца па дзве гадзіны. У старэйшых хлопчыкаў трэніроўкі ідуць па тры гадзіны. У іх ужо закладзена база, таму проста ўдасканальваем і паралельна выпрацоўваем узаемадапамогу і згуртаванасць на полі.

За гады трэнерскай дзейнасці Павел Канстанцінавіч упэўніўся, што для развіцця любога віду спорту патрэбна падтрымка федэрацыі, кіраўніцтва раёна, зацікаўленых спонсараў. Усё гэта спрыяе ўмацаванню базы, на якой і растуць будучыя зоркі спорту.

Але нельга забываць, што патрэбна ўдасканальваць і свае навыкі. У 2021 годзе Павел Канстанцінавіч прайшоў курсы Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» і атрымаў трэнерскую ліцэнзію UEFA «D». Праграма заняткаў распрацавана сумесна са спецыялістамі Еўрапейскага Саюза футбольных асацыяцый. Трэнерская ліцэнзія «D» з’яўляецца першай прыступкай трэнерскай адукацыі UEFA.

Акрамя гэтага, Пётр Канстанцінавіч з’яўляецца намеснікам старшыні раённага грамадскага аб’яднання «Ветэраны фізічнай культуры і спорту». Разам з яго старшынёй Міхаілам Залугоўскім арганізоўваюць спаборніцтвы для тых, хто займаецца спортам не на паказчык, а для душы.

Без укладу Паўла Канстанцінавіча поспехі нашых землякоў у футболе былі б не такія заўважныя. Дзякуючы яго адданасці справе, уменню знаходзіць падыход да кожнага дзіцяці і імкненню паляпшаць вынікі футбол у раёне развіваецца, адкрываючы новыя гарызонты для юных талентаў.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.