Дзякуй, школа, за веды! Другога лістапада ў Буркоўскай сярэдняй школе адзначылі 160-годдзе з дня заснавання ўстановы

Важнае Грамадства

У яе сценах сабраліся настаўнікі, ветэраны педагагічнай працы, выпускнікі розных гадоў, навучэнцы школы, іх бацькі, а таксама ганаровыя госці.

Са знамянальнай датай прысутных, калектыў установы павіншавалі намеснік старшыні Брагінскага райвыканкама Раман Цеслянок, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Даўжанок і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталія Каваленка.

Яны выказалі словы ўдзячнасці за самаадданую і зладжаную працу, вернасць сваёй справе, захаванне традыцый, пажадалі далейшага плёну ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення.
Словы віншаванняў выказаў таксама былы дырэктар школы Ігар Самбук. Ён падзякаваў педагогам-ветэранам за вялікі ўклад у станаўленне традыцый школы, пажадаў ім здароўя і даўгалецця.

Сярод тых, хто не расказаў пра дабро, а ствараў яго, укладаў душу, запальваў маяк ведаў, каб караблі не збіваліся са шляху, – ветэраны педагагічнай працы Марыя Іванаўна Раманюк і Ларыса Іванаўна Такарская. Дзякуючы такім настаўнікам, якія стваралі традыцыі, стаялі каля вытокаў, жыве і зараз школьная сям’я у якой педагогі і бацькі, вучні і былыя выпускнікі – адно цэлае.

Асабліва кранальным стаў момант, калі слова было прадастаўлена былым выпускнікам. Яны падзяліліся сваімі ўспамінамі і ўдзячнасцю за тое, што школа была для іх не толькі месцам атрымання ведаў, але і важнай часткай іх жыцця. Яны расказалі пра пошук свайго шляху і пра сяброўства, якое захавалася на ўсё жыццё, дзякуючы школе.

Буркоўская школа – адна з найстарэйшых у раёне. З 1864 г. яна была царкоўна-прыхадскай, з 1917 па 1929 год – пачатковай, а першы выпуск базавай школы адбыўся ў 1936 г. (тады яшчэ была сямігадовая адукацыя.) У 1969 годзе яна атрымала статус сярэдняй.

За гэтыя гады каля школьнага штурвала стаялі шэсць дырэктараў. І ўсе яны вялі вучняў скрозь хвалі гадоў, урокаў і званкоў да экзаменаў – запаветнага прычала. Сярод іх Уладзімір Кузьменка, Данііл Лук’яненка, Аляксей Лугаўнёў, Леанід Галезнік, Ігар Самбук і Святлана Кудасава. І вось ужо на працягу 11 гадоў калектыў сярэдняй школы ўзначальвае Людміла Каваленка.

Напрыканцы ўрачыстасці яна, разам з вучнямі запаліла свечкі на юбілейным торце. А ўсе прысутныя загадалі жаданне, якое абавязкова збудзецца!

Анжаліка РАМАНЮК
Фота аўтара

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.