Вайна народная. Бясстрашны і бескампрамісны: які след на беларускай зямлі пакінуў легендарны дыверсант Ілля Старынаў

«Вайна народная» Грамадства Праекты "МП" - 2024 Проекты "МП"

Пасёлак Чонкі, што недалёка ад Гомеля, ведаюць многія, і больш – як зону адпачынку. Няспешны Сож, велічны лес – мясцовасць прыгожая. Блізка абласны цэнтр. У маі 1922 года тут, на базе загарадных купецкіх дач, арганізавалі аднайменную здраўніцу, якую сёння добра ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. А ў верасні 2019-га на тэрыторыі санаторыя ўрачыста адкрылі памятны знак у гонар Іллі Старынава – аднаго з заснавальнікаў савецкага спецназу, аса разведвальна-дыверсійнай работы ў ваенныя гады. Яго дзейнасць доўгі час была засакрэчана, і сам ён атрымаў вядомасць толькі ў 90-я, калі змог пра яе расказаць.

Першыя згадванні аб унікальных аперацыях Старынава з’явіліся ў друку больш чым праз 10 гадоў пасля Вялікай Айчыннай. А першая кніга яго ўспамінаў «Запіскі дыверсанта» выдадзена ў 1997 годзе. І менавіта там аўтар піша, што частку ліпеня і жніўня 1941 года ён правёў у аператыўна-вучэбным цэнтры па падрыхтоўцы дыверсантаў для дзеянняў у тыле праціўніка, які  размяшчаўся на базе абкомаўскіх дач у Чонках. Факт, безумоўна, цікавы. Як і сама асоба Старынава – выдатнага ваеннага дзеяча, удзельніка трох войнаў: Грамадзянскай, савецка-фінскай і Вялікай Айчыннай, а таксама баявых дзеянняў у Іспаніі. Ці, адным словам, чалавека-легенды. Партызанскай барацьбе ён прысвяціў усё сваё жыццё.

Многія гісторыкі лічаць, што Ілля Старынаў увайшоў у кагорту лепшых «дыверсантаў Сталіна» разам з генераламі і кіраўнікамі буйнейшых аперацый дваццатага стагоддзя. Неаднаразова ён быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза, але Залатую Зорку так і не атрымаў. І трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса як адзіны чалавек на свеце, які праслужыў у чыне палкоўніка 62 гады. Кар’еру псавала залішняя прамата – не баяўся і не саромеўся гаварыць любому ўсё, што думае. Ён рана зразумеў, што з мінамі і ўзрыўчаткай справу мець нашмат бяспечней, чым з кабінетнымі начальнікамі.

Уражвае, дарэчы, нават кароткі пералік падзей, што напаўняюць доўгую біяграфію легендарнага дыверсанта. Ён нарадзіўся 2 жніўня 1900 года ў сям’і пуцявога абходчыка. Аб цяжкім дзяцінстве пазней успамінаў так: «Сям’я складалася з 8 чалавек, а жылі ўсе ў адным пакоі, спалі на двух’ярусных  нарах. Летам бегалі босыя, усё адзін за адным даношвалі.  З 8 гадоў я ўжо пачаў зарабляць грошы, збіраў грыбы і ягады і разам з маці прадаваў на базары. З 12 гадоў працаваў вартаўніком на тарфяной машыне, падтрымліваў у ёй агонь».

Аднойчы бацька хлопчыка, каб папярэдзіць машыніста, што на пуцях трэснула рэйка, паклаў на іх петарды. І такім чынам, дзякуючы выбухам,  састаў удалося спыніць. А ўбачанае настолькі ўразіла маленькага Іллю, што, магчыма, прадвызначыла яго лёс. Пасля Грамадзянскай вайны, падчас якой удзельнічаў у баях супраць Дзянікіна і Урангеля, ён вырашыў застацца ва ўзброеных сілах. Спачатку скончыў Варонежскую школу ваенна-чыгуначных тэхнікаў, потым – Ленінградскую ваенна-транспартную акадэмію.

Яшчэ ў маладыя гады, будучы начальнікам падрыўной каманды чыгуначнага палка ў Кіеве, пачаў задумвацца над распрацоўкай партатыўнай міны, якую можна было б выкарыстоўваць для падрыву воінскіх эшалонаў. Яна, як добра разумеў практык, павінна быць зручная, простая, надзейная, а ўзрывальнік да яе – бездакорны.

Вялікая заслуга Старынава менавіта ў тым, што ён даў савецкай краіне асаблівыя міны. Вага іх была ад 0,4 да 10 кг. І невялікая група магла пусціць пад адхон цэлы воінскі эшалон. Пры крушэнні выкарыстоўвалася не толькі сіла выбуху, але і кінетычная энергія цягніка, якая ўзмацняла разбурэнне рухомага састава і павялічвала прычыненыя страты.

Нельга не прыгадаць, дарэчы, знакамітую ПМС, ці «противопоездную мину Старинова», якая карысталася ў партызан Вялікай Айчыннай вайны такой жа папулярнасцю, як  «Т-34» у танкістаў і «Як-3» у лётчыкаў-знішчальнікаў.

Прафесійнай падрыхтоўкай кадраў, якія ў выпадку вайны павінны былі ажыццяўляць дыверсіі ў тыле войск праціўніка, Старынаў пачаў займацца з 1929 года. І, думаю, далёка не кожнаму вядома, што ў пачатку 1930-х абарона СССР на яго заходніх рубяжах будавалася на развітай сетцы партызанскіх фарміраванняў. Меркавалася, што армія праціўніка, якая пяройдзе дзяржаўную граніцу і паглыбіцца ў савецкую тэрыторыю да сотні кіламетраў, падыдзе да ўмацаваных раёнаў і загрузне ў пазіцыйнай вайне. А ў гэты момант у тыле ворага разгорнуць свае дзеянні партызаны. І праз пэўны час праціўнік, пазбаўлены падвозу боепрыпасаў, вымушана адступіць. А за ім пойдуць партызанскія фарміраванні, якія прадоўжаць дыверсіі ўжо на варожай тэрыторыі. У выпадку неабходнасці ім дазваляўся пераход дзяржаўнай граніцы.

Гэта была дастаткова прадуманая сістэма, разлічаная як на абарону, так і на атаку. Аднак у 1937 годзе яе знішчылі па рашэнні кіраўніцтва краіны, і ў перыяд Вялікай Айчыннай давялося ўсё ствараць зноў. Старынаў пазней называў такую пазіцыю вялікай памылкай. На яго думку, калі б гэтага не адбылося, то разбіць нямецкую армію ўдалося б значна раней і з куды меншымі стратамі.

У лістападзе 1936-га Іллю Рыгоравіча адазвалі ў распараджэнне разведкі і накіравалі ў Іспанію. Там ён стаў савецкім інструктарам іспанскіх партызан пад імёнамі Рудольф і Вальдэмар, сфарміраваў батальён спецыяльнага прызначэння рэспубліканскай арміі (правобраз савецкага спецназу). І менавіта пад кіраўніцтвам Старынава байцы нанеслі шэраг сакрушальных удараў па арміі Франка. Іх нечаканыя, у дакладна прадуманых месцах атакі выводзілі са строю дзясяткі стратэгічных аб’ектаў.

На радзіму Старынаў вярнуўся ў канцы лістапада 1937 года – у самы разгар «вялікай чысткі». Яго баявыя поспехі ў Іспаніі былі адзначаны найлепшым чынам, а калі ён прыбыў у Маскву, атрымалася, што ўсе яго знаёмыя і паплечнікі – «ворагі народа». Афіцэра, які рыхтаваў дакументы для прадстаўлення Іллі Рыгоравіча да звання Героя Савецкага Саюза, расстралялі па сфабрыкаваным абвінавачванні. Ды і самога Старынава выратавала толькі заступніцтва наркама абароны Варашылава. Пасля Іспаніі ён стаў палкоўнікам, і больш у званні яго не павышалі.

Веды і ўменні выдатнага ваеннага дзеяча, яго дыверсійны талент спатрэбіліся роднай краіне, калі пачалася Вялікая Айчынная. Яна застала яго ў камандзіроўцы ў Кобрыне.

Спачатку, праўда, ідэя Старынава разгортваць партызанскую вайну на акупіраваных тэрыторыях выклікала толькі раздражненне ў Маскве. Але ён атрымаў падтрымку ў Беларусі – у першага сакратара ЦК Кампартыі Панцеляймона Панамарэнкі, якога зацікавіла прапанова арганізаваць спецыяльныя школы, дзе б навучалі тактыцы партызанскіх дзеянняў і паказвалі, як рабіць усемагчымыя міны і прымяняць іх у варожым тыле. Як у трыццатыя гады. Так у Рославе Смаленскай вобласці пры штабе Заходняга фронту з’явіўся аператыўна-вучэбны цэнтр на чале са Старынавым. Але ў ліпені ён спешна пераводзіцца пад Гомель:

«На досвітку 17 ліпеня я атрымаў загад перабазіраваць аператыўна-вучэбны цэнтр у Чонкі, што пад Гомелем: напярэдадні вораг захапіў  Смаленск, і становішча пагаршалася.

Пастаянны састаў АВЦ і работнікі ЦК Кампартыі Беларусі дабіраліся да Чонкаў праз Мглін. Забітыя бежанцамі і рыкаючай жывёлай вуліцы  Мгліна нагадвалі Валенсію 1936 года. З Мгліна, не затрымліваючыся, мы павярнулі ў бок Унечы, прыпынак зрабілі ў Клінцах. Эвакуацыя і тут ішла поўным ходам.

Калі прыбылі ў Гомель, размясціліся ў так званых «абкомаўскіх дачах». Месца – лепшага не прыдумаць: лясы і чыгунка паблізу.

Заняткі пачалі, як толькі разгрузілі машыны, размясцілі маёмасць і людзей. На падрыхтоўку партызанскай групы адводзілася ўсяго 60 гадзін, разоў у пятнаццаць менш, чым калісьці, у пачатку трыццатых гадоў. Але нічога не зробіш – вайна, становішча крайне цяжкае…».

Будучым байцам тлумачылі, што гітлераўская армія поўнасцю залежыць ад дастаўкі папаўнення, боепрыпасаў і ўзбраення з глыбокага фашысцкага тылу. А масавыя дыверсіі партызан здольны паралізаваць ворага і адначасова прымусіць яго адмовіцца ад жорсткіх рэпрэсій супраць мірных людзей. Праводзіць такія аперацыі рэкамендавалася воддаль ад населеных пунктаў, жыхары якіх дапамагаюць партызанам.

У хуткім часе, дарэчы, цэнтр разгарнуў работу двух падраздзяленняў: спецшкол у Маркавічах і Мазыры. У першай праходзілі навучанне ваеннаслужачыя 53-га палка НКУС. А ў другой да правядзення дыверсій рыхтавалі жанчын. Галоўная ўмова: камсамолкі і правераныя беспартыйныя, якія не ведалі адна адну па мінулай рабоце. Дзейнічаць потым у тыле ворага ім патрэбна было ў адзіночку.

Час ішоў, і вораг падыходзіў да Гомеля. На календары – сярэдзіна жніўня. «Панамарэнка прасіў тэрмінова выехаць у Арол. Уручаючы пісьмо да першага сакратара Арлоўскага абкама таварышу Байцову, Панцеляймон Кандратавіч сказаў, каб я дамовіўся аб размяшчэнні АВЦ і дапамог наладзіць падрыхтоўку партызан на Арлоўшчыне.

Размова вялася пад абвальны грукат блізкай бамбёжкі і рэзкія, адрывістыя стрэлы зенітнай зброі. Літаральна праз дзве-тры гадзіны з невялікай групай пагранічнікаў з АВЦ мы крануліся ў новую дарогу».

Паводле існуючых звестак, школай, якая дзейнічала ў пачатку вайны ў Чонках, было падрыхтавана і перакінута на часова акупіраваную ворагам тэрыторыю 184 групы, у складзе якіх налічвалася 1424 чалавекі. У тым ліку за лінію фронту – 131 група (902 чалавекі). У асноўным партызанская і дыверсійная работа з іх удзелам ажыццяўлялася ў пунктах, маючых ваеннае значэнне: у Оршы, Віцебску, Бабруйску, Асіповічах, Мінску, Слуцку, Гомелі і прылеглых да іх раёнах, што знаходзяцца паблізу ад чыгунак.

«Людзі да нас ішлі і ішлі. Цудоўныя людзі! Многія маглі б выехаць у Сібір ці Сярэднюю Азію, пазбегнуць жахаў вайны, аднак вырашылі ісці ў тыл ворага і выконваць небяспечныя заданні, каб уласнай ратнай працай і подзвігам наблізіць час перамогі», – адзначаў Старынаў.

«Рэйкавая вайна» ў Беларусі пачыналася менавіта імі. Але часта забываюць, што першыя дыверсіі супраць нямецкіх захопнікаў на чыгунцы паспяхова ажыццяўляліся яшчэ ў самым пачатку Вялікай Айчыннай.

Сам жа Старынаў даказваў, што больш эфектыўны падрыў не рэек, якія немцы маглі хутка аднавіць, а эшалонаў. Ён пастаянна выступаў за тое, каб нарасціць пастаўкі партызанам мін і ўзрыўчаткі для арганізацыі маштабных дыверсій на чыгунках.

Падводзячы вынікі сваёй дзейнасці ў першай палове дваццатага стагоддзя, Ілля Рыгоравіч назваў важнейшыя, на яго думку, дасягненні. Так, навучаныя непасрэдна ім інструктары ў перадваенныя гады падрыхтавалі звыш 1000 кваліфікаваных партызан. А ў перыяд Вялікай Айчыннай – больш за 5000 дыверсантаў, разведчыкаў і падрыўнікоў. Толькі праз аператыўна-вучэбны цэнтр Заходняга фронту прайшлі 1600 чалавек.

Пасля вайны Старынаў працаваў у Вышэйшай школе КДБ, якая размяшчалася ў падмаскоўнай Балашысе. Пайшоў з жыцця, перасягнуўшы 100-гадовы рубеж. Ён ніколі не курыў і не сябраваў з алкаголем. Але сакрэт свайго доўгажыхарства бачыў у іншым – пастаяннай працы на карысць Радзімы. Ён стаў прафесарам, аўтарам 150 манаграфій, двух аўтабіяграфічных кніг, шэрагу навуковых даведнікаў. Узнагароджаны 18 баявымі ордэнамі і 40 медалямі, трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса як адзіны чалавек на свеце, які праслужыў у чыне палкоўніка 62 гады. Памёр і пахаваны ў Маскве. А яго біяграфія працягвае натхняць новыя пакаленні.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

*У юбілейны год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы працягваем рэалізацыю новага праекта, прысвечанага гістарычным падзеям Вялікай Айчыннай. Яго назва –  «Вайна народная» – гаворыць сама за сябе. І здаецца, што тэма народнага супраціўлення фашызму ў тыле ворага даўно вывучаная і добра вядомая. Аднак кожны новы зварот да архіўных матэрыялаў, дакументальнай хронікі, літаратурных і іншых крыніц адкрывае нам малавядомыя, але даволі цікавыя і значныя факты з гісторыі партызанскага і падпольнага руху. Таму лічым сваім журналісцкім абавязкам данесці іх да чытачоў, праўдзіва і аб’ектыўна адлюстраваць карціну гераічнага і трагічнага мінулага, паказаць асабісты ўклад беларускіх партызан і падпольшчыкаў, у тым ліку мясцовых, у Вялікую Перамогу.

Сучаснае і будучыя пакаленні павінны ведаць, што Беларусь заслужана атрымала ганаровае званне  рэспублікі-партызанкі, і выхоўвацца на прыкладах высокага патрыятызму.

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту. Працяг будзе.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.