Для землякоў гэтая гульня стала апошняй у сезоне ў рамках чэмпіянату Гомельскай вобласці па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі.
З першых секунд госці ўключыліся ў барацьбу, стваралі мноства небяспечных момантаў каля варот брагінчан. Нашы футбалісты не былі гатовы да такога ціску, улічваючы вынікі першага матча з Лоевам на выездзе: перамаглі гаспадароў з лікам 0:8. Здавалася, што суботняя гульня павінна быць такой жа лёгкай. Аднак сапернік намеціў іншае. Праход да варот – і мяч лаяўчан дасягнуў сваёй мэты, госці павялі ў ліку. Пасля нечаканага гола брагінчане зразумелі, што недаацанілі спарынг-партнёраў, і гульня стала больш асцярожнай. Адзначыў гэта і старшы інспектар Брагінскага райвыканкама Юрый Крываручка.
– З самага пачатку стала зразумела, што лаяўчане рыхтаваліся да матча, яны значна ўзмацнілі склад каманды. Для дзвюх дружын гульня – апошняя ў чэмпіянаце, таму госці былі нацэлены на перамогу і першыя балы ў турніры.
Але ўжо на восьмай хвіліне матча брагінчане зраўнялі лік. Гульня была напружаная і багатая на яркія моманты, толькі ні ў адной з каманд дабіцца паўтарэння поспеху ў першым тайме не атрымалася.
Пасля перапынку ў нашай камандзе – замены і перастаноўкі. На полі – абаронца, памяняліся флангавыя гульцы, а футбаліста з цэнтра паставілі ў абарону. Усё – па прымаўцы «выйграем цэнтр – пераможам у матчы». Так і адбылося. Дзякуючы правільным рашэнням напрыканцы другога тайма забілі два галы. Прычым за шэсць і адну хвіліны да завяршэння, не пакідаючы сапернікам шанцаў адыграцца. Пасля фінальнага свістка нашы футбалісты запісалі на свой рахунак яшчэ тры балы і скончылі выступленне ў чэмпіянаце на шостым месцы ў сваёй групе «Цэнтр», пакінуўшы за сабой Лоеў.
Вынікі турніру падвёў Юрый Уладзіміравіч:
– Спаборніцтвы паказалі, што мы можам даваць бой камандам нават з вялікіх гарадоў. Брагінчане гараць футболам і хочуць развівацца – гэта вельмі важна. Адзначу, што ёсць рост. У першых матчах мы не маглі зрабіць 2–3 пасы ў сябе ў штрафной, аддавалі цэнтр поля і спрабавалі абараняцца. У другім крузе гэта ўжо адпрацавалі і маглі гуляць у пас, цэнтр поля закрывалі заўсёды надзейнымі гульцамі. Характар брагінчан, якія ніколі не здаюцца да апошніх хвілін, на полі паказвала і моладзь. Мы забівалі там, дзе ад нас наогул нічога не чакалі, паказвалі характар, дзе сіл на гульню ўжо не было. Канешне, у некаторых момантах не хапае вопыту, але ж трэба развівацца. Дзякуй камандзе, што падарыла шмат яркіх эмоцый як у хатніх, так і на выязных матчах!
Гэты чэмпіянат стаў не толькі тэстам для каманды, але і важнай падзеяй для ўсяго раёна. Матчы ў рамках турніру прыцягвалі ўвагу мясцовых жыхароў. Падтрымка балельшчыкаў стварала атмасферу, якая спрыяла росту каманднага духу і ўпэўненасці гульцоў на полі. Футбол стаў сімвалам гонару за свой раён. Каманда Брагіна, гуляючы на мясцовым стадыёне, стала адлюстраваннем агульнага жадання паляпшаць і праслаўляць свой край. Падтрымку землякоў адчуваў і варатар Пётр Сачанка:
– Дзякуючы гэтаму чэмпі-янат пакінуў у мяне яркія ўражанні. Я адчуў, што наша каманда можа быць дружнай і згуртаванай. Вядома, былі ноткі няўпэўненасці, але пасля першага круга мы ўсё мацней хацелі паказаць той футбол, у які ўмеем гуляць. Кожны да канца турніру раскрыўся.
Пётр расказвае, што матчы такога ўзроўню дадаюць упэўненасці. А быць варатаром – удвая адказна. Пасля кожнай гульні ён стараўся аналізаваць свае памылкі.
– Прадстаўляць Брагінш-чыну для мяне гонар. Пасля раённага першынства па міні-футболе Юрый Крываручка прапанаваў выступаць за наш мясцовы клуб. Я без роздуму пагадзіўся, бо для мяне гэта вялікі вопыт. Як казаў мой першы трэнер па футболе Павел Камагураў, «футбол трэба любіць». Я хачу, каб дзеці, прыходзячы на стадыён, гледзячы на матч сваёй каманды, імкнуліся да таго, каб, пасталеўшы, выйсці і гуляць за родны Брагін. Упэўнены, што ў нашым раёне футболу быць, а чэмпіянат у рамках другой лігі – толькі пачатак. Хачу падзякаваць усім, хто верыў у нас, падтрымліваў, перажываў і быў увесь гэты час з намі. Трэнеру – за давер, камандзе – за гульню і згуртаванасць. Будзе новы сезон, і мы абавязкова сустрэнемся на стадыёне нашага райцэнтра!
Футбаліст брагінскай каманды Ягор Шынкарэнка таксама ўпэўнены, што чэмпіянат даў вялікі зачын.
– Улічваючы, што на трыбунах прысутнічала вялікая колькасць дзяцей, думаю, што ўдзел нашай дружыны ў чэмпіянаце натхніў іх запісацца ў футбольную секцыю ДЮСШ. Спорт згуртаваў жыхароў Брагіншчыны, людзям падабалася прыходзіць на трыбуны, каб не толькі паглядзець матчы, але і абмеркаваць іх, – канстатуе футбаліст.
Па меркаванні Ягора расказвае, майстэрства каманды расло з кожным спарынгам. Спачатку не было выразна пастаўленай гульні ў пас, многія губляліся, атрымліваючы мяч. Але прыкладна праз 2–3 матчы футбалісты пачалі адчуваць адзін аднаго і з цягам часу сталі адзінай камандай. Пад канец турніру з’явілася выразная гульня, была створана вялікая колькасць яркіх момантаў нават у матчах з фаварытамі. Таму ўражанні засталіся станоўчыя.
– Я вельмі рады, што сёлета Брагін запрасілі паўдзельнічаць у другой лізе. Мы разумелі, што ў сваёй групе будзем аўтсайдарамі, але не пабаяліся выкліку і прынялі ўдзел. Гэта дало магчымасць раскрыцца моладзі і ажыццявіць дзіцячыя мары ўзроставым спартсменам. Усе выкладваліся на 100% у кожнай гульні. Таксама дзякуючы добрай падтрымцы балельшчыкаў у нас многае атрымлівалася ў дамашніх матчах. На гасцявыя спарынгі ездзілі з добрым настроем. Увогуле, для першага разу выступілі годна, – дадае зямляк.
Старшы інспектар Брагінскага райвыканкама адзначыў, што сем’і прыходзілі на матчы разам з дзецьмі, а выхаваць любоў да спорту вельмі важна для раёна.
– Дзякуй усім, хто падтры-мліваў нас і быў з камандай увесь сезон. А таксама арганізацыям, якія гарантавалі бяспеку і медыцынскую дапамогу падчас матчаў. І, канешне, ДЮСШ Брагінскага раёна за своечасовую падрыхтоўку стадыёна да матчаў.
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.