Зіма, Новы год, Нараджэнне Хрыстова… А ў школьнікаў яшчэ на гэтыя дні прыпадаюць і канікулы. У планах – не толькі падаўжэй паспаць, але і атрымаць зарад бадзёрасці ад гульняў і забаў на свежым паветры, упрыгожыць ёлку, паклапаціцца пра падарункі для родных і сяброў, весела сустрэць свята. Чароўная атмасфера, радасны настрой, станоўчыя эмоцыі гарантаваны.
Каб адпачыць ад урокаў, падручнікаў і сшыткаў, вучням пасля другой чвэрці адводзіцца 15 дзён. І не прагадаюць тыя, хто аддаў перавагу лагерам дзённага знаходжання. На Брагіншчыне яны будуць працаваць на базе ўсіх устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі з ахопам 195 хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе – 20. У праграме – пазнавальныя экскурсіі, вясёлыя гульні, захапляльныя конкурсы, спартыўныя і іншыя мерапрыемствы.
Па традыцыі зімовы адпачынак напоўняць казачнай атмасферай ранішнікі і тэатралізаваныя прадстаўленні з карагодамі вакол ёлкі, падарункамі ад Дзеда Мароза і Снягурачкі. Больш за 200 юных жыхароў раёна прымуць удзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх навагодніх урачыстасцях у рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.
Будзе магчымасць і ў саміх вучняў далучыцца да грамадска карысных спраў, стварыць добры настрой іншым. У прыватнасці, падчас рэспубліканскай акцыі для людзей сталага ўзросту «Ад усёй душы». Школьнікі накіруюцца да сваіх старэйшых землякоў – ветэранаў вайны і працы, каб сагрэць іх у гэтыя зімовыя дні ўвагай: павіншаваць з навагоднімі святамі і ўручыць падарункі, зробленыя ўласнымі рукамі.
Максімальна заняць непаўналетніх, не дапусціць здзяйснення імі неабдуманых учынкаў, захаваць здароўе і жыццё – мэта міжведамаснай прафілактычнай акцыі “У новы год без правапарушэнняў”, якая пройдзе ў раёне на працягу канікул. У планах – сустрэчы вучняў з супрацоўнікамі міліцыі, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, аховы здароўя, іншых структур. Яны разам з дзецьмі абмяркуюць, якую пагрозу нясуць алкаголь, цыгарэты і наркотыкі, чым можа абярнуцца парушэнне правілаў дарожнага руху, пажарнай бяспекі, выхад на тонкі лёд і г.д. Прадугледжаны таксама ў мэтах прафілактыкі і выхаваўчага ўздзеяння рэйды, акцыі, экскурсіі, распаўсюджванне наглядна-агітацыйнай прадукцыі.
Для дзяцей зімовыя канікулы – час цудаў, выканання жаданняў, а для дарослых – павышнай адказнасці. Патрэбна зрабіць усё, каб “адпускны” перыяд у школьнікаў прайшоў весела, цікава, з карысцю і без непрыемнасцей.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА