Дата, якая нагадвае нам аб трагічнай старонцы ў гісторыі, устаноўлена ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні вязняў аднаго з буйнейшых нацысцкіх канцлагераў – Бухенвальда, якое адбылося 11 красавіка 1945 года. Праз гэтую фабрыку смерці за час яе існавання (1937–1945) прайшло больш за 200 тысяч чалавек. Спачатку гэта былі нямецкія палітвязні, а ў гады Другой сусветнай вайны – прадстаўнікі многіх іншых нацыянальнасцей. Там загубілі звыш 56 тысяч жыццяў, у тым ліку 19 тысяч савецкіх ваеннапалонных. Вязні, якія ажыццявілі паўстанне, такім чынам выратаваліся, бо напярэдадні гітлераўскія ўлады аддалі загад аб іх фізічным знішчэнні. Дзякуючы гэтаму бунту ў фашыстаў не атрымалася замесці свае крывавыя сляды.
На Нюрнбергскім працэсе ў 1946 годзе, калі праходзіў сусветны суд над нацыстамі, міжнародны трыбунал прызнаў, што заключэнне ў няволю мірных грамадзян замежных дзяржаў, выкарыстанне ў прымусовым парадку іх працы ў інтарэсах Германіі з’яўляецца не толькі ваенным злачынствам. Яно было кваліфікавана як злачынства супраць чалавецтва.
Варта прывесці факт, што ў гады Другой сусветнай вайны дзейнічалі больш за 14 тысяч канцлагераў. Прыгадаем Асвенцім, Заксенхаўзен, Дахау, Равенсбрук, Майданэк, Трэблінку… Усе гэтыя і многія іншыя месцы на карце Еўропы былі пераўтвораны ў жорны смерці, сродкі масавага знішчэння людзей. У іх утрымлівалася больш за 18 мільёнаў чалавек, з якіх выжылі толькі сем мільёнаў. Многія не вытрымалі жорсткіх умоў эксплуатацыі, пабояў і здзекаў, непасільнай працы. А колькі зажыва спаленых у крэматорыях, загубленых у газавых камерах, у выніку медыцынскіх эксперыментаў… Жудасна, страшна і бесчалавечна.
Канвееры смерці працавалі як гадзіннік і былі для нацыстаў не толькі метадам запалохвання і паказчыкам панавання, але і крыніцай даходу. Па прызнаннях эсэсаўцаў, кожны вязень, працягласць жыцця якога ў лагерах смерці складала менш за год, прыносіў трэцяму рэйху паўтары тысячы рэйхсмарак чыстага прыбытку.
Вядома, што кампанію “добраахвотнай вярбоўкі” працоўнай сілы на работу ў Германію гітлераўцы распачалі ў нашай краіне ўжо ў 1941-м. Каб заманіць ахвяр у сваю пастку, фашысцкая прапаганда не скупілася на абяцанні, паказваючы ў ружовым святле нямецкі “рай”. Людзям абяцалі, што ў рэйху яны будуць мець добры заробак, жыллё, магчымасць “пабачыць Захад” і г.д. Але поспеху гэтыя абяцанкі не прынеслі. Калі “добраахвотная” кампанія сарвалася, акупанты пачалі літаральна паляваць на людзей. Фашысты ішлі на ўсё, каб выканаць план “мабілізацыі” працоўнай сілы. Паліцыя праводзіла масавыя аблавы, арыштоўвала працаздольных і гвалтоўна адпраўляла іх у Германію.
На асобным уліку ў акупантаў былі жыхары партызанскіх зон. Яны аб’яўляліся “бандытамі” ці іх саўдзельнікамі, ставіліся па-за законам і падлягалі знішчэнню ці вывазу ў рабства.
Усяго з Беларусі гітлераўцам удалося вывезці ў Германію каля 400 тысяч жыхароў, у тым ліку з Брагінскага і Камарынскага раёнаў – больш за дзве тысячы. Многія з іх загінулі ў няволі.
Сотні месцаў прымусовага ўтрымання дзейнічалі ў перыяд акупацыі і на тэрыторыі нашай краіны. “Для грамадзянскага насельніцтва фашысты стварылі цэлую сістэму канцлагераў, называючы іх “жаночымі”, “працоўнымі”, “лагерамі СД”, “штрафнымі”, “гета” і г.д. Сутнасць была адна: усе яны з’яўляліся месцамі прымусовага заключэння, лагерамі смерці, механізмам для масавага знішчэння людзей”, – адзначаецца ў кнізе «Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі 1941–1944 гг.», выдадзенай у 1995 годзе.
Існуюць звесткі, што ў Брагіне ў 1941-м таксама існавала гета. Больш за 600 яго вязняў расстралялі або закапалі жывымі ў дзвюх вялікіх ямах у раёне цяперашняй вуліцы Набярэжнай.
У кожнага, хто прайшоў праз такое пекла і выжыў, свой лёс, свае ўспаміны пра тыя страшныя дні, калі кожная хвіліна, кожны крок маглі стаць апошнімі. На Брагіншчыне зараз пражываюць 10 былых вязняў фашысцкіх канцлагераў. Усе яны тады былі дзецьмі…
Каб ведаць і разумець, што ўяўляе сабой нацызм, пра такое забываць нельга.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА