Чацвёртая хваля COVID-19 прыйшла ў Беларусь

СтопCOVID

Чацвёртая хваля COVID-19 прыйшла ў Беларусь. Аб гэтым паведаміў  міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

«Па-першае, мы яе анансавалі. Згодна з ходам эпідпрацэсу, гэта хваля павінна была прыйсці, і яна накладваецца на класічную нашу сезонную эпідэміялагічную сітуацыю, характэрную для Беларусі ў гэту пару года. На жаль, і тэмпературны рэжым садзейнічае. Таму рост захваральнасці мы фіксуем. На жаль, амаль на самых высокіх лічбах, якія былі і раней зафіксаваны», — сказаў Дзмітрый Піневіч.

Паводле яго слоў, «праблема ў тым, што гэтыя высокія лічбы паўтараюцца дзень пры дні, у тым ліку па паказчыку шпіталізацыі».

Пры гэтым Дзмітрый Піневіч запэўніў, што «якой-небудзь надзвычайшчыны ў гэтым няма», аднак сітуацыя патрабуе ўсялякага напружання сіл сістэмы аховы здароўя, тых рэсурсаў, якія планаваліся і задзейнічаны згодна з планамі Міністэрства аховы здароўя.

У сувязі з гэтым міністр звярнуў увагу, што з чарговай хваляй COVID-19 удасца справіцца перш за ўсё вакцынацыяй.

«Я паглядзеў цяжкіх пацыентаў — у рэанімацыях вакцынаваных пацыентаў няма. Калі размяўляю з пацыентамі ў аддзяленні, задаю абсалютна слушнае пытанне: чаму не вакцынаваліся? Адвечнае «а можа», якое гучала сёння амаль ад усіх пацыентаў, мяне калі не засмучае, то прынамсі падштурхоўвае да таго, што мы празмерна павінны актуалізаваць пытанне ўсвядомленага прыходу на вакцынацыю», — сказаў Дзмітрый Піневіч.

Ён падкрэсліў: вакцынаваўшыся, чалавек абараняе не толькі сябе, а калі ён больш-менш маладога ўзросту — не столькі сябе, а навакольных: сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў.

«Ты ўносіш уклад у перамогу над гэтай пандэміяй», — дадаў міністр.

«Карыстаючыся выпадкам, яшчэ раз заклікаю ўсіх зрабіць свой усвядомлены выбар на карысць вакцынацыі. Вакцыны шмат, вакцыны розныя. Мы чакаем вас у пунктах вакцынацыі, каб не сустракацца з вамі ў гэтай ці іншай бальніцы», — сказаў ён.

Міністр аховы здароўя наведвае 10-ю клінічную бальніцу Мінска, якая мае значны вопыт работы з COVID-19.

«Тут я паглядзеў перш за ўсё тое, што змянілася з моманту майго папярэдняга візіту. Павялічылася колькасць кіслародных кропак, мы разгарнулі даволі вялікую колькасць блокаў інтэнсіўнай тэрапіі — гэта адзін з вельмі добрых элементаў у лячэнні пацыентаў сярэдняй і цяжкай ступені цяжкасці. Я думаю, гэты элемент работы застанецца і ў посткавідную эру», — адзначыў ён.

Акрамя таго, міністр цікавіўся, ці ёсць якія-небудзь перабоі з пастаўкамі медыкаментаў, расходных матэрыялаў, а таксама выказаў удзячнасць супрацоўнікам за работу.

БЕЛТА