Удзельнік вайны
Зараз вёскі Ясменцы няма на карце – так распарадзіўся Чарнобыль. Але менавіта тут у 1922 годзе нарадзіўся будучы Герой Сацыялістычнай Працы Барыс Шылец. Атрымаў у мясцовай школе няпоўную сярэднюю адукацыю. А ў 1941-м быў прызваны на тэрміновую службу ў Чырвоную Армію і накіраваны на вучобу ў авіяцыйна-тэхнічную школу, дзе сустрэў пачатак Вялікай Айчыннай вайны.
У сувязі з тым, што на савецка-германскім фронце летам 1942-га склалася вельмі цяжкае становшча, юнака перавялі ў вучэбны танкавы полк. Ён прайшоў паскораны курс навучання і восенню таго ж года накіраваўся ў дзеючую армію. У складзе адной з танкавых часцей прымаў удзел у наступальнай аперацыі “Уран” па акружэнні буйной групіроўкі вермахта пад Сталінградам. У першых баях быў паранены. Калі вылечыўся, вярнуўся на фронт. У 1943-м зноў раненне – цяжкае, у нагу. Дзевяць месяцаў правёў у тылавых шпіталях, атрымаў другую групу інваліднасці і быў камісаваны.
За дасягненні ў вытворчасці
Будучы дэмабілізаваным, вярнуўся ў 1944 годзе на радзіму і стаў працаваць рахункаводам у ясменцаўскім калгасе “Краіна Саветаў”. Нягледзячы на слабае здароўе, уносіў пасільны ўклад у аднаўленне роднай гаспадаркі. Зарэкамендаваў сябе як адказны і працалюбівы работнік. Добра вёў улік калгаснай маёмасці і ўсяляк садзейнічаў наладжванню сельскагаспадарчай вытворчасці і ўмацаванню дысцыпліны.
Здароўе паступова паляпшалася, і ў 1948 годзе Барыс Васільевіч перайшоў працаваць паляводам. Тэхніка ў калгасе тады яшчэ адсутнічала, таму ўсе работы выконваліся ўручную ці з дапамогай коней. Ён рамантаваў сельскагаспадарчы інвентар, араў і сеяў, касіў і ўбіраў ураджай.
Пасля ліквідавання “Краіны Саветаў” перайшоў у калгас “Шлях да камунізму” (вёска Сабалі). Да 1953-га займаў пасаду старшыні рэвізійнай камісіі. Уступіў у партыю.
У хуткім часе вярнуўся ў паляводства і ў 1955 годзе ўзначаліў брыгаду ва ўзбуйненай гаспадарцы. Ва ўмовах перавагі ручной працы і пры слабай забяспечанасці тэхнікай і ўгнаеннямі імкнуўся ўдасканальваць тэхналогію вырошчвання сельгаскультур, павышаць культуру земляробства, правільна арганізоўваць працоўны працэс. Стаў прызнаным майстрам высокіх ураджаяў. У 1958 годзе за поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі і дасягненні высокіх паказчыкаў па вытворчасці прадукцыі, за ўкараненне дасягненняў навукі і перадавых метадаў сельскагаспадарчай вытворчасці Барыса Шыльца ўзнагародзілі ордэнам “Знак Пашаны”.
У лідарах
Нягледзячы на занятасць і штодзённую фізічную працу, наш зямляк завочна закончыў сельскагаспадарчы тэхнікум. Падчас вучобы ён засвойваў асновы земляробства, а ў рабоце набываў вопыт.
З пачатку сёмай пяцігодкі (пашыранай: 1969–1966) брыгада пад кіраўніцтвам Барыса Васільевіча дасягнула няўхільнага росту ўраджайнасці асноўных вырошчваемых культур. Перадавы калектыў нязменна займаў першае месца ў сацыялістычным спаборніцтве ў калгасе і з’яўляўся адной з лепшых у раёне паляводчых брыгад. Першым на сабалёўскіх палях рапартаваў аб падрыхтоўцы глебы пад новы ўраджай, першым завяршаў сяўбу азімых і яравых, першым спраўляўся з пасадкай бульбы, першым заканчваў уборачныя работы. І пры гэтым кожны кілаграм угнаенняў выкарыстоўваўся там, дзе ў іх найбольш за ўсё мела патрэбу зямля.
Брыгадзір быў адным з паплечнікаў шматгадовага (1946–1979) старшыні калгаса Івана Сабаленкі, таленавітага арганізатара сельскагаспадарчай вытворчасці. Пад кіраўніцтвам Івана Лявонцьевіча “Шлях да камунізму” пераўтварыўся ў буйное, эканамічна магутнае шматгаліновае сельгаспрадпрыемства і доўгія гады заставаўся адным з перадавых у раёне і вобласці. У калгасе штогод атрымлівалі высокія ўраджаі ўсіх культур. Напрыклад, ураджайнасць каласавых за перыяд сямігодкі (1959–1966) пераадолела рысу ў 20 цэнтнераў, а да канца восьмай пяцігодкі (1966–1970) тут збіралі ўжо звыш 30 цэнтнераў зерня з гектара. Ураджайнасць бульбы да 1971 года перавысіла 150 цэнтнераў клубняў з гектара. Гаспадарка з’яўлялася буйным пастаўшчыком дзяржаве мяса і малака і па праве лічылася на Брагіншчыне школай перадавога вопыту.
Высокая ўзнагарода
Любоў да зямлі, умелае гаспадаранне, выкананне ўсіх агратэхнічных прыёмаў дазволілі паляводам брыгады на чале з Барысам Шыльцом збіраць самыя высокія ў калгасе ўраджаі. Сярэдняя ўраджайнасць зерневых перавышала 30 цэнтнераў, бульбы дасягала 200, буракоў – 500 цэнтнераў з гектара.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага савета СССР ад 23 чэрвеня 1966 года за поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтоўкі жыта, пшаніцы, грэчкі і іншых зерневых і кармавых культур Барысу Шыльцу прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
У перыяд восьмай і з пачаткам дзявятай (1971–1975) пяцігодак брыгадзір разам з падначаленымі нязменна дабіваўся высокіх вытворчых паказчыкаў у рабоце і тым самым уносіў важкі ўклад у выкананне калгасам заданняў па продажы дзяржаве сельгаспрадукцыі. Па стане здароўя Барыс Васільевіч быў вымушаны ў 1973 годзе перайсці на пасаду намесніка старшыні праўлення па гаспадарчай частцы. Калі дасягнуў пенсійнага ўзросту, выйшаў на заслужаны адпачынак.
Выбіраўся дэпутатам Брагінскага пасялковага Савета, старшынёй групы народнага кантролю ў калгасе “Шлях да камунізму”. Сярод узнагарод – ордэны Леніна, Айчыннай вайны першай ступені, медалі “За абарону Сталінграда”, ВДНГ СССР.
Пражываў у пасёлку Красная Гара. Памёр у 1988 годзе.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ