У кватэры Валянціны Лапацінай з Камарына ўтульна і светла. Заходзіш — і адразу трапляеш у прастору хараства, вытанчанасці і рукадзельнага мастацтва. Карціны, вышыўка, вязаныя рэчы – усё зроблена з душой і вялікім густам.
– Гэта алмазная вышыўка, – тлумачыць мне гаспадыня, паказваючы на прыгожы букет. Пра сябе адзначаю, што кветкі на ім нібы жывыя.
Валянціна Іванаўна – таленавіты і творчы чалавек, любіць ствараць вакол сябе прыгажосць, атмасферу радасці. Для гэтага знаходзіць і час, і сродкі. Не разумее тых людзей, якія бавяць час марна. Рукі маёй гераіні ўвесь час нешта робяць. Яна не толькі бісерапляценнем займаецца, але і выдатна вяжа, шые, вышывае, вырабляе дэкаратыўныя падушкі. Спецыяльнай адукацыі не мае, усяму гэтаму навучылася сама. Многае пераняла і ад маці, выдатнай швачкі.
Працавала Вольга Аляксандраўна санітаркай у радзільным доме, а ў вольны час садзілася за нажную швейную машынку, каб любімая дачушка і яе сяброўка атрымалі цудоўныя абновы. Маці слыла ў акрузе выдатнай рукадзельніцай, што перадалося і Валянціне. У сям’і, акрамя яе, падрасталі два браты. Бацька, Іван Паўлавіч Літошанка, быў заслужаным калгаснікам. Жылі яны тады ў в. Кірава, а пасля пераехалі ў Камарын.
Без прыроднага таленту, адоранасці і назіральнасці ствараць карціны з крысталаў або стразаў, якія становяцца мастацкімі творамі, немагчыма. Гэта не кожнаму пад сілу. Неабходны да ўсяго цярплівасць і ўседлівасць, жаданне асвоіць нешта новае і зрабіць па-свойму. Якой тэхнікі прытрымліваецца Валянціна Лапаціна пры стварэнні чарговай кампазіцыі, якія матэрыялы і формы выкарыстоўвае, як нанізвае бісер – я не пыталася. У кожнай майстрыхі свой почырк. Любавалася пейзажамі, звярамі і птушкамі, кветкамі.
Па знаку Задыяка яна Леў, а нарадзілася ў год Тыгра. Алмазная вышыўка гэтых прадстаўнікоў фаўны ўпрыгожваю ўтульную кухню маёй гераіні. Дарэчы, і да афармлення пакояў, і да гатавання страў яна падыходзіць творча.
Валянціна Іванаўна ўжо на пенсіі. У Камарынскім лясгасе доўгі час працавала бухгалтарам, адсюль і пайшла на заслужаны адпачынак. Любіць корпацца ў агародзе, бульбай і гароднінай забяспечвае не толькі сябе, але і родных, блізкіх.
Такая ж таленавітая ў яе дачка. Работы Таццяны таксама можна ўбачыць тут. А ўнучка Вікторыя захапляецца маляваннем. Няхай прадстаўніцы працавітага і адоранага роду Літошанкаў працягваюць традыцыі сваіх продкаў, а галоўнае – будуць шчаслівымі.
Ніна СІНІЛАВА
Фота Галіны ШАЎЧЭНКІ