Митинг, посвященный 77-й годовщине освобождения Республики Беларусь от немецко-фашистских захватчиков, прошёл в Брагине

Галоўнае Год народнага адзінства Грамадства

У Брагіне Дзень Незалежнасці адзначылі ўрачыста і ярка, з душой. Святочная атмасфера панавала ўсюды: на пляцоўках, у час паказальных выступленняў, масавых гулянняў, канцэртаў. Гучала музыка, чуўся смех дзетвары, якая была ў цэнтры ўвагі. Для юных брагінчан арганізавалі шмат разнастайных мерапрыемстваў, забаў, зон адпачынку і карысных спраў. Зацікавіла паказальнае выступленне спецыяліста-кінолага органаў пагранічнай службы, выстава абмундзіравання і абсталявання Брагінскага РАНС, РАУС, конкурс волатаў. Арганізатары пастараліся падрыхтаваць святочную праграму для людзей усіх узростаў.

Але спачатку была малітва. У 8.00 у царкве Свяціцеля Мікалая Цудатворца протаіерэй Уладзімір Зелянкоўскі адслужыў малебен перад іконай Казанскай Божай Маці аб дараванні нашай краіне міру і спакою, дабрабыту, еднасці і незалежнасці.

Не отврати лица Твоего от прибегающих к Тебе, умоли, милосердая Мати, Сына Твоего и Бога нашего Иисуса Христа, да сохранит мирну страну нашу, Церковь Свою Святую да незыблему соблюдет от неверия, ересей и раскола, – прасілі вернікі ў надзеі на заступніцтва Прачыстай.

Хопіць на нашу долю гора і слёз. За права жыць на роднай зямлі беларусы змагаліся ва ўсе часы, адстаялі яго і ў гады ваеннага ліхалецця. Дзень Незалежнасці – гэта даніна памяці гераізму і непахіснасці суайчыннікаў, подзвігу падпольшчыкаў і партызан, самаадданай працы тых, хто ўзнімаў гарады і вёскі з руін, хто заклаў падмурак дабрабыту і паспяховаму развіццю суверэннай Беларусі.

Шануем і памятаем

10.00. Святочная калона працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый Брагіншчыны накіроўваецца да брацкай магілы воінаў-вызваліцеляў. На пярэднім плане – Дзяржаўны герб і Дзяржаўны флаг. У Год народнага адзінства моладзь і грамадскія арганізацыі раёна падтрымалі рэспубліканскую патрыятычную акцыю “Сімвалы маёй краіны”, якія адлюстроўваюць гісторыю Беларусі.

На плошчу выязджае спецыялізаваная тэхніка прадпрыемстваў і арганізацый раёна, якая завяршае шэсце.

Мітынг “Светлы дзень вызвалення твайго, Беларусь” пачынаецца ў 10.30. Голас знакамітага дыктара Юрыя Левітана паведамляе аб вызваленні Мінска. Вядучыя Анжэла Бондар і Раман Цеслянок нагадалі прысутным аб наступальнай аперацыі “Баграціён”. Пачалася яна 23 чэрвеня 1944-га і завяршылася поўным вызваленнем тэрыторыі рэспублікі. Трэцяга ліпеня свабодна ўздыхнула сталіца.

Да прысутных звяртаецца старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр КОХАН:

– Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – адно з самых маладых свят у нашым календары, але яно набыло вялікае агульнадзяржаўнае значэнне як свята грамадзянскага міру і згоды, яднання людзей у імя працвітання краіны. Яно стала для нас сімвалам любові да Радзімы і вялікай адказнасці за яе сённяшняе і будучае, імкнення да далейшага будаўніцтва дэмакратычнага грамадства. Абавязак кожнага з нас – свята захоўваць і берагчы інтарэсы дзяржавы.

З 17 жніўня 1941-га па 23 лістапада 1943-га Брагінскі раён знаходзіўся пад нямецка-фашысцкай акупацыяй. За перыяд тых крывавых падзей было расстраляна больш за 3,5 тысячы ўраджэнцаў раёна, больш чым дзве тысячы брагінчан вывезена на катаржныя работы ў Германію. Больш за тры тысячы не вярнуліся дамоў з вайны. Трое ўраджэнцаў раёна сталі Героямі Савецкага Саюза.

Зараз Беларусь – незалежная суверэнная дзяржава. Багаты гістарычны вопыт, мудрасць і спадчына папярэдніх пакаленняў дапамаглі нам набыць свой шлях эканамічнага і грамадскага развіцця. Можна з упэўненасцю сказаць, што і Брагінскі раён дынамічна рухаецца да новых вышынь.

Кіраўнік раёна павіншаваў прысутных з 77-й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Днём Незалежнасці, пажадаў міру і спакою, шчасця і дабрабыту кожнай сям’і, кожнаму дому. Аляксандр Васільевіч падкрэсліў, што бязмежная ўдзячнасць нашчадкаў за мірнае неба над галавой праяўляецца ў нашай памяці, справах, пастаянным клопаце аб лю-дзях, якія заваявалі для нас свабоду.

Павіншавалі брагінчан і гасцей таксама айцец Уладзімір, намеснік ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне Хойніцкага і Брагінскага раёнаў маёр Віталь Камеш, настаўніца пачатковых класаў Брагінскай СШ Ганна Макаранка.

Фашызм прынёс народам зямлі незлічоныя ахвяры. У нашай вобласці існавалі лагеры, дзе катавалі дзяцей. Гэта Азарычы і Красны Бераг. Пачынаецца тэатралізаванае прадстаўленне. Малалетнія пакутнікі просяць паратунку, вераць, што пасля смерці Анёл забярэ іх на неба, дзе не будзе ні болю, ні жаху, ні холаду і голаду. У неба ляцяць белыя шары…

Аб’яўляецца хвіліна маўчання. Да падножжа брацкай магілы кладуцца вянкі і кветкі: ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, савета ветэранаў, працоўных калектываў, нашчадкаў слаўных салдат.

Радуемся міру і спакою

Святочная праграма ў гэты дзень была насычаная і разнастайная. У парку на Акцябрскай разгарнуліся інтэрактыўныя пляцоўкі пад назвай “Беларусь незалежная: вехі гісторыі”, якія адлюстроўвалі развіццё краіны за апошнія 30 гадоў у фотаздымках і дакументальных звестак. Ініцыіравала яе загадчыца аддзела арганізацыйна-метадычнай работы раённага дома культуры Любоў Дубатдзел, якая каменціравала кожны эпізод, адказвала на пытанні наведвальнікаў.

2012-ты быў аб’яўлены Годам кнігі. Работнікі бібліятэчнай сістэмы звязалі з гэтай датай і аформілі “Карчму на Брагінцы” па матывах аднайменнага апавядання Канстанціна Паўстоўскага. У творы ўзгадваюцца вядомыя нам назвы: Іолча і Камарын, Дняпро і Брагінка.

З 2016-га пачаў адзначацца дзень вышыванкі. Свае работы, выкананыя з густам, прадставілі супрацоўнікі культуры Сцежарнага, Крыўчы, Зарэчча. А іх калегі з Буркоў, Чамярыс, Кірава, Конанаўшчыны і Рыжкава прысвяцілі сваю прэзентацыю малой радзіме. Батлеечны тэатр прадставілі мікулічане.

Было тут і дрэва адзінства, на лісцях якога свае пажаданні пакінулі старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан, яго намеснікі, усе жадаючыя.

Спыняліся наведвальнікі каля выставы, падрыхтаванай рэдакцыяй “Маяка Палесся”. Бралі ў рукі пажаўцелыя газеты мінулых гадоў, агітацыйныя плакаты, выпушчаныя ў 1941-м. На фотаздымках мінулых гадоў пазнавалі сваіх землякоў.

Урачыста прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу “Сядзіба ўзорнага парадку–2021”. Конкурс арганізаваў раённы Савет дэпутатаў. Свае магчымасці прадэманстравалі асілкі Брагіна, на стадыёне праходзілі спартыўна-масавыя мерапрыемствы, фестываль паветраных змеяў. Была арганізавана квест-гульня “QR-код малой радзімы”, арт-зона “Васільковы настрой”.

У амфітэатры адбыўся канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці і выканаўцаў Брагіншчыны.

У 22.55 брагінчане далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Спяём гімн разам”. Закончылася свята яркім феерверкам.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ