У намінацыі “Лепшы работнік гандлю і паслуг” на раённую Дошку гонару занесена Валянціна Хмелянок, прадавец магазіна №58 “Родны кут” Брагінскага філіяла Гомельскага абласнога спажывецкага таварыства.
У нядзелю, 25 ліпеня, Валянціна і яе калегі адзначаць сваё прафесійнае свята – Дзень работнікаў гандлю. Дваццаць дзевяць гадоў працуе яна прадаўцом у сістэме спажывецкай кааперацыі. Прызнаецца, што прыйшла сюды выпадкова, думала праз год-другі звольніцца, але ж засталася. І ні разу не пашкадавала, рэалізавала сябе, заслужыла павагу і аўтарытэт. Работа цікавая. Прываблівае тое, што заўсёды з людзьмі, якіх неабходна выслухаць, нешта параіць. І калі ўсё атрымліваецца, на сэрцы становіцца радасна, спакойна.
А цяжкасці бываюць ва ўсіх, у тым ліку і ў работнікаў прылаўка. За столькі гадоў Валянціна Мікалаеўна навучылася стрымліваць сябе, заставацца ўраўнаважанай, добразычлівай, не адказваць злом на зло і знявагі з боку некаторых “гарачых” наведвальнікаў (трапляюцца і такія). Без душэўнасці, дабрыні і любові да людзей такое наўрад ці было б магчыма. У крытычныя моманты ўзгадвае выраз: пакупнік заўсёды мае рацыю.
Стараецца штомесяц выконваць план. На маё пытанне, як ёй гэта ўдаецца, адказала коратка: “Неабходна своечасова заказаць тавар, прыгожа расставіць яго на паліцах, прапанаць наведвальнікам. Выконваю заяўкі грамадзян. Скажам, у некага з іх намячаецца ўрачыстасць. Да гэтай даты ў магазіне для іх стаіць ужо ўсё, што патрэбна для стала. Прадукты і напіткі завозяць як цэнтралізавана, так і са складоў аптовай базы”.
А некалі дзяўчына з Рыжкава марыла стаць настаўніцай. Калі не паступіла ў педуніверсітэт, пайшла ў Гомельскае гандлёвае вучылішча, пасля якога працягвала навучанне ў каледжы на аддзяленні “камерцыйная дзейнасць”. Да 2017-га працавала ва ўнівермагу, апошнія гады – у магазіне №58 “Родны кут”. І хаця не звязала свой лёс з педагагічнай дзейнасцю, першага верасня, калі дзеці ідуць у школу, у душы яе заўсёды свята. Проста Валянціна Мікалаеўна ўмее радавацца за іншых, прыкмячаць усё станоўчае, прыгожае, што акружае.
Настаўніцай яна не стала, затое выдатны прадавец з яе атрымаўся. Удзячныя пакупнікі гэта ацанілі.
Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ