Брагін гістарычны. У пошуках дома Сяргея Палуяна

Грамадства Наша гісторыя

Вядома, што ў Брагіне нарадзіўся і правёў некалькі гадоў свайго дзяцінства Сяргей Палуян – беларускі публіцыст, празаік, літаратуразнавец. Дзе ж знаходзіўся дом, у якім жыла яго сям’я?

Выразнага і дакументальна абгрунтаванага адказу на гэтае пытанне пакуль яшчэ ніхто не даў. Падрабязных планаў тагачаснага Брагіна ў архівах выявіць не ўдалося, ды і наўрад ці яны б дапамаглі.

Епіфан Палуян, бацька Сяргея, у 1897 годзе купіў маёнтак Крышычы, і сям’я выехала з Брагіна. Таму нават апытанне старажылаў пра месца яе жыхарства вынікаў не дало. У некаторых засталіся толькі няясныя ўспаміны пра нейкіх Палуянаў і Палуянаўшчыну на месцы сённяшняга мікрараёна, дзе раней быў аэрадром (канец вул. Гагарына і Аэрадромнай). Якія менавіта Палуяны там маглі пражываць да 1897 года (і ці жылі наогул), высветліць не атрымалася. Ёсць таксама меркаванне, якое выказаў у сваім эсэ “Здаецца мне …: эсэ пра Сяргея Палуяна” Якаў Анапрэенка: дом Палуянаў знаходзіўся на Загароддзі (цяпер гэта вуліца Кірава). Магчыма, так і было, але аўтар, на жаль, не прывёў ніякіх сур’ёзнах аргументаў наконт гэтага. Якаў Анапрэенка таксама ўзгадвае і пра Палуянаўшчыну на былым аэрадроме, дзе жылі нейкія Палуяны.

Зямля ў падарунак

З-за адсутнасці планаў Брагіна давялося звярнуцца да рэвізскай казкі 1858 года. Гэты дакумент уяўляе сабой спіс з 142 двароў прыгонных сялян мястэчка Брагін (1260 чалавек). Не ўлічваліся, праўда, габрэі-мяшчане (больш за 400 двароў, каля 1500 чалавек), якія жылі даволі кампактна ў адным раёне. Яны запісаны ў асобную рэвізскую казку і не ўплываюць на наша вылічэнне. Пасля аналізу ўдалося вызначыць прыкладнае месца размяшчэння двара селяніна Івана Рыгорава Палуяна пад №78. Выявілася, што сям’я жыла ў раёне перакрыжавання сучасных вуліц Махава і Пралетарскай. Калі больш дакладна, то можна выказаць здагадку, што гэта была вуглавая сядзіба на вуліцы Махава, 51.

З дакументаў, прыведзеных ніжэй, вядома, што ў 1867 годзе граф Ракіцкі падарыў зямлю Івану Палуяну. Ці змянілася ў сувязі з гэтым месца жыхарства дзеда Сяргея, застаецца незразумелым, але ніякія факты не гавораць на карысць гэтай здагадкі.

У пратаколе паверачнай зямельнай камісіі 1867 года пазначана наступнае:

“Крестьянинъ Иванъ Григорьевъ Полуянъ заявилъ, что помещикъ Графъ Людвигъ Рокицкий дарственнымъ документомъ, выданнымъ ему 30 августа сего 1867 года подарилъ находящуюся въ его владении по грамоте усадьбу въ количестве 458 саженей, а также пахоту въ урочище Зверинецъ 6 десятинъ и сенокосъ 9 дес. 1200 саж. въ трехъ отдельныхъ кускахъ, тамъ где онъ и ныне ими пользовался, всего 15 дес. 1658 саж., въ чемъ и предоставилъ подлинный дарственный документъ, прося внесть его въ выкупной акт”.

У самой даравальнай грамаце сказана, што зямлю граф Ракіцкі дорыць селяніну Івану Палуяну “въ воздаяніе долголетней службы” і зямлю гэтую трэба пазначыць на плане “особыми красками”. Таксама ёсць дадатковая падказка, што ворная зямля знаходзіцца ва ўрочышчы Звярынец каля выгану. Гэты план адшукаць у архівах пакуль не ўдалося.

З усяго вынікае, што сядзіба Палуяна знаходзілася і раней у валоданні гэтага селяніна, ён там працягваў жыць, і яна яму была падаравана (г.зн. яму не трэба ўносіць выкупныя плацяжы за гэтую зямлю). Выпадак з даравальнай на зямлю селяніну з’яўляецца вельмі рэдкім, калі не ўнікальным. З архіўных дакументаў вядома, што ў 1867–1869 гадах Іван Палуян з’яўляўся валасным старшынёй.

Ён быў непісьменны, але гэта не ўплывала на яго працу, бо за старшыню заўсёды пісаў валасны пісар.

Звяртае на сябе ўвагу і вялікі надзел ворнай зямлі, які дастаўся Палуяну на Звярынцы, – 6 дзесяцін (гэта каля шасці гектараў). Раён Звярынца займаў значную плошчу ў паўднёва-заходняй ускраіне Брагіна і цягнуўся ад вул. Зіновіча і аж да вул. Аэрадромнай, уключаючы ў сябе сучасныя вуліцы Зіновіча, Юбілейную, Пясочную, Паркавую, канец Акцябрскай, Палескую, Крылова, Чалідзе, Новую, Аэрадромную і, верагодна, даходзячы да новага мікрараёна. Там быў выган, пра што сведчыць старая назва суседняй вуліцы Скарахода – Выганная. Вось тут, на Звярынцы, побач з выганам, і было ворыва Івана Палуяна, аднак сам дом стаяў на рагу Махава і

Пралетарскай – на сядзібнай зямлі.

У 1867-м, калі Іван атрымаў даравальную, Палуяны жылі на тым жа месцы і, верагодна, працягвалі жыць там яшчэ 30 гадоў, пакуль не пераехалі ў Крышычы. У 1884-м Іван Палуян канчаткова аформіў на сябе падораную зямлю. У выкупных справах ёсць яго прашэнне выдаць яму “особую данную объ окончательном погашении выкупнаго долга” […] “а за него неграмотнаго по доверенности расписался сынъ его Епифанъ Полуянъ”.

Я не бяруся растлумачыць, навошта падораную зямлю чалавек павінен быў выкупляць разам з астатнімі сялянамі, якія плацілі выкупныя плацяжы, бо не ведаю ўсіх юрыдычных нюансаў гэтага рэдкага выпадку. У 1870–1880 гады сяляне Брагіна масава падавалі падобныя просьбы аб канчатковым пагашэнні выкупнога доўгу і атрымлівалі дакумент на права валодання выкупленым участкам.

У 1899 годзе за Епіфанам Палуянам лічыцца 13 дзес. падоранай зямлі, а 2 дзес. перайшло да дзядзькі Пятра. У 1899-м (калі Іван ужо быў у Крышычах) селянін в. Буркі Тарас Кірылаў Раманюк купляе 6 дзес. сенакосу ў двух кусках ва ўрочышчах Бярозавік і Запасадам: “отъ владельца Епифана Полуяна изъ выкупнаго крестьянскаго надельнаго участка при местечке Брагине, для чего имеются достаточныя денежныя средства”.

Па даравальнай грамаце сядзібнай зямлі ў Івана Палуяна было 458 саж. (каля 21 соткі), значыць, і суседні ўчастак па вул. Махава, дзе пражывалі раней Парэмскія, таксама належаў Палуяну. Зараз былая сядзіба Парэмскіх пустуе.

Яблыневы сад і цагельня

Што стала з домам і сядзібай пасля пераезду сям’і на новае месца – у маёнтак Крышычы, невядома. У Івана Палуяна быў яшчэ малодшы брат Пётр з сям’ёй, які мог успадкаваць частку маёмасці і зямлі. Таксама ў 1858-м у хаце пражывалі і больш далёкія сваякі, якія маглі жыць тут пазней. А ў 1920–1940 гады на гэтым участку жыла заможная сям’я Васанскіх, у якой быў яблыневы сад і цагельня як раз на згаданым раней месцы новага мікрараёна. Гэта памятаюць старажылы. Магчыма, што дадатковы ўчастак з садам і заводам быў часткай зямлі Івана Палуяна? Верагодна, Васанскія валодалі зямлёй і домам Палуянаў. Пасля вайны тую сядзібу на Махава займаў нейкі прыезджы Лазебнік, а пасля яго – розныя сем’і.

Па другі бок Брагінкі

Ёсць таксама і апісанне дома Івана Палуяна, якое даў у свой час Анатоль Шалін, пляменнік Сяргея Палуяна. Праўда, трэба мець на ўвазе, што Анатоль сам ніколі не быў у Брагіне і ўсё апісанае будуецца выключна на ўспамінах родных. Адпаведна, да гэтага трэба ставіцца вельмі крытычна

“Прадзед Іван Рыгоравіч Палуян (1828–1914) нарадзіўся таксама яшчэ прыгонным. Я добра яго помню: сярэдняга росту, хударлявы стары, з доўгай сівою барадой, якога вельмі любілі ўнукі (ён іх заўсёды абараняў ад гневу свайго сына). Ён займаўся агародніцтвам і садоўніцтвам, жыў у самім Брагіне, па другі бок ракі Брагінкі, у так званым “Другім канцы», працаваў адзін час у воласці. Зямлю атрымаў ад урада за добрую службу. Памёр у маёнтку Крышычы і пахаваны на Юравіцкіх могілках.

Іван Рыгоравіч жыў у Брагіне ў добрым чатырохпакаёвым уласным доме разам са сваім сынам – маім дзедам Епіфанам Іванавічам. У гэтым доме нарадзіліся мая маці, яе брат Сяргей і сёстры Яўгенія і Зінаіда. Недалёка ад дома прадзеда, за той жа Брагінкай, знаходзіліся разваліны палаца князёў Вішнявецкіх, знакамітыя тым, што ў “смутное время” пры цару Барысе Гадунове жыла там Марына Мнішак, будучая жонка Дзмітрыя Самазванца, які на кароткі час заняў маскоўскі трон.”

Калі ўдумацца ў гэтае апісанне і паспрабаваць згодна з ім уявіць месца, то ў нас наўрад ці атрымаецца зрабіць гэта без мноства агаворак. Калі разбіраць па пунктах, то атрымліваецца наступная карціна:

1. “па другі бок ракі Брагінкі” – гэта не можа быць тая частка ракі, якая цячэ ўздоўж усяго Брагіна, бо па другі яе бок распасціралася суцэльнае балота. Гэта можа быць толькі безназоўны ручай у раёне плошчы, які перасякае Брагін і дзеліць яго на часткі (два “канцы”). У некаторых архіўных дакументах гэты ручай называлі Брагінкай. Верагодна, што пра “другі канец” распавядала бабуля Аляксандра, якая ў дзявоцтве жыла на Загароддзі, і для яе “другім канцом” як раз і была тая частка Брагіна, якая знаходзілася за ручаём. З нацяжкай, але сыходзіцца.

2. Недалёка ад дома “разваліны палацу князёў Вішнявецкіх” – ніякіх руінаў у самым Брагіне ў той час не было. Аднак за тры кіламетры па прамой насамрэч знаходзіліся разваліны, якія некаторымі гісторыкамі прызнаныя за рэшткі палаца Вішнявецкіх, – у вёсцы Гарадзішча. Улічваючы вялікае гістарычнае значэнне Лжэдзмітрыя і месца, звязанага з яго асобай, гэтая адлегласць Шаліну, як аматару гісторыі, магла здацца недалёкай. Ды і наўрад ці той, хто расказваў пра гэта, паведаміў, што разваліны ляжаць у трох вёрстах; хутчэй за ўсё, было сказана: недалёка. Калі б у XIX стагоддзі з дома Івана Палуяна выйшаў чалавек, прайшоў крыху больш за 100 метраў на ўзнёслую вуліцу Прабойную (вул. Савецкая) і стаў бы тварам да Гарадзішча, то перад сабой унізе ён убачыў бы забалочаную раку Брагінку, а “за той жа Брагінкай” знаходзіліся б “разваліны палацу князёў Вішнявецкіх”.

3. “… працаваў адзін час у воласці. Зямлю атрымаў ад урада за добрую службу”. Тое, што Іван атрымаў зямлю за добрую службу, зафіксавана ў архіўных дакументах. Праўда, атрымаў ён зямлю не ад “урада”, а яна была падаравана асабіста графам Людвігам Ракіцкім. Гэты рэдкі выпадак пацвярджаецца дакументамі, што прыведзены вышэй.

Такім чынам, калі выказаць здагадку, што Анатоль Шалін апісваў той жа дом, у якім Іван Палуян жыў яшчэ ў 1858 годзе, то гэтыя пункты, па-мойму, супадаюць з меркаваннем, што гэта можа быць дом на вул. Махава, 51.

Спачатку складана пагадзіцца з такімі высновамі: разваліны знаходзяцца не так ужо блізка. Але іншай інтэрпрэтацыі аповеду Анатоля Шаліна, які сам у Брагіне ніколі не быў, я не бачу. Калі Палуяны не пабудавалі новы дом у іншым месцы Брагіна пасля таго, як ім падаравалі ворыва і сенакос (а думаць так у нас няма ніякіх падстаў), то можна лічыць, што і сам Сяргей Палуян нарадзіўся ў доме дзеда Івана. А так званая Палуянаўшчына на месцы сённяшняга мікрараёна – частка падоранай зямлі, якой сям’я дадаткова карысталася.

Даследаванне працягваецца.

Віктар ГІЛЕЎСКІ