На беларускай зямлі нарадзіліся і жылі нямала вядомых людзей. Іх імёны ўпісаны ў гісторыю не толькі нашай, але і іншых краін. Між тым ёсць знакамітасці, чые продкі нарадзіліся ў Брагіне, аднак іх прозвішчы былі забыты на малой радзіме. Нягледзячы на сусветную вядомасць, ніхто з іх не ўзгадваецца ні ў афіцыйных крыніцах, ні ў іншых краязнаўчых дакументах, прысвечаных гісторыі Брагіна, хаця інфармацыя аб іх паходжанні была апублікавана як у савецкай, так і ў замежнай літаратуры.
Гаворка ідзе пра вядомага спявака, саліста Марыінскага опернага тэатра Пецярбурга – Фёдара Ігнатавіча Стравінскага і яго сына – геніяльнага кампазітара ХХ ст. Ігара Стравінскага.
Праўда, Фёдар Стравінскі нарадзіўся не ў самім Брагіне, а ў Рэчыцкім павеце. Але некаторы час ён пражыў менавіта тут. А яго маці, дзед і продкі былі карэннымі брагінцамі.
Вось пра гэта трэба распавесці падрабязней, упісаўшы, нарэшце, імя Фёдара Ігнатавіча Стравінскага і яго сына Ігара ў гісторыю Брагіна, з якой яны непарыўна звязаныя сваімі каранямі.
У метрычных кнігах трох брагінскіх цэркваў (Раства Багародзіцкай, Траецкай і Мікалаеўскай) захаваліся запісы аб хрышчэнні, шлюбах і смерці прыхаджан пераважна сялянскага саслоўя. У асноўным гэта прыгонныя, толькі зрэдку трапляюцца дваровыя. Аднак сярод гэтай аднастайнай масы запісаў вылучалася наступная:
Траецкая царква, 1834 год, шлюбы, чэрвень (пунктуацыя і арфаграфія арыгіналу захаваныя):
“Третяго числа Речицкаго уезда вольно проживающiй шляхтичъ Игнатий Игнатиевъ Стравинский холостъ съ девицею местечка Брагиня крестянкою Господина Графа Михаила Рокицкаго Ивана Иванова Скорохода дочерью Александрою, венчалъ Бабчинской Кресто воздвиженской церкви священникъ Іоанъ Даниловъ Немшевичъ» .
Звяртае ўвагу перш за ўсё тое, што шляхціч бярэ ў жонкі простую прыгонную сялянку. У асяроддзі шляхцічаў (ды і не толькі) практыкавалася традыцыя ўступаць у шлюб з прадстаўніком толькі са свайго ж саслоўя. Хоць бывалі рэдкія выпадкі няроўных шлюбаў. Захавалася інфармацыя, што сам граф Міхаіл Ракіцкі ў 1853 г. узяў у жонкі прыгонную сялянку з суседняй вёскі.
Згадкі пра продкаў вялікіх музыкантаў па лініі іх маці і бабулі Аляксандры Скараходавай можна знайсці ў працах Роберта Крафта – амерыканскага дырыжора і музычнага крытыка (ён жа вядомы біёграф Ігара Стравінскага), Стывена Уолша – вядомага музычнага крытыка і пісьменніка, Ксеніі Стравінскай – пляменніцы кампазітара, у якой захавалася значная частка сямейнага архіва Стравінскіх, а таксама ў публікацыях музыказнаўцаў Л. Кутатэладзе, Г. Вінаградавай і некаторых іншых.
Шляхецкі род Стравінскіх герба Суліма, да якога належала сям’я Фёдара, быў вядомы на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага з пачатку XVI стагоддзя. Сярод прадстаўнікоў роду былі і ваяводы, і каштэляны, і рознага рангу дзяржаўныя служачыя. Але паступова род страціў свой былы статус. Ксенія Юр’еўна Стравінская ў сваёй кнізе так піша пра Фёдара і яго продкаў:
“Некалі слаўны род Стравінскіх быў шматлікі, і ў Польшчы маюцца галіны гэтага прозвішча. Фёдар Ігнатавіч належаў да галіны, якая жыла тады ў межах Літоўскага княства. Нарадзіўся ён у вёсцы Новы Двор Мінскай губерні. Яго бацька Ігнат Ігнатавіч быў аграномам і займаўся гаспадаркай у арандаваным маёнтку, а потым кіраваў маёнткамі ў Чарнігаўскай, затым у Палтаўскай губернях. Ігнат Ігнатавіч быў жанаты на Аляксандры Іванаўне Скараходавай і меў трох сыноў і дачку».
Ксенія Стравінская таксама піша, што сям’я Фёдара часта пераязджала з месца на месца. Удалося адшукаць метрычныя кнігі с запісамі аб хрышчэнні дзяцей і часткова прасачыць шлях сям’і. Так, у 1835 годзе ў Ігната і Аляксандры нарадзіўся сын Аляксандр у фальварку Лянтарня (былы пасёлак Чырвоная Ніва, цяпер гэта вуліцы Краснаніўская і Новабудаўнічая ў Хойніках), у 1837-м – дачка Вольга ў фальварку Каралін (верагодна, каля вёскі Лісцвін, цяпер не існуе), сын Канстанцін – у 1839-м у фальварку Карнеліянаў (былы п. Чырвоная Зара, недалёка ад вёскі Звяняцкае, цяпер не існуе). Ігнат Стравін-скі быў каталік, а жонка – праваслаўная, а значыць, па законе дзеці павінны былі быць таксама праваслаўнымі. Таму сваіх дзяцей Стравінскія хрысцілі ў Мікуліцкай Багаяўленскай царкве. Ну і, як ужо сказана раней, у 1843-м нарадзіўся Фёдар Ігнатавіч Стравінскі у в. Новы Двор Рэчыцкага павета, які, хутчэй за ўсё, знаходзіўся каля в. Алексічы, што ў Хойніцкім раёне. Вядома, што ўжо ў 1848 годзе Фёдар жыве ў Брагіне.
У архіве сям’і Стравінскіх захаваўся ўнікальны фотаздымак дома Івана Скарахода ў Брагіне, датаваны 1877 годам. Фёдар Стравінскі ўласнаручна зрабіў на адвароце наступны падрабязны запіс:
“Домъ въ м. Брагинъ Речицкаго уезда Минской губернии; построенъ въ 1834-мъ году дедомъ моимъ (отцомъ моей матери), – Иваномъ Ивановичемъ Скороходовымъ, скончавшимся въ этомъ же доме 24 октября 1879 года, на 115 году своей жизни. Снятъ 20 Іюля 1877 года. Ф. Стравинский.
Въ дни пребывания нашего въ Брагине у Деда и моей матери, жившихъ въ этомъ доме, въ которомъ я провелъ свое детство. Помню моментъ, когда казаки возвращались съ Венгерской кампании 1848 или 1849 г., а я любовался, сидя на подоконнике, поддерживаемый няней”.
Брагінцы могуць ганарыцца, што будучы вядомы саліст Марыінскага тэатра Пецярбурга, бацька геніяльнага кампазітара жыў і выхоўваўся некаторы час у Брагіне. Можна з упэўненасцю сказаць, што знаходжанне ў Брагіне, хоць і кароткі час, аказала пэўны ўплыў на развіццё і станаўленне асобы Фёдара Стравінскага.
Звяртае на сябе ўвагу той факт, што Фёдар сядзеў з нянькай. На першы погляд можа здацца, што гэта вобразны выраз і што на самай справе гэта магла быць сваячка селяніна Івана Скарахода (пляменніца, нявестка і г.д.), якая жыла ў яго хаце. Аднак знайшоўся цікавы запіс:
1851 г., Брагінская Раства-Багародзіцкая царква:
3 лютага нарадзіўся Трыфан, сын “у временно проживающей въ местечке Брагине на услугахъ у жителя Ивана Иванова Скороходова, съ местечка Холмичъ, крестьянки девицы Евгении Андреевой Климовичевой, незаконнорожденный”.
Цалкам верагодна, што гэта менавіта тая нянька, якая сядзела з Фёдарам за два гады да гэтага. Здзіўляе, што ў прыгоннага селяніна ёсць дзяўчына “на паслугах”.
Вядома, што Іван Іванаў Скараход у 1830-м быў царкоўным старастам і, клапоцячыся пра лёс сваіх двух любімых дачок, удала зладзіў іх далейшы лёс: старэйшую Мар’ю ў 1825-м выдалі за дзяка Пракопа Лявіцкага, сына святара Івана Лявіцкага з мястэчка Холмеч Рэчыцкага павета, а Аляксандру – за шляхціца Ігната Стравінскага. Можна дакладна сказаць, што пасада старасты адыграла ў гэтым не апошнюю ролю.
Удалося вызначыць і месца, дзе мог знаходзіцца дом Івана Скарахода ў 1834-58 гг. Можна амаль дакладна сказаць, што ён стаяў на вул. Савецкай, 83. Цікава, што ў гэтым жа месцы нарадзіўся і жыў вядомы ў ранні савецкі час міліцыянер Піліп Восіпавіч Скараход, у гонар якога названа вуліца ў Брагіне. Тут жа нарадзілася і жыла пляменніца Піліпа – Вера Ігнатаўна Скараход – жонка вядомага партызанскага кіраўніка Пятра Зіновіча, у гонар якога таксама названа вуліца ў Брагіне. Гэтыя Скараходы даводзяцца далёкімі сваякамі Фёдару Стравінскаму.
Ігар Стравінскі ў вядомых “Дыялогах” з Робертам Крафтам узгадваў, што яго прадзед Іван Скараходаў пражыў цэлых 111 гадоў! У сям’і існавала легенда, што іх продак (дзед, ці прадзед), будучы ў старэчым узросце, усё яшчэ бегаў на спатканні да жанчын. Адразу гэтыя «подзвігі» прыпісваліся Ігнату Стравінскаму – бацьку Фёдара і дзеду Ігара, які і на самай справе меў такі характар. Ігар Стравінскі ўспамінаў: «Ігнат Стравінскі славіўся галоўным чынам сваімі эскападамі з жанчынамі, і ў дзяцінстве да мяне дайшлі апавяданні пра яго донжуанства. Яго любоўныя прыгоды не спыняліся аж да глыбокай старасці, дапякаючы майму надзвычай дабрачыннаму бацьку».
Аднак Крафт, убачыўшы неяк фатаграфію пасівелага 111-гадовага Івана Скарахода, раптам вырашыў, што менавіта ён і ёсць той стары дзед, аматар жанчын. З лёгкай рукі Крафта з’явіліся звесткі пра донжуана Івана Скараходава. Відавочна, спасылаючыся на Роберта Крафта, Стывен Уолш так апісвае продка Ігара (пераклад – мой):
«Дзед па матчынай лініі Іван Іванавіч Скараходаў (1767–1879) – гэта ніхто іншы, як той “стары джэнтльмен” з “Дыялогаў” Стравінскага, які памёр ва ўзросце 111 гадоў, зваліўшыся з плота, які ён спрабаваў пералезці, адпраўляючыся на рандэву. Гэтая прывабная карціна адначасова і занадта бездакорная, і занадта апакрыфічная, каб быць праўдай. Таму Скараходаў, падобна, быў не такі, як яго зяць, а мілы стары, які даў прытулак сваёй дачцэ і яе дзецям, і ўсё яшчэ турбаваўся аб сваіх унуках пасля таго, як яны былі ўжо жанатыя».
Пляменніца кампазітара Ксенія Стравінская таксама сумнявалася, што яе продак Іван Скараход быў такім, якім яго прадставіў Крафт. Яна піша ў сваёй кнізе:
“Дарэчы, пра артыкул у часопісе “Амерыка”, дзе напісана пра твайго прадзеда, што ён у 111 гадоў пералазіў цераз плот. Гэтую памылку зрабіў Роберт яшчэ ў сваім артыкуле ў лонданскім часопісе “Энкаунтэр” у 1963 годзе. Боб пабачыў у мяне фатаграфію глыбокага старога 111 гадоў, твайго прадзеда Івана Іванавіча Скараходава. А блытае Роберт гэтага дзядка, памерлага праведнікам, з Ігнатам Ігна-тавічам Стравінскім, тваім дзедам, памерлым 84 гадоў. Вось гэты, здаецца, і быў жыццялюб і грахаводнік».
Але нам давядзецца некалькі развеяць сямейны міф пра ўзрост Івана Скарахода. Не зразумела, адкуль у сям’і Стравінскіх звесткі пра ўзрост Івана Скарахода, але ў рэвізскай казцы паказана, што Івану Іванаву ў 1850-м было 62 гады. Гэта значыць, што ён нарадзіўся ў 1788-м і на момант смерці ў 1879-м яму быў 91 год, а не 111.
Што датычыцца далейшага лёсу Фёдара Стравінскага, то з 1850-га яго аддаюць вучыцца ў Мазырскае вучылішча, пасля заканчэння якога ў 1855 ён паступае ў Нежынскую гімназію, але ў 1861-м пераводзіцца ў толькі што адчыненую Мазырскую гімназію.
Варта адзначыць, што Фёдар Стравінскі вельмі добра валодаў польскай мовай, якую беларуская шляхта ўжывала для зносін у сваім асяроддзі. І да вядомых падзей 1863-га ў Мазырскай гімназіі на пачатку заняткаў чыталася малітва па-польску. Фёдар таксама вёў і свае вядомыя “расходныя кнігі” па-польску, хоць рабіў гэтыя запісы выключна для сябе. Аднак пасля 1864 года Фёдар пачаў пісаць іх па-руску. Каб канчаткова выцесніць польскую мову з абарачэння, тэатральныя пастаноўкі ў гімназіі развучваліся на рускай і ўкраінскай мовах. У Мазыры Фёдар спявае ў царкоўным хоры, удзельнічае ў пастаноўках. Ужо тут ён пачаў прыцягваць да сябе ўвагу сваім голасам. Так, паслухаць спевы Фёдара ў Мазырскі сабор прыходзілі многія гараджане і нават іншаверцы.
У 1865-м Фёдар заканчвае Мазырскую гімназію і паступае зноў у Нежын у юрыдычны ліцэй князя Безбародка, адкуль хутка пераводзіцца ў Адэсу, потым – у Кіеўскі ўніверсітэт. У Кіеве Фёдар вучыцца 3 гады, але ў 1868-м вымушаны перавесціся зноў у Нежынскі ліцэй. Навучанне ў ліцэі Нежына не патрабавала вялікіх намаганняў для былога студэнта Кіеўскага ўніверсітэта, і Фёдар часта ездзіў у Кіеў і ўвесь аддаўся музыцы, наведваючы оперы і канцэрты.
Фёдар канчаткова вырашыў, што не будзе юрыстам. Тым не менш адукацыю атрымаў, скончыўшы ліцэй у 1869 годзе, і выехаў у Пецярбург для паступлення на службу ў Міністэрства юстыцыі. Праца гэтая абяцала нябеднае існаванне. Але музыка была значна важней, і ў 1869–1873 гг. Фёдар ужо навучаецца ў Пецярбургскай кансерваторыі.
Стравінскі, не валодаючы ідэальным голасам, усё ж заўсёды прыцягваў вялікую ўвагу сваімі выступленнямі. Кожны новы вобраз быў старанна падрыхтаваны і прадуманы, вывучана літаратура, звязаная з новай роляй. Гэтая сур’ёзная падрыхтоўка дазваляла вельмі арганічна ўжывацца ў любы вобраз, і выступленні Фёдара Ігнатавіча карысталіся вялікай папулярнасцю. Валодаў ён і вызначаным мастацкім талентам (захаваліся сотні яго малюнкаў). У Пецярбургу ў Стравінскіх была велізарная бібліятэка рэдкіх кніг.
Фёдар Ігнатавіч увесь час рос і гадаваўся ва ўмовах сталага недахопу грошай. Маці, жывучы ў Брагіне ў свайго бацькі, не мела асаблівых сродкаў дапамагчы сыну. Грашовую дапамогу па меры магчымасці аказваў брат Аляксандр, ужо будучы афіцэрам. Такія ўмовы выпрацавалі ў Фёдара звычку эканоміць, весці “расходныя кнігі” практычна ўсё свае жыццё, з 1864-га па 1902-гі год. Дарэчы, у гэтых кнігах Фёдар апісваў і выдаткі пры паездках у Брагін. Ксенія Стравінская піша: “Усё жыццё вашай сям’і адлюстравана [у расходных кнігах] дзень за днём. Як вы ехалі па Волзе ў Паўлаўку і спыніліся ў сваякоў у Ніжнім Ноўгарадзе. Паездкі ў Брагін і Горваль, у Парыж і на воды ў Гомбург”.
Стывен Уолш паказвае на важную сямейную акалічнасць:
“Фёдар Стравінскі ніколі не валодаў маёмасцю. Будучы самым малодшым з трох сыноў, ён не мог атрымаць хату ў Брагіне ў спадчыну, і ад яго бацькі не было чаго ўспадкаваць. Як у працавітага музыканта, у яго не было ні грошай, ні часу, каб укладваць сродкі ў нерухомасць, а на той момант, калі ён быў досыць паспяховым, каб думаць пра гэта, яго здароўе пачало пагаршацца. Таму ён здымаў жыллё. Ён здымаў жыллё ў Кіеве і ў Санкт-Пецярбургу. Вядома, і дачы ў Араніенбауме былі здымныя (1882, 1884 і 1885) …»
У Пецярбургу Фёдар Стравінскі ўзяў шлюб з Ганнай Кірылаўнай Халадоўскай – піяністкай і спявачкай. У іх нарадзіліся дзеці: Раман (1874–1897) – памёр малады, Юрый (1878–1941) – архітэктар, памёр у блакадным Ленінградзе, Ігар (1882–1971) – вядомы кампазітар, Гурый (1884–1917) – акадэмічны спявак.
З 1876-га і да самай смерці Фёдар Стравінскі з’яўляўся салістам Пецярбургскага Марыінскага тэатра. Памёр ва ўзросце 59 год, 21 лістапада 1902-га. Пахаваны на Ціхвінскіх могілках Аляксандра-Неўскай Лаўры. У 1915-м у Марыінскім тэатры быў усталяваны бюст спевака.
***
А што ж маці Фёдара Стравінскага? Дзе яна жыла і чым займалася ўвесь гэты час? Дзеці неаднаразова наведвалі яе ў Брагіне, пра што таксама сведчыць ліст Івана Іванава Скарахода свайму ўнуку Фёдару, адпраўлены з Брагіна ў 1877 годзе У ім ёсць цікавыя факты пра жыццё ў мястэчку, і ён наогул кажа многае аб адносінах у сям’і Скараходаў і Стравінскіх.
Гэты ліст быў апублікаваны ў кнізе Л.М. Кутатэладзэ “Ф.Стравинский: статьи, письма, воспоминания” (спасылкі ў тэксце – Кутатэладзэ):
И. И. Скороходов – Ф. И. Стравинскому, Брагин, 7 ноября 1877 г.
«Дорогие, любезнейшие наши дети Федор Игнатьевич, Анна Кирилловна, Роман Федорович Стравинские.
Мы получили ваше письмо. Хотя и долго ждали, но нас обрадовало, что вы живы и здоровы. Вы по отъезде из Брагина сейчас нам писать обещали, а мы и думали, и скучали по вас. А так мы теперь радуемся, что Романа двухлетие – гуляли, гостей принимали. Ты пишешь, что наш Саша по отъезде твоем из Брагина писал тебе семь писем. А нам вдвое более писал. В последнем пишет нам, чтобы мы починили свой дом, ибо он знает, что уже стар, течь, сырость, чад. Ибо когда он был зимою у нас, то, учадев, угорел. Он беспокоится; а у нас-то средств нет. А то ему теперь, бедняку, трудно терпеть: живут в землянках. Он уже был в сражении, Бог его хранил от убоя; дай Бог его нам и вам видеть здоровым и веселым. Он нам писал о вас, когда вы были у нас, и спрашивает: понравилась вам Анна Кирилловна. Всякому, кто ее знает, она понравится. Он крепко любит и жалует вас, также и мы любим и жалуем вас, слов не доберем. Бог вас нехай любит и жалует. То, что пишешь об военных царской фамилии – что убит племянник, мы уже знаем. Газета два раза в неделю в волость приходит, и от того, кто держит газеты, мы вперед знаем.
Вы когда были у нас, пообещали нашей Марье девке и нам кой-что прислать из платьев и гостинца. Ибо мы отдадим замуж Марью к празднику и ждем посылки. Вы обижаетесь тому, что Ольга не подписалась, когда ты писал отцу и ей. Ольга тогда была больна. Ее надо жалеть, ибо она одна у вас сестра. Протоиерей Еремич и Ульян Мигай [*] кланяются вам. Мамаша просила, чтобы вы им написали. Просим вас, пишите нам почаще, чтобы мы знали, что вы здоровы и веселы. А за сим благословим вас, [желаем] всякого благополучия, здоровья. Искренно вас любящие родные мамаша Александра Ивановна, тетушка Мария Ивановна Левицкая, дедушка Иван Иванович Скороходов».
(* Максім Анісімавіч Ярэміч – святар Брагінскай Мікалаеўскай царквы, Юльян Фёдаравіч Мігай – святар Брагінскай Раства-Багародзіцкай царквы).
Пра лёс маці Фёдара Стравінскага кажуць толькі некаторыя скупыя адрывістыя архіўныя радкі. Як пісалася вышэй, Аляксандра Іванаўна разышлася з мужам Ігнатам Стравінскім неўзабаве пасля нараджэння апошняга сына Фёдара і з’ехала жыць у Брагін да бацькі Івана Скарахода.
У метрычных кнігах Брагіна і іншых архіўных крыніцах дваранка Аляксандра Стравінская мімаходам згадваецца некалькі разоў:
• у 1864 пры пераходзе габрэя Брагінскага кагала Матыля Ражаўскага ў праваслаўную веру, хроснай была (акрамя іншых) “дворянина Игнатия Стравинскаго жена Александра Иванова”.
• У перыяд 1866-68 пры перабудове Брагінскага касцёла ў Ціханаўскую царкву сярод ахвяравальнікаў для новай царквы згадваецца, што дваранка Стравінская з жанчынамі дала палатно “для облаченія престола и жертвенника” на 15 руб.
• У 1893 удава Аляксандра Іванава, па мужу Стравінская, дачка Івана Іванава Скарахода, канчаткова выкупляе ўчастак нябожчыка бацькі ў мястэчку Брагін. Адзначана, што сядзіба бацькі пасля яго смерці была “въ её постоянном и фактическомъ пользованіи”.
Біёграфы Стравінскіх адзначаюць, што Аляксандра была простая добрая жанчына і нядрэнна спявала. Яна нават не ўмела пісаць, што не дзіўна для таго часу і месца. Аднак, нягледзячы на гэта, Аляксандра Іванаўна змагла выхаваць і вывучыць сваіх дзяцей, вырасціць з іх годных людзей. Па дадзеных з радаводу Ігара Стравінскага, бабуля Аляксандра памерла ў 1898-м. Калі яна жыла перад смерцю ў Брагіне, то тут павінна была быць і пахавана.
Што тычыцца нашчадкаў Ігара Стравінскага, то іх засталося няшмат.
У ЗША цяпер пражывае адзіны носьбіт прозвішча – Джон Стравінскі, сын Святаслава Ігаравіча Стравінскага, унук кампазітара і праўнук саліста
Марыінскай оперы. У Джона два сыны. У Жэневе жыве Марыя Елачыч, 1967 г.н., якая пра сябе піша: “Я апошняя з Стравінскіх у Еўропе”. Марыя з’яўляецца праўнучкай Ігара Стравінскага. Іншых прамых нашчадкаў у вядомага кампазітара няма.
Гэты матэрыял з’яўляецца толькі спробай вярнуць згубленыя імёны вядомых людзей у гісторыю Беларусі. Яшчэ многія архіўныя дакументы, якія маглі б праліць святло на некаторыя моманты ранняй гісторыі сям’і Стравінскіх, застаюцца не вывучанымі.
Даследаванне працягваецца…
Віктар ГІЛЕЎСКІ