Падчас асенніх канікулаў работнікі МНС завіталі да наведвальнікаў аздараўленчага лагера, які працуе на базе Брагінскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Мэта сустрэчы – яшчэ раз нагадаць хлопчыкам і дзяўчынкам, як патрэбна паводзіць сябе пры пажары ў кватэры, дзе можна бяспечна гуляць на вуліцы, а дзе гэтага рабіць не варта, і многае іншае. Як паказвае практыка, лепш за ўсё дзеці засвойваюць правілы праз гульню. Таму работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях падрыхтавалі гульню “Кола бяспекі”. Яе сутнасць простая: неабходна круціць кола з заданнямі, за выкананне якіх налічваюцца балы. Так было і на гэты раз.
Напрыканцы кожны ўдзельнік атрымаў невялікі падарунак ад выратавальнікаў за веды правілаў пажарнай бяспекі і імкненне да перамогі. Па словах дзяцей, гульня ім вельмі спадабалася і яны з нецярпеннем чакаюць наступнай сустрэчы з работнікамі МНС.
Падрыхтавала Вольга ПАЛЯШЧУК