Нам пішуць. Скарбы зямлі брагінскай

Год малой родины Грамадства Літаратурная гасцёўня Нашы праекты: імёны малой радзімы

Хочаце верце, хочаце не,
Але скажу вам па сакрэту:
Шэсцьдзясят пяць толькі мне
І я не стары яшчэ дагэтуль.
Няхай першага, у жнівень,
Не будзе ніякіх хмар.
Каб хлынуў радасці лівень
І збылося здзяйсненне мар.
Давайце ў святы ці будзень,
У мокры дзень альбо спякоту
Шчырымі і шчодрымі будзем –
Тварыць зямныя даброты.

Я таксама віншую ўсіх людзей, якія нарадзіліся першага жніўня.

Усім здароўя, даўгалецця і шчаслівай долі!

Аляксандр ЦЯРЭШЧАНКА

 

Скарбы зямлі брагінскай

Мяне не пакідае жаданне пісаць у нашу раёнку. Кожны раз перад вачамі паўстае вобраз супрацоўнікаў рэдакцыі і міжволі апаноўвае пачуццё павагі, удзячнасці і гонару за гэты зладжаны і таленавіты калектыў. Шчыра прызнаюся, што зачытваюся артыкуламі Ніны Сінілавай. Вельмі падабаецца стыль Валянціны Бельчанкі і Ірыны Стычынскай. Ганаруся выпускніцай нашай школы Вольгай Паляшчук, якая ўдала і з густам ажыўляе старонкі газеты актуальнымі фотаздымкамі і трапнымі каментарыямі да іх. Само сабой зразумела, што належны тон у працы калектыву рэдакцыі задае яе галоўны рэдактар Галіна Шаўчэнка.

Газета аператыўна і ўсебакова адлюстроўвае падзеі ў краіне і раёне, на сельгаспрадпрыемствах, ва ўстановах адукацыі, культуры і аховы здароўя. На старонках выдання паўстаюць людзі, якія сваёй працай і талентам памнажаюць скарбонку славы брагінскай зямлі. Іншымі словамі, з аднаго боку, наша раёнка носіць пазнавальны характар, а з другога – тут знойдуцца карысныя парады кожнаму чытачу: педагогу і медыку, хатняй гаспадыні і маладым бацькам, аматарам рыбалкі, пачынаючым садаводам і нават прыхільнікам паэзіі.

Вядома, што ў газету пішуць і тыя, хто жыве за межамі раёна. Апавяданні, вершы і песні нашых землякоў друкуюцца на “Літаратурнай старонцы”. Пра творчасць аднаго з такіх аўтараў, песняра зямлі брагінскай Аляксандра Цярэшчанкі я і хачу падзяліцца сваімі ўражаннямі. Тэматыка яго вершаў рознабаковая: аб гераізме землякоў, роднай вёсцы і бацькоўскай хаце, пяшчотных руках матулі, каханні і вернасці. Калі чытаеш яго натхнёныя радкі, здаецца, што аўтар гаворыць ад твайго імя, быццам бы ён зазірнуў у душу, і таму так трапна і дакладна перадае твае пачуцці і думкі, мары і надзеі. Дарэчы, так лічу не толькі я, але і мая былая калега па Хракавіцкай школе Святлана Данілаўна Ганчарэнка.

Мінулым летам я даведалася, што Аляксандр Паўлавіч не толькі складае вершы, але і з’яўляецца аўтарам слоў да шматлікіх песень, якія сольна выконвае сваім пранікнёным мілагучным барытонам. Асаблівае ўражанне на ўсю маю сям’ю аказала песня “Хракавічы”.

Магчыма, таму што мой родны Рафалаў знік з карты раёна пасля чарнобыльскай катастрофы, а ў Хракавічах мы з мужам адпрацавалі па 34 гады, вырасцілі дзяцей, дачакаліся ўнукаў. Шмат чаго перажылі, але, нягледзячы ні на што, захавалі самыя светлыя ўспаміны аб добрых людзях гэтай вёскі.

У знак шчырай удзячнасці за песню, якая вярнула ўсю маю сям’ю ў тыя цудоўныя гады і засталася гучаць у сэрцах на ўсё жыццё, я патэлефанавала Аляксандру Паўлавічу на Светлагоршчыну (дагэтуль ні разу яго не бачыла). Уразіў мяне шчыры і лагодны голас суразмоўцы, светлыя думкі і добрыя памкненні. Чырвонай ніткай праз яго выказванні праходзілі дзве акалічнасці: дабрыня і чалавечнасць.

Пашчасціла мне мець размову і з жонкай Аляксандра Паўлавіча – Галінай Рыгораўнай, жанчынай разважлівай, памяркоўнай і шчырай.

Як у народзе кажуць, Бог удала падабраў гэтую сямейную пару. З яе слоў я зразумела, што наш зямляк чэрпае натхненне ад сваёй сям’і, каханай жонкі, роднай прыроды, любімай справы. На развітанне жанчына сціпла дадала: “Ён жа і мне прысвяціў песню, якую так і назваў – “Галіна”.

Прызнаюся, што ахоплівае гонар за сваіх таленавітых землякоў, якія ўмеюць стварыць настрой і сабе, і тым, хто побач. А калектыву рэдакцыі выказваю ўдзячнасць за шырокае адлюстраванне на старонках газеты творчасці яе чытачоў.

Сёння Аляксандру Паўлавічу спаўняецца 65 гадоў.  Уся мая сям’я жадае яму плёну і натхнення ў паэтычнай творчасці. Да слоў прызнання і павагі далучаюцца таксама мае муж, дачка і сын.

Любоў МАЙСЕЕНКА

 

Аляксандр Цярэшчанка з песняй “Хракавічы”