Прадстаўляем аўтара: вершы Ніны Грахоўскай (Валасач) пранізаны любоўю да малой радзімы

Літаратурная гасцёўня

Роднай зямлі прыцягненне…

На днях рэдакцыя атрымала ліст ад Ніны Грахоўскай (Валасач). Яна нарадзілася ў вёсцы Аляксееўка, але па волі лёсу жыве і працуе на Міншчыне ўжо 40 гадоў.

“Я палюбіла прыгожую Лагойшчыну, яе працавітых і сумленных людзей, яна стала для мяне другой радзімай. Але часта начамі мне сняцца мясціны, дзе я нарадзілася, дзе прайшло маё дзяцінства і юнацтва, дзе знайшлі свой вечны прытулак мае продкі і бацькі – невялікая вёсачка Аляксееўка, маленькая кропка на карце Беларусі, маленькая парушынка ў Сусвеце і самая дарагая майму сэрцу малая радзіма.

Малая радзіма – святое месца. Яно цягне да сябе нябачнай, але дужа моцнай ніткай. Для кожнага з нас яна – самая прыгожая і лепшая. Бо тут самыя квяцістыя сады, самыя лепшыя краявіды, самы непаўторны водар. Бо тут жывуць асаблівыя людзі.

Нішто не паўтараецца і не вяртаецца назад. Часам хочацці кінуць усё і паехаць туды, дзе ўсё такое знаёмае, мілае і дарагое сэрцу. Але… Але пустуе родная хата. Няма болей школы, якая некалі ўмяшчала каля 400 дзяцей…

Я жадаю табе пражыць як мага болей, мая вёсачка, мая малая радзіма! Бо ты – маё жыццё, мая памяць, мае хвілінкі радасці і смутку…” ,– гэтыя радкі яскрава сведчаць аб той непарыўнай сувязі з роднымі мясцінамі, якая з намі ўвесь наш век.

Піша Ніна Васільеўна і вершы. Прапануем іх нашым чытачам.

Я родам з Палесся

Я родам з Палесся, паўднёвага краю,
Дзе цягнуцца ўдалеч, як стрэлкі, дарогі,
Тут хлебам і соллю людзей сустракаюць,
Сюды, у дзяцінства, вядуць мяне ногі.
Тут сонца ярчэй і лугі зелянейшыя,
І хвалі ў рэках такія шумлівыя,
Душою і сэрцам тут людзі дабрэйшыя,
А дзеці раджаюцца толькі шчаслівыя.
Дзяўчаты тут стройныя і працавітыя,
І хлопцы, як волаты, спрытныя, дужыя.
Народам тут песні дзядоў не забытыя,
У працы і ў горы вяскоўцы ўсе дружныя.
Я родам з Палесся, цудоўнага краю,
Дзе сосны, як мачты, упіраюцца ў неба.
Радзіме бацькоў і дзядоў прысягаю.
Зямель мне чужых і багаццяў не трэба.

***

Кут бацькоў

Я люблю ненаглядны свой край,
Шумны лес і жаўронкаў у полі,
Кут бацькоў, мой рамонкавы рай,
І не трэба мне іншае долі.
Як шумяць на прасторах вятры
І хвалюецца ў полі калоссе,
Дзесьці ў полі гудуць трактары,
Жураўлі тут курлычуць увосень!
Смех дзіцячы да сэрца так мне,
Пах чаромхавы голаву кружыць,
Кут бацькоў, як у казачным сне,
Зачаруе цябе, прыварожыць.
Калі раптам ахопіць адчай
І самота ў душу нахлыне,
На світанку зару прывітай,
Сэрца хутка ад болю астыне.
Я не ведаю лепшай зямлі,
І чужога не трэба мне хлеба,
Васількі каб у полі цвілі,
І было толькі яснае неба.
Кут бацькоўскі, старонка мая,
Я пражыць без яе не змагу.
Хай квітнее ў шчасці яна,
Для нашчадкаў яе зберагу.

***

Дзедаў сад

Знаёмы лес, барок, рачулка,
Як стужка, цягнецца дарога.
Трапеча сэрца гулка-гулка,
І на душы ляжыць трывога.
Бацькоўскі край, мой родны кут,
У каторы раз цябе вітаю.
Прайшло маё маленства тут,
Яго з любоўю успамінаю.
Вось хата родная стаіць,
Яна са мной сустрэчы рада.
Чаромха лісцямі шуміць,
На ўсю акругу водар сада.
Яго мой дзед даўно садзіў
Ігрушы, яблыні і вішні.
Дзядуля мой садоўнік быў
Казаў ён мне яшчэ калісьці:
“Пражыць не цяжка на зямлі,
Вось чалавекам стаць складана.
Каб людзі шчасліва жылі
Жыць трэба ўсім самааддана.
Людзей не крыўдзі і не злуй,
Душа заўжды хай будзе чыстай,
Ад добрых слоў падзяку чуй,
Жыві ў справе бескарыснай.
А справай славен чалавек,
І помні, унучка, час мінуе —
Не скончыцца вішневы век,
Бо для людзей свой сад саджу я”.
Вясной гляджу на белы сад,
І словы дзеда ўспамінаю.
Дзядуля быў бы вельмі рад,
Што я наказ не забываю.
Хай дабрыня жыве заўжды,
Як памяць працы чалавечай.
Імгненнем праляцяць гады –
А саду продкаў цвісці вечна.