19 мая – Дзень піянерскай дружбы

Галоўнае Грамадства

Адзін з першых піянерскіх атрадаў на Брагіншчыне. У цэнтры – піянерважатая С.М. Шайкевіч. Вёска Савічы.

Некалі жыхары СССР 19 мая святкавалі дзень нараджэння піянерыі. А зараз у календары школьнікаў гэтая дата пазначана як  Дзень піянерскай дружбы.

З гісторыі

Піянерская арганізацыя – дзіцячае  аб’яднанне,  добра вядомае людзям старэйшага пакалення, якія вучыліся ў школе ў савецкія гады. Многія з іх і сёння працягваюць з гонарам расказваць аб часе, калі на іх шыі развяваўся чырвоны гальштук, а на грудзях ірдзеў вогнішчам значок з выявай Леніна. Датай заснавання піянерыі лічыцца 19 мая 1922 года. У гэты дзень на II Усерасійскай канферэнцыі камсамола было прынята рашэнне аб стварэнні піянерскіх  атрадаў  па  ўсёй краіне.

Не сакрэт, што гісторыя аб’яднання пачынаецца з міжнароднага скаутскага руху, а сярод заснавальнікаў ёсць і вядомыя ў мінулым скаўты. Адзін з іх – педагог-наватар Інакенцій Жукаў. Гэта ён  прапанаваў  даць  новай  савецкай арганізацыі назву “піянеры”. Тады ж зялёны  скаўцкі гальштук  стаў чырвоным, а тры пялёсткі лілеі на значку пераўтварыліся ў языкі полымя, што сімвалізавалі сабой тры пакаленні: піянераў, камсамольцаў і камуністаў. Дэвіз жа застаўся ранейшы:  “Будзь  гатовы!”  з адказам:  “Заўсёды гатовы!”

Для юных жыхароў нашага раёна  1922 год таксама азнаменаваўся такой важнай падзеяй, як стварэнне першых піянерскіх атрадаў у Брагіне  і  Камарыне.  У   іх  складзе  тады налічвалася 75 хлопчыкаў  і  дзяўчынак.

З гадамі новы рух набіраў папулярнасць, чаму спрыяла як актыўная дзяржаўная падтрымка, так і творчасць дзіцячага пісьменніка Аркадзя Гайдара.  Дарэчы, гэта з яго лёгкай рукі з’явіліся цімураўцы. Так і зараз называюць піянераў, якія бескарысліва прыходзяць на дапамогу ўсім, каму патрэбна падтрымка.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны падлеткі таксама ўнеслі свой уклад у антыфашысцкую барацьбу, дапамагаючы партызанам і падпольшчыкам, працуючы ў тыле на фабрыках і заводах. Дзясяткі тысяч піянераў тады атрымалі розныя дзяржаўныя ўзнагароды, ёсць сярод іх і Героі Савецкага Саюза.

Праз аб’яднанне, якое спрыяла станаўленню юнай асобы,  развіццю творчых здольнасцей, прайшло не адно пакаленне. Тут хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся сябраваць, дапамагаць адзін аднаму, трымаць слова перад калектывам, быць патрыётамі…

Думаю, ніхто не будзе спрачацца, што піянерыя –  адна са светлых старонак нашага савецкага мінулага. Для дарослых белару- саў памяць  аб  ёй  раўназначная памяці аб шчаслівым дзяцінстве са спаборніцтвамі паміж  дружынамі, летнім  адпачынкам у лагерах і вячэрнімі піянерскімі вогнішчамі.

Піянерская дружына імя Валодзі Дубініна (Хракавіцкая СШ).

Наш час

У ліпені 1990 года Беларусь абвясціла  аб  суверэнітэце. А 13  верасня на X Рэспубліканскім  злёце піянераў аб  самастойнасці заявіла і Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя. Тады ж быў  прыняты першы Статут новага аб’яднання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка не раз  адзначаў, што Беларуская рэспубліканская піянерская аргані-зацыя з годнасцю працягвае славутыя традыцыі папярэднікаў, уносіць значны ўклад у выхаванне ў падрастаючага пакалення пачуцця патрыятызму, садзейнічае фарміраванню актыўнай жыццёвай  пазіцыі.  Дарэчы, у верасні ГА “БРПА” будзе святкаваць  сваё  30-годдзе.

Да мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня піянерскай дружбы, улічваючы складаную эпідэміялагічную сітуацыю і рэкамендацыі спецыялістаў,  можна  далучыцца ў сацыяльных сетках.  Так, раённая арганізацыя  ГА “БРПА” з 14 па 19 мая  запрашала ўсіх жадаючых прыняць удзел у інтэрнэт-чэленджы фотаздымкаў.  Для гэтага неабходна размясціць у сацсетцы “ВКонтакте” фота ці калаж з піянерамі  і  дапоўніць публікацыю кароткім апісаннем, хэштэг #Деньпионерскойдружбы – абавязковы. У школах раёна плануецца таксама правесці конкурсы малюнкаў на асфальце “Вясёлка  дружбы”, тэматычныя квэст-гульні і віктарыны.

Сёння раённая піянерская арганізацыя аб’ядноўване 1114 дзяцей, 492 з якіх – акцябраты.

Вольга ПАЛЯШЧУК