Парушыў рэжым самаізаляцыі? Рыхтуйся заплаціць штраф

Важнае Грамадства СтопCOVID

У сувязі з распаўсюджваннем каронавіруса медыкі рэкамендуюць рэгулярна мыць рукі з мылам, не дакранацца да вачэй, носу і рота, трымацца на адлегласці не менш за метр ад людзей, якія кашляюць ці чхаюць, а пры дрэнным самаадчуванні заставацца дома. Некалькі тыдняў таму ў нашай краіне прынята рашэнне адпраўляць на ізаляцыю тых, хто прыехаў у Беларусь з краін, дзе былі зарэгістраваны выпадкі COVID-19, – дзеля іх уласнага здароўя і каб зменшыць рызыку заражэння іншых.

Як выконваюць рэжым самаізаляцыі брагінчане, штодня кантралююць супрацоўнікі раённай бальніцы, аддзела ўнутраных спраў, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У адзін з такіх рэйдаў мы і накіраваліся разам са спецыялістамі, каб даведацца, як нашы землякі ставяцца да мер абмежавання.

У руках правяраючых – спісы з адрасамі, а ў ліку абавязковых сродкаў абароны – медыцынскія маскі і пальчаткі. У кватэру ці дом заходзіць нельга, таму ўсе пытанні высвятляюцца літаральна на парозе і з захаваннем дыстанцыі 1,5 метра.

Пры наведванні ў кожнага пытаюцца пра стан здароўя і ў чарговы раз нагадваюць аб правілах паводзін. Памочнік урача-эпідэміёлага раённага ЦГЭ Алеся Нікіценка не стамляецца агучваць патрабаванні Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 красавіка 2020 года №208 “Аб увядзенні абмежавальнага мерапрыемства”, згодна з якім выходзіць з дому можна толькі ў выпадку крайняй неабходнасці: у бліжэйшы магазін за прадуктамі харчавання, аптэку ці вынесці смецце. Пры гэтым абавязкова патрэбна быць у медыцынскай масцы і не кантактаваць з іншымі людзьмі.

Чалавек, які знаходзіцца на самаізаляцыі, павінен максімальна абмежаваць любыя зносіны, у тым ліку і з роднымі, якія пражываюць у адной з ім кватэры, не забываць аб дыстанцыі ў 1,5 метра. Неабходна як мага часцей праветрываць памяшканне, праводзіць вільготную ўборку, надаючы асаблівую ўвагу ручкам дзвярэй, тэлефонным апаратам, пультам кіравання, камп’ютарным клавіатурам і мышкам, іншым гаджэтам. Акрамя гэтага, патрэбна мець асобны посуд, ручнікі, пасцельную бялізну.

Брагінчане, якіх мы наведалі, запэўнілі, што выконваюць усе патрабаванні, разумеюць адказнасць за тое, што знаходзяцца ў групе рызыкі і могуць быць распаўсюджвальнікамі інфекцыі.

Аднак важнасць ахоўных мер пакуль усведамляюць не ўсе. Некаторыя, ігнаруючы правілы, ставяць пад пагрозу як сваіх блізкіх, так і незнаёмых людзей. Напрыклад, 15 красавіка ў Брагінскі РАУС паступіла паведамленне: умовы самаізаляцыі парушыў жыхар адной з вёсак раёна, што напярэдадні прыехаў з Масквы. Медработнік, які завітаў да мужчыны ў першы ж дзень, расказаў яму аб неабходных абмежаваннях, выкарыстанні масак, пальчатак і дэзсродкаў. Але раніцай вясковец, праігнараваўшы ахоўныя меры, пайшоў у суседнюю вёску, каб наведаць гандлёвыя кропкі. Калі да мужчыны прыехалі супрацоўнікі міліцыі, той ужо знаходзіўся ў нецвярозым стане. Зараз яму пагражае адміністрацыйная адказнасць па арт. 23.4 КаАП (за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа).

Па словах часова выконваючай абавязкі начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Валерыі Кудрэнкі, парушальнік умоў самаізаляцыі можа атрымаць штраф да пяцідзесяці базавых велічынь. На шчасце, лю-дзей, якія адказна ставяцца да патрабаванняў, усё ж больш.

Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара