4 сакавіка – Дзень міліцыі

Грамадства Праздники и будни

За правапарадак у Брагіне адказвае ўчастковы інспектар міліцыі Іван Пархоменка.

З 7 лютага Брагінскі РАУС узначальвае Мікалай Семяніцкі. Новы кіраўнік ужо пазнаёміўся з калегамі, увайшоў у курс спраў і вызначыўся, на якіх накірунках дзейнасці акцэнтуе асаблівую ўвагу. Мікалай Уладзіміравіч упэўнены, што вынікі працы залежаць ад таго, наколькі прафесійным, зладжаным і мэтанакіраваным з’яўляецца калектыў. І трэба адзначыць, што работнікі аддзела заўсёды з поспехам вырашалі пастаўленыя перад імі задачы, неаднойчы з’яўляліся лідарамі па раскрывальнасці злачынстваў сярод іншых РАУС вобласці.

Парадавала статыстыка і за мінулы год. Так, на 50% у параўнанні з 2018-м зменшылася колькасць злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін, на 35% – рэцыдыўных. Не зарэгістравана злачынстваў, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Адзначана і зніжэнне колькасці дарожна-транспартных здарэнняў. Пры гэтым выяўлены 2628 парушэнняў правілаў дарожнага руху, 366 фактаў перавышэння хуткасных рэжымаў, затрыманы 46 нецвярозых вадзіцеляў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 416 пешаходаў.

Давер заслужаны

Па сутнасці міліцыянер застаецца на службе нават тады, калі ён знаходзіцца на адпачынку ці дома. У любы момант супрацоўніка могуць падняць па трывозе, і ён павінен накіравацца туды, дзе чакаюць яго дапамогі. Безумоўна, адна з вядучых роляў у вырашэнні праблем грамадзян сёння належыць участковым інспектарам міліцыі. З верасня мінулага года за правапарадак у Брагіне адказвае Іван Пархоменка. Па словах кіраўніцтва, Іван Аркадзьевіч заўсёды ўважліва ставіцца да зваротаў людзей, гатовы дапамагчы кожнаму, выслухаць усіх.

Родам участковы з Хойнік. Пасля школы паступіў у Магілёўскі інстытут МУС. І так склалася, што першым месцам працы маладога спецыяліста стаў Брагінскі РАУС. У жніўні 2017 года ён быў накіраваны на адміністрацыйны ўчастак №3 у Камарыне.

Спецыфіка работы ўчастковых своеасаблівая. Гэта і ненарміраваны працоўны дзень, і неабходнасць быць заўсёды на сувязі, у курсе ўсяго, што адбываецца на падкантрольнай тэрыторыі. Між тым, па словах Івана Аркадзьевіча, гэта і неацэнны вопыт, паколькі часта даводзіцца прымяняць на практыцы навыкі следчага і аператыўніка, весці дакументацыю і раскрываць злачынствы. Іншымі словамі, быць універсалам. Напрыклад, у Камарыне ён быў адзіным прадстаўніком праваахоўных органаў, таму менавіта да яго звярталіся людзі са сваімі праблемамі. Да таго ж у пасёлку пражывае нямала замежных грамадзян, а значыць, патрэбна было сачыць, каб яны не парушалі міграцыйнае заканадаўства. Такая акалічнаць уласціва любому прыгранічнаму населенаму пункту, і ў гэтай справе дапамагала цеснае супрацоўніцтва з пагранічнай службай.

За два з паловай гады Івану Аркадзьевічу часта даводзілася сутыкацца і з сямейным недабрабытам. Найбольш цяжка псі-халагічна, па словах участковага, удзельнічаць у працэдуры адбірання дзяцей у бацькоў, якія вядуць амаральны лад жыцця. Але калі абодва дарослыя знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, а непаўналетнія прадстаўлены самі сабе, гэта адзінае выйсце з сітуацыі.

У зоне асаблівай увагі Івана Аркадзьевіча – тыя, у каго раней ужо былі праблемы з законам. Гэта асобы, якія стаяць на прафілактычных уліках у органах унутраных спраў. Пра іх таксама неабходна ведаць усё: як справы на працы, што адбываецца ў сям’і, дзе праводзяць вольны час.

Ну і, вядома ж, нельга забываць аб барацьбе з самагонаварэннем. Так, падчас службы ў Камарыне, па словах участковага, за выраб моцных напояў да адказнасці былі прыцягнуты 15 чалавек, прычым некаторыя з іх – неаднаразова. Дарэчы, калі парушальнік ідзе на супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі і добраахвотна згаджаецца здаць усе забароненыя напоі і прадметы, ён можа быць прыцягнуты да самага мінімальнага пакарання – папярэджвання. У адваротным выпадку яго чакае штраф да пяці базавых велічынь, а пры паўторным парушэнні – да трыццаці.

Усяго ў рамках мерапрыемстваў па прадухіленні незаконнага абароту алкаголю ў 2019 годзе супрацоўнікамі РАУС канфіскавана 128,2 літра самагонкі і брагі, 37,4 літра спіртазмяшчальнай прадукцыі, знішчана пяць самагонных апаратаў, да адказнасці прыцягнуты 24 чалавекі. З мэтай прафілактыкі правапарушэнняў наладжана ўзаемадзеянне з судамі па правядзенні выязных пасяджэнняў. Так, у мінулым годзе прайшло 15 пасяджэнняў па накіраванні хранічных алкаголікаў у лячэбна-працоўныя прафілакторыі.

Аналітычныя здольнасці, эрудыцыя, камунікабельнасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу ў любую хвіліну – усё гэта дазволіла Івану Аркадзьевічу заслужыць давер брагінчан. А апраўдаць яго, па словах участковага, можна толькі адказным стаўленнем да даручанага, спагадлівасцю і ўвагай да праблем кожнага.