1 кастрычніка – Дзень пажылых людзей

Галоўнае Грамадства

Па добрай традыцыі ў пачатку кастрычніка мы ўшаноўваем наша старэйшае пакаленне. Свята пажылых людзей – выдатная магчымасць яшчэ раз сказаць шчыры дзякуй вам, паважаныя ветэраны вайны і працы, за ўсё добрае, што здзейснілі і яшчэ зробіце на карысць раёна і краіны. Гэта даніна павагі тым, перад кім мы ў неаплатным даўгу, і ў нашых сілах зрабіць іх жыццё лепшым. Дастаткова толькі праявіць увагу, клопат і падтрымку. А часам і звычайныя цёплыя словы, чалавечая спагада здольны ствараць сапраўдны цуд.

Побач з намі

Сёння, па даных упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны, у нашым раёне пражывае 3404 пен-сіянеры, што складае 29% ад агульнай колькасці мясцовага насельніцтва. Большасць з іх атрымліваюць працоўныя пенсіі – 3263 чалавекі, у тым ліку па ўзросце – 2427. Амаль 77% з гэтай колькасці – асобы, якім за 60 гадоў: 870 мужчын і 1634 жанчыны. Сярэдні памер пенсій у раёне на першага верасня склаў 475,90 руб., што перавышае велічыню бюджэту пражытачнага мінімуму ў два разы. Чытыром нашым землякам, дарэчы, устаноўлена пенсія за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь.

За апошнія пяць гадоў колькасць тых, хто дасягнуў шасцідзесяці, зменшылася з 2809 да 2504 чалавек, а працуючых, наадварот, вырасла з 183 да 255 за кошт павелічэння пенсійнага ўзросту.

Яшчэ ў страі

Нягледзячы на заслужаны адпачынак, многія з прадстаўнікоў старэйшага пакалення вядуць актыўны лад жыцця: далучаюцца да творчасці, спорту, культурных мерапрыемстваў, займаюцца грамадскай работай, уносяць уклад у патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі, па-ранейшаму рэалізоўваць сябе ў прафесіі, праяўляючы стараннасць і адказнасць. Працоўную дзейнасць у нашым раёне працягваюць 544 (16%) пенсіянеры, 255 (8%) з якіх дасягнулі 60-гадовага рубяжа.

З дзяржаўнай падтрымкай

У краіне створана маштабная сістэма сацыяльнай абароны пажылых людзей. Яна ўключае ў сябе розныя льготы і гарантыі, павышэнне пенсій, паслугі на даму і інш. Садзейнічае рэалізацыі правоў такіх грамадзян на падтрымку з боку дзяржавы, дапамагае ім пераадолець цяжкія жыццёвыя сітуацыі, справіцца з тымі ці іншымі праблемамі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У яго складзе – пяць аддзяленняў.

Найбольш запатрабаванымі па-ранейшаму застаюцца паслугі на даму, якімі ахоплена 343 чалавекі, у тым ліку 71 адзінокі пенсіянер, 29 інвалідаў і адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Ім дапамагаюць, прыходзяць на выручку 67 сацыяльных работнікаў.

Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту прадугледжвае аб’яднанне пенсіянераў па інтарэсах. Тут працуюць гурткі па вышыванні і вязанні, працоўныя майстэрні, створана вакальная група “Грымата”, якая прымае актыўны ўдзел у рэгіянальных фестывалях і раённых мерапрыемствах.

У аддзяленні кругласутачнага знаходжання зараз пражываюць 35 пажылых грамадзян і інвалідаў.

Што новага?

Паслугі сядзелкі і памочніка па суправаджэнні інваліда – адны з новых, што прапаноўваюцца ў адпаведнасці з запытамі мясцовых жыхароў.

У наступным годзе для пажылых людзей плануецца ўвесці медыка-сацыяльныя паслугі, да аказання якіх далучыцца раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Такое супрацоўніцтва прадугледжана ў рамках сістэмы дзяржаўнага сацыяльнага заказу.

Для тых, хто мае патрэбу

Асаблівую ўвагу дзяржава ўдзяляе ветэранам Вялікай Айчыннай, якіх у раёне налічваецца 33, адзінокім пажылым людзям – 181 і інвалідам – 843. Штогод абследуюцца ўмовы іх пражывання, выяўляюцца запыты і патрэбы. Аператыўна вырашаюцца пытанні па прывядзенні домаўладанняў гэтай катэгорыі грамадзян у пажарабяспечны стан.

Так, з фонду сацыяльнай абароны насельніцтва сёлета аказана матэрыяльная падтрымка 159 малазабяспечаным пенсіянерам і інвалідам на агульную суму 5750 руб. У 119 дамах удзельнікаў вайны, адзінокіх састарэлых і інвалідаў устаноўлены (заменены) аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

Са святам!

Першага кастрычніка – асаблівы дзень, які закліканы нагадаць усім пра непарыўную сувязь пакаленняў і пра наш абавязак паважаць прадстаўнікоў шаноўнага ўзросту.

На сучасным этапе робіцца ўсё магчымае, как стварыць добрыя ўмовы для паў-нацэннага ўдзелу старэйшых людзей у эканамічным, культурным і духоўным жыцці грамадства. Але ўсё гэта не заменіць цеплыні чалавечых адносін, утульнасці дамашняга ачага, любові і прызнання дзяцей і ўнукаў. Таму галоўнае пажаданне: няхай у вашым жыцці, паважаныя, будзе як мага больш ясных, сагрэтых клопатам родных і блізкіх, напоўненых увагай і падтрымкай тых, хто акружае, дзён. Дабрабыту вам, душэўнага спакою і аптымізму. Жывіце доўга!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА