Першага верасня – Дзень ведаў

Грамадства

І асабліва доўгачаканым ён з’яўляецца для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія сёлета ўпершыню пераступяць школьны парог. Наперадзе ў іх – новыя знаёмствы, цікавыя прадметы і займальныя заданні. А вось для бацькоў чаканне навучальнага года асацыіруецца, найперш, са зборамі ў школу. І сёлета на дапамогу многім з іх прыйшлі ўдзельнікі дабрачыннай акцыі “Збяром партфель першакласніку”.

28 жніўня супрацоўнікаў раённага выканаўчага камітэта сустракала Вікторыя Гольнік. Школьны рукзак з пісьмовымі прыналежнасцямі дзяўчынцы перадалі ўпраўляючы справамі райвыканкама Сяргей Прыходзька і член прэзідыума прафкама работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Ніна Кавалёк.

Першакласніца Вікторыя Гольнік з прадстаўнікамі райвыканкама і падарункамі.

Днём раней начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Галіна Васяновіч завітала ў госці да Івана Іванова, які выхоўваецца ў прыёмнай сям’і. Хлопчык сустрэў госцю з падарункамі каля дзвярэй і адразу паведаміў, што ўжо гатовы ісці ў першы клас. Безумоўна, будучаму школьніку было цікава, што прынесла Галіна Анатольеўна, таму, не губляючы часу, ён пачаў разглядваць усё, што знаходзілася ў рукзаку.

Іван Іваноў з цікавасцю разглядваў падарункі, якія прынесла яму начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Васяновіч.

У прыёмнай мамы, акрамя Вані, – яшчэ пяцёра дзяцей. Вядома, што забяспечыць іх неабходнымі да школы і дзіцячага саду рэчамі самастойна было б цяжкавата. Таму яна таксама была вельмі рада падарункам, падзякавала кіраўніку аддзела адукацыі за клопат і ўвагу.

Пярвічная прафсаюзная арганізацыя УЗ “Брагінская ЦРБ” паклапацілася аб школьным партфелі для Аляксея Прымака. З хлопчыкам сустрэлася яе старшыня Алена Любенка. Нягледзячы на тое, што будучы першакласнік крышачку саромеўся, ён усё ж згадзіўся зазірнуць у рукзак разам з Аленай Мікалаеўнай. Сярод падарункаў – пенал з ручкамі і алоўкамі, сшыткі, альбомы, фарбы, пластылін, матэматычны набор… Іншымі словамі, усё, каб вучыцца на выдатна. Што і паабяцаў Аляксей.

Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі УЗ «Брагінская ЦРБ» Алена Любенка і Аляксей Прымак.

Далучылася да дабрачыннай акцыі “Збяром партфель першакласніку” і раённая арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Будучая вучаніца Цэнтра карэкцыйнай адукацыі і развіцця г.п. Брагіна Дамініка Казлова атрымала рукзак з пісьмовымі прыналежнасцямі ад старшыні арганізацыі Людмілы Бурак.

Дамініка Казлова і Людміла Бурак.

Ніколі не застаецца ў баку ад гэтай добрай справы і калектыў раёнага аддзела ўнутраных спраў. Сёлета на сабраныя грашовыя сродкі супрацоўнікі міліцыі набылі школьны ранец і неабходныя для вучобы рэчы для Мацвея Кузакова з Вуглоў.

Супрацоўнікі міліцыі ў гасцях у Мацвея Кузакова.

Усяго ў гэтым годзе за парты навучальных устаноў раёна сядуць 153 першакласнікі.