Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць наведаў Баранавіцкі раён, дзе сустрэўся з актывам раёна і горада Баранавічы. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый, кіраўнікі структурных падраздзяленняў мясцовых органаў улады і Брэсцкага аблвыканкама.
Баранавіцкі раён разам з горадам Баранавічы з’яўляецца адным з буйнейшых рэгіянальных цэнтраў Брэсцкай вобласці. На нарадзе комплексна разгледжана яго сацыяльна-эканамічнае развіццё, шляхі вырашэння праблемных пытанняў.
Лукашэнка пра работу ў перадвыбарныя гады: трэба зрабіць тое, што застанецца назаўсёды
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе вертыкаль улады на эфектыўную работу ў перадвыбарныя гады. Аб гэтым ён заявіў 22 сакавіка на сустрэчы з актывам горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна.
«Трэба старацца заваёўваць давер людзей. Тым больш у гэтыя два гады, калі мы будзем здаваць экзамен. Людзей крыўдзіць ні ў якім разе нельга, але і ўводзіць у зман іх таксама нельга. Трэба зрабіць тое, што застанецца назаўсёды», — падкрэсліў беларускі лідар.
Ніхто не ўтойвае той факт, што ў наступныя два гады — напярэдадні прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў — будзе весціся напружаная работа, дадаў Аляксандр Лукашэнка.
«Але будзем працаваць так, каб гэта засталося і пасля перадвыбарнай кампаніі, каб нас людзі не папракнулі ў тым, што мы напярэдадні нейкіх палітычных падзей, перш за ўсё выбараў, нешта такое зрабілі, каб падсаладзіць людзям жыццё, а потым пра іх забудзем. Гэтага ніколі не было і не будзе! У нас іншая палітыка», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт дадаў, што такія сустрэчы з актывамі рэгіёнаў у далейшым стануць традыцыйнымі. «Мы будзем удзяляць сур’ёзную ўвагу развіццю раёнаў, малых і сярэдніх гарадоў. І перш за ўсё гэта будзе звязана з неабходнасцю забяспечыць раўнамернае размеркаванне прадукцыйных сіл у краіне», — сказаў ён.
Лукашэнка: калі мы будзем прыбаўляць у эканоміцы, краіна заўсёды будзе стабільнай
«Адзіная небяспека нашаму развіццю — ніякая не ідэалогія, ніякія не сродкі масавай інфармацыі, ні «перадавыя», ні традыцыйныя, ні інтэрнэт, самая вялікая небяспека — у нас саміх. Калі мы будзем на належным узроўні падтрымліваць наша эканамічнае развіццё, калі мы кожны год, кожную пяцігодку хаця б пакрыху будзем рухацца наперад і прыбаўляць, наша краіна заўсёды будзе стабільнай і ніхто нас нікуды не паверне — не зможа. Таму галоўнае — эканоміка», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго прыезд у Баранавічы — гэта прадаўжэнне работы па развіцці рэгіёнаў, якая пачалася ў Аршанскім раёне.
«Вельмі важна было ўсе гэтыя ідэі, якія я прапаноўваў, адпрацаваць на той зямлі, якую добра ведаеш, а потым гэты вопыт перакласці на такія гарады», — растлумачыў Прэзідэнт.
«У Оршы быў цяжкі вопыт. Там мы страцілі практычна палову ўрада. Не хацелася б, каб гэта здарылася і ў Брэсцкай вобласці. Выбачайце, што я вымушаны аб гэтым гаварыць, але мяне ведаеце: калі я прыехаў да вас, мы з вамі дамовіліся, мною прынята рашэнне — вы павінны яго выконваць. Я ўбаку стаяць не буду», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка даручыў узяць на кантроль пытанні цэн і ўзроўню зарплат
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што да свайго прыезду ў Брэсцкі рэгіён ён даручыў правесці сацыялагічныя даследаванні, якія паказалі, што людзей больш за ўсё хвалюе рост цэн.
«Я на гэта звяртаю асаблівую ўвагу. Я даручыў кіраўніку Адміністрацыі неадкладна ўзяць на кантроль пытанні росту цэн і заработнай платы», — заявіў беларускі лідар.
«Цэны, выплата зарплат, рабочыя месцы і памер заработнай платы і пенсій», — пералічыў Прэзідэнт пытанні, якія даручана трымаць на кантролі.
Ён звярнуў увагу: мала таго, што не заўсёды ёсць магчымасць плаціць вялікую зарплату, якая ў цэлым задавальняла б работнікаў, але часам не заўсёды яна выплачваецца ў тэрмін. Дарэчы, у Брэсцкай вобласці па стане на 1 сакавіка апошняй абазначанай праблемы няма.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што як зарплаты, так і пенсіі ў першую чаргу залежаць ад эканамічнага развіцця і эфектыўнай работы прадпрыемстваў. Неабходны ініцыятыва і намаганні на месцах. «Вырабіў тавар — прадаў — плаці зарплату. Ніхто не перашкаджае. Я ж у вас не адбіраю. Але калі нехта думае, што мы будзем плаціць заработную плату тым, хто сёння «шалтай-балтай» працуе і зарабляе там Br600-700, як пішуць, а мы будзем даплачваць да Br1100, то вы павінны разумець, за кошт каго. Мы што, павінны адабраць у некага грошы, хто больш зарабляе, і аддаць тым, хто менш? Гэта няправільна!» — заявіў ён.
Адначасова Прэзідэнт запэўніў, што тым, хто аб’ектыўна трапіў у складаную сітуацыю, будзе аказана падтрымка. «Калі я сапраўды ўбачу, што вы ў складаную сітуацыю трапілі, мы, вядома ж, вам дапаможам у гэтым плане. Але калі гэта расхлябанасць і непарадак, калі нехта на месцах — кіраўнікі і калектыў — не варушыцца, вы не разлічвайце, калі ласка, на тое, што Прэзідэнт у некага забярэ, а вам нешта дасць», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
Аналагічна падтрымка і фінансаванне будзе выдзяляцца на перспектыўныя праекты. «Калі вы вырашылі адкрыць супервытворчасць, якая заўтра акупіцца, і ёсць у вас праект — добра, я гатовы падтрымліваць. Прапануйце гэтыя праекты будучыні», — запэўніў ён.
Гаворачы аб праведзеных у рэгіёне напярэдадні рабочай паездкі даследаваннях на эканамічную і палітычную тэматыку, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падрабязна азнаёміўся з іх вынікамі. «Яны маюць пакуль закрыты характар. Я не скажу, што я не задаволены», — сказаў ён.
«Я чую не толькі тыя 80 працэнтаў насельніцтва Брэсцкай вобласці і, у прыватнасці, Баранавіч, якія ўвогуле станоўча ставяцца да Прэзідэнта, але і тыя 20 працэнтаў, якія не вызначыліся яшчэ да гэтага часу ў стаўленні да Лукашэнкі або не падтрымліваюць Прэзідэнта. Я вас не дзялю, усе вы мае людзі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Даручана трымаць на кантролі кожнае пытанне, якое абазначана грамадзянамі. «Нічога тут адрознага ад нядаўняй «Вялікай размовы» (ад тэматыкі праблемных пытанняў, што паступілі. — Заўвага БЕЛТА) няма. У гэтым рэчышчы людзі звяртаюцца і да мяне, і да ўлад. Але ўвогуле сітуацыяй я задаволены — тым, як ацэньваюць людзі тут уладу. І не толькі Прэзідэнта, але і ўсю вертыкаль. І губернатара, і аблвыканкам больш за палову ацэньвае станоўча, што рэдка бывае. І кіраўніцтва Баранавіцкага раёна і Баранавіч палова прыкладна станоўча ацэньвае. Гэта ўжо добра, таму што вы твар у твар з людзьмі», — адзначыў Прэзідэнт.
Лукашэнка пра патэнцыял сельскай гаспадаркі: на нафце такой рэнтабельнасці няма
«Лён вырабляем, малако… Сёння няма такой на нафце рэнтабельнасці. На беларускай нафце, якую мы крыху прадаём, — самая добрая лёгкая нафта — мы там не маем такой рэнтабельнасці. Таму можна жыць і працаваць. І некаторыя фермерскія гаспадаркі, якія ў нас займаюцца бульбай, цыбуляй і іншымі агародніннымі культурамі (і не толькі агародніннымі), маюць добрыя заработкі і добрую рэнтабельнасць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«На зямлі, вядома, мільярдэрам і, можа, нават мільянерам не станеш, але калі добра працаваць, можна нармальна жыць», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што трэба аналізаваць рынкі і арыентавацца на тыя віды прадукцыі, якія найбольш запатрабаваны. Акрамя таго, у сувязі з кліматычнымі змяненнямі, што адбываюцца ў Беларусі, з’яўляецца магчымасць вырошчваць і некаторыя нетрадыцыйныя культуры. «Таму думайце, перш чым развіваць сельскую гаспадарку, якія віды прадукцыі, які тавар вы хочаце вырабіць і дзе вы прадасце гэты тавар», — дадаў Прэзідэнт.
«Мы вырабім больш мяса і малака — не пытанне. Але трэба разумець, што мы з ім будзем рабіць. У той сітуацыі, калі старэйшы брат перад намі дзверы зачыніць адны, другія, у Еўрапейскі саюз… нас не вельмі вітаюць там, таму што ў іх свайго дабра гэтага хапае — малака і мяса, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму мы вымушаны ісці туды — на далёкую дугу. Добра, што з Кітаем добрыя адносіны. Таму, вырабляючы нейкі тавар, трэба разумець, што мы з ім будзем рабіць».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў той жа Брэсцкай вобласці і Баранавіцкім раёне шмат незапатрабаваных зямель — уздоўж рэк, вакол населеных пунктаў. «Хапае, як у народзе кажуць, і бардачка, што недапушчальна. І за гэтыя два гады трэба прывесці ў парадак!» — запатрабаваў ён.
Разам з тым паўстае пытанне, што рабіць на гэтых землях. Напрыклад, вакол рэк, дзе глеба пераўвільготнена. «А што, у нас не хапае культур, якія трэба высаджваць і высяваць на пераўвільготненых глебах? Хапае!» — канстатаваў беларускі лідар.
Аналагічна і ў іншых месцах у залежнасці ад тыпу глеб і ўмоў трэба вызначыць, як менавіта вяртаць землі ў севазварот, што на іх вырошчваць. «Не хачу нахрапам ісці, але клімат у краіне змяніўся. Асабліва ў вас і ў Гомельскай вобласці. Ужо да Мінска такі клімат, які некалі быў у раёне Кіева і ніжэй. Я вясковы чалавек, нямала пражыў, назіраю за змяненнямі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым ён нагадаў аб дамоўленасці з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам аб садзейнічанні ў развіцці ў Беларусі садаводства з выкарыстаннем таджыкскага вопыту і сартоў. У тым ліку вырошчвання вінаграду, які ў зімовы перыяд у Таджыкістане вытрымлівае маразы і да мінус 25 градусаў. «10 гектараў у Гомелі, 10 гектараў у Брэсце высадзілі, прывезлі на самалётах гэту лазу, каб імпартазамяшчэннем займацца. Мы ў сябе яго ўжо можам вырасціць. Гэта адзін з напрамкаў. Гэта мае эксперыменты. Я не кажу пра нейкія кавуны, пра традыцыйныя нашы культуры — вырошчванне бульбы, прычым самых сучасных сартоў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт лічыць, што ў сельгасвытворчасці неабходна выходзіць на новы ўзровень і вырабляць тое, што можа здзівіць людзей.
«А бульба і іншыя культуры могуць здзівіць, калі яны вырашчаны па зялёнай тэхналогіі. Тут мы можам узяць традыцыйна добрыя грошы. А пашыраць вытворчасць у аб’ёмах трэба за кошт нетрадыцыйных для нас культур», — рэзюмаваў беларускі лідар.
Лукашэнка: людзі павінны жадаць і мець магчымасць жыць усюды ў Беларусі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае неабходнасць актыўнага развіцця рэгіёнаў і выраўноўвання сацыяльна-эканамічных умоў у параўнанні з буйнымі рэгіянальнымі цэнтрамі і сталіцай.
«Людзі павінны жадаць і мець магчымасць жыць усюды ў Беларусі, у тым ліку ў Баранавічах», — падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, перш за ўсё стаіць задача развіць эканоміку рэгіёнаў і на гэтай аснове вырашаць сацыяльныя пытанні, скараціўшы да мінімуму разрыў ва ўзроўні жыцця насельніцтва, сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторый.
«Што датычыцца эканомікі рэгіёнаў, работа тут будзе весціся паэтапна. Акцэнт будзе зроблены на гэтых 11 гарадах Беларусі, дзе ў бліжэйшыя два гады павінна быць забяспечана паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё. У гэтым пераліку і горад Баранавічы, Баранавіцкі рэгіён — буйнейшы ў Брэсцкай вобласці», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Таму для таго, каб тут дзеці вашы і ўнукі жылі, трэба стварыць умовы. Умовы не горшыя, чым у лепшых месцах нашай Беларусі. І перад намі стаіць задача перш за ўсё развіць эканоміку рэгіёнаў, каб былі рабочыя месцы і была зарплата для людзей», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка: паказчыкі не патрэбны, патрэбны грошы
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з актывам горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна падкрэсліў, што ў першую чаргу важны не паказчыкі і аб’ёмы вытворчасці ў той ці іншай сферы, а эфектыўнасць вытворчасці і канчатковы вынік у выглядзе рэнтабельнасці.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта дыктуюць сучасныя патрабаванні жыцця, умовы на знешніх рынках, якія дынамічна мяняюцца. «Мне паказчыкі не патрэбны. Мне патрэбны грошы. І не мне, а вам», — падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, напрыклад, няма сэнсу дакладваць аб гераізме ў ходзе пасяўной кампаніі. «Пасеем. Гэта не пытанне. Мы сёння сабраліся гаварыць аб перспектывах», — сказаў Прэзідэнт.
«Нельга хадзіць па наезджанай каляіне. Неабходна кожны дзень сядзець і думаць, чым будзем заўтра займацца», — падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што патрэбна дыверсіфікацыя не толькі экспарту або імпарту, але павінна быць і дыверсіфікацыя вытворчасці.
Адначасова кіраўнік дзяржавы чарговы раз папярэдзіў аб недапушчальнасці карупцыі і ў гэтым плане выкараненні рознага пасрэдніцтва. «Пачынайце працаваць разам з Камітэтам дзяржкантролю і людзьмі з цяжкімі пагонамі. Паслабленняў тут не будзе», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, задачы па навядзенні парадку ў гэтай сферы пастаўлены і перад кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта. Ён прывёў прыклад, што, як высветлілася, на шэрагу малочных прадпрыемстваў закуплялі закваскі праз пасрэднікаў, прытым замежнай вытворчасці, хоць аналагічны прадукт выпускае і беларускае прадпрыемства. Пасрэдніцкія схемы выяўлены і ў іншых галінах.
Лукашэнка: Беларусь можа быць на 50 працэнтаў багацейшая пры дбайным стаўленні да перапрацоўкі смецця
«Я сам некалі, абдумваючы гэта пытанне, прыйшоў да адназначнай высновы: калі б мы больш дбайна падыходзілі да гэтых рэсурсаў, мы на 50 працэнтаў былі б багацейшыя. Гэта значыць, мы сябе абядняем напалову. Аўчынка варта вырабу, і гэтым трэба займацца, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — За смеццеперапрацоўку ва ўсіх краінах змагаюцца, таму што гэта сартаванне — рэнтабельная вытворчасць».
Прэзідэнт прывёў у прыклад Швейцарыю: «Яны ж не вырабляюць шкло, як мы, традыцыйным спосабам. Яны бяруць і з бою шклатары вырабляюць усё шкло».
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця гатовы падтрымліваць Беларусь у пытаннях перапрацоўкі другаснай сыравіны, і краіна будзе рухацца ў гэтым напрамку. «Ён гатовы нам даць крэдытаў, і нямала, пад мізэрны працэнт менавіта для дарог, для вады, для ачысткі ад прымесей жалеза і перапрацоўкі смецця. Добра, што да нас яны пайшлі, і нам трэба гэтым займацца», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка запатрабаваў на працягу двух гадоў прывесці ў парадак дарогі ў Баранавічах і раёне
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па гэтым пытанні паступалі скаргі ад мясцовага насельніцтва. «Прывядзіце ў парадак дарогі. Па-гаспадарску», — даручыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў пытанні дарожнага будаўніцтва пакуль яшчэ шмат галавацяпства, у тым ліку ў прымяняемых нормах, у плане выканання тэхналогіі ўкладкі пакрыцця. «Людзі правільна абураюцца. Пазаўчора зрабілі дарогу — яна развалілася. Гэта не толькі настрой людзей, гэта іх матэрыяльны дабрабыт — амаль у кожнага ёсць аўтамабіль. Яны ўклалі туды (у набыццё аўтамабіля. — Заўвага БЕЛТА) немалыя грошы і хочуць па нармальных дарогах праехаць», — звярнуў увагу беларускі лідар.
«Дарожнікі да гэтага часу «асвойваюць» выдзеленыя сродкі. Увядзіце жалезабетонную практыку: пабудаваў дарогу, будынак і іншае — гарантыйны тэрмін. Калі нешта здарылася — ідзі і рабі за свой кошт. У нас усюды з гэтым праблема. А за два гады дарогі ў горадзе і за межамі горада прывядзіце ў парадак», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён даручыў КДК узяць гэта пытанне на кантроль.
Лукашэнка: парадак у гарадах павінны падтрымліваць не толькі камунальнікі, але і самі жыхары
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што перад яго прыездам Баранавічы прывялі ў парадак. Адзін з жыхароў нават выказаўся ў сродках масавай інфармацыі за тое, каб Прэзідэнт прыязджаў да іх як мага часцей, тады ў горадзе заўсёды будзе парадак.
«Горад прывялі ў парадак, нешта пафарбавалі, адрамантавалі. Гэта зразумела. З-за асаблівасцей майго характару я не цярплю, калі хто-небудзь у госці прыязджае і ў доме не прыбрана. Гэта элементарна. Таму тыя, якія пакутуюць і крытычна ставяцца, няхай не пакутуюць. Яны таксама, калі госць прыязджае, прыбіраюць, падмятаюць, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — А тыя, хто заклікае мяне прыязджаць сюды хаця б адзін раз у год (тады тут навядуць парадак), памыляюцца. Пасля майго прыезду вы самі будзеце наводзіць парадак, будзеце ўтрымліваць горад у такой жа чысціні, якую я ўбачыў сёння, а вы бачыце ўжо некалькі дзён».
«Горад у парадку, але я вельмі баюся, што вы траціце на гэта лішнія грошы. Ні ў якім разе нельга траціць грошы на гэта — людзі самі павінны прыбіраць. Так, калі вуліцу, асфальт падрамантаваць і іншае — які чалавек гэта будзе рабіць? Гэта ўжо мы, дзяржава, павінны адказваць, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Нам людзей папракаць няма за што. Калі мы арганізуем, нашы людзі адгукаюцца з задавальненнем. Беларусы — гэта ўсё ж такі акуратны народ. Яны ганарацца чысцінёй свайго горада, сваёй вёскі, але трэба арганізаваць, трэба папрасіць іх. Трэба іх прыцягнуць да гэтага».
Лукашэнка пра жыллёвае будаўніцтва ў рэгіёнах: не трэба будаваць «хмарачосы», месца хапае
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не лічыць неабходным развіваць жыллёвае будаўніцтва ў рэгіёнах шляхам узвядзення дамоў вялікай паверхавасці і арыентуе ў тым ліку на актыўнае асваенне тэрыторый у прылеглых да буйных гарадоў населеных пунктах.
Размова на мерапрыемстве ішла сярод іншага аб тым, каб выходзіць на пэўныя аб’ёмы жыллёвага будаўніцтва і вырашаць пытанне за кошт вышыннасці жылля. «Не разганяйцеся на завоблачныя вышыні. Не трэба больш за 10-11 паверхаў дамы будаваць у Баранавічах. Па-першае, ніхто ж, напэўна, з начальнікаў не жыве вышэй за 10-ы паверх. А калі і жыве, то гэта рэдкі чалавек. Я да таго, што не вельмі прыемна людзям жыць там — за аблокамі. Не трэба гэтыя «хмарачосы» будаваць у Беларусі. У нас месца хапае. Будуйце камфортнае жыллё», — заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама падтрымаў ідэю аб развіцці пасёлкаў-спадарожнікаў. «Калі ў вас ёсць побач (такія населеныя пункты. — Заўвага БЕЛТА), сувязь добрая — аўтамабільная, аўтобусная, трэба там развіваць будаўніцтва. За 200 тыс. Баранавічы выходзіць не павінны, паколькі вы проста ператворыце горад у мурашнік, і ўжо вам будзе нязручна жыць, не кажучы аб вашых дзецях і ўнуках. Таму акуратна і асцярожна трэба да гэтага падыходзіць. Зыходзьце ў планаванні будаўніцтва менавіта з гэтага», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка расказаў, якія замежныя інвестыцыі патрэбны ў Беларусі
«Мінуў той час, калі мы кідаліся на любыя замежныя інвестыцыі. Адна справа, калі прыходзіць да цябе інвестар і працуе ў тых жа ўмовах, што працуюць «Атлант», БелАЗ, МАЗ і гэтак далей. Калі ён прыйшоў, уклаў грошы, плаціць падаткі, зарплату… Зусім іншае, калі ён прыходзіць, патрабуе пэўных ільгот і нічога, акрамя зарплаты людзям, не плаціць. Напэўна, ужо такіх інвестараў асабліва за руку цягнуць не трэба. За выключэннем, калі гэта найноўшыя тэхналогіі, якіх у нас няма», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
«Нам патрэбны інвестыцыі, якія будуць на карысць нашым людзям і нашай дзяржаве ў выглядзе дабаўленай вартасці, якая застанецца ў нас, каб быў прыбытак, былі падаткі, каб прадпрыемства развівалася. Не проста кідацца на нейкую капейку. Ён (інвестар. — Заўвага БЕЛТА) прывязе, размесціць вытворчасць і ўсё, што тут атрымае, вывезе, не заплаціўшы ні капейкі падаткаў. Таму інвестыцыі ад інвестыцый адрозніваюцца», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка даручыў за два гады прывесці ў парадак рэгіёны накшталт Аршанскага і Баранавіцкага
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў на працягу двух гадоў прывесці ў парадак рэгіёны, дзе павінна быць забяспечана паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё. У гэтым пераліку 11 гарадоў Беларусі, у тым ліку Орша і Баранавічы з тэрыторыямі вакол іх.
«Па тыпу Оршы вызначаеце групы і пачынайце дзейнічаць. Праводзьце рэвізіі, бярыце скаргі людзей. Два гады — 11 рэгіёнаў такіх, як Баранавічы і Орша, павінны быць прыведзены ў парадак. Там павінны быць усе людзі заняты, дысцыпліна жалезная і нармальная зарплата. Калі нехта працаваць не хоча, пакажыце яму як і прымусьце», — сказаў Прэзідэнт.
Раней у ходзе нарады ў Баранавічах кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго прыезд у гэты горад — гэта прадаўжэнне работы па развіцці рэгіёнаў, якая пачалася ў Аршанскім раёне.
Лукашэнка даручыў да 1 верасня 2020 года выйсці на сярэднюю зарплату ў Баранавіцкім рэгіёне ў памеры Br1 тыс.
Пры гэтым ён папярэдзіў, што размова ідзе аб устойлівым узроўні заработнай платы, а не аб росце ў нейкі канкрэтны месяц, пасля чаго адбываецца істотнае падзенне. «Па зарплатах устойліва да 1 верасня будучага года вы павінны мець Br1 тыс. Таму што ўклад Баранавіч і вашага рэгіёна ў цэлым у скарбонку росту сярэдняй зарплаты вобласці і нават краіны значны», — падкрэсліў беларускі лідар.
Згодна з данымі, прадстаўленымі да нарады, намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў Брэсцкай вобласці за студзень склала Br833,8. Па гэтым паказчыку лідзіравалі Брэст (Br975) і Баранавічы (Br850). Пры гэтым сярэдняя зарплата работнікаў Баранавіцкага раёна ў студзені склала Br767,1.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў параўнанні з Аршанскім раёнам, аднаўленнем і развіццём якога цяпер актыўна займаюцца, у Баранавічах сітуацыя значна лепшая. «У вас няма гэтай катастрофы, але адсюль не меншая праблема, таму што прамысловасць тут, напэўна, разы ў тры больш маштабная, чым у Оршы. Мы з кіраўнікамі яшчэ не раз сустрэнемся. Я спецыяльна папрасіў сабраць актыў, каб кіраўнікі дакладна ўяўлялі, чаго я патрабую ад вас і што хачу бачыць у Баранавіцкім рэгіёне. Гэтак жа будзе і па іншых такіх буйных гарадах», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Галоўнае — гэта прадпрыемствы: сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, прамысловасці, транспарту… Мы павінны мець на кожным прадпрыемстве план развіцця, асновай якога з’яўляецца мадэрнізацыя і ўдасканаленне ўсіх працэсаў і выхад на больш высокі ўзровень», — падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт звярнуў увагу і на кадры, засяродзіўшы ўвагу на адказнасці кіраўнікоў на месцах. «Трэба пад напружаннем трымаць кожнага кіраўніка. Вы павінны іх увесь час трымаць у форме. Яны павінны адчуваць сваю адказнасць за даручаны ўчастак», — сказаў кіраўнік дзяржавы.