У ААТ «Брагінаграсэрвіс» рыхтуюць сельгасмашыны да вясны

Важнае Сельская гаспадарка

Зіма сёлета хоць і выдалася  з сюрпрызамі, але ж на снег у студзені на паскупілася, укрыла белым покрывам палі. Пакуль яны адпачываюць да вясны, аграрыі рыхтуюцца да пасяўной. На першым плане – рамонт  тэхнікі.

Ад таго, наколькі якасна яго правядуць, ці  ў тэрмін паставяць на лінейку гатоўнасці   трактары і пасяўныя агрэгаты, іншыя сельгасмашыны, залежаць тэмпы палявых работ. Днямі мы зазірнулі ў рамонтныя майстэрні адкрытага акцыянернага таварыства “Брагінаграсэрвіс”, каб даведацца, як ідуць справы ў партнёраў хлебаробаў. Не ўсе гаспадаркі абыходзяцца без іх удзелу, таму неабходна быць гатовымі выйсці ў поле калі не разам з вяскоўцамі, дык першымі.

Дзмітрый Літвіненка і Павел Філатаў

Суправаджаў нас і даваў тлумачэнні галоўны інжынер прадпрыемства Аляксей Шам. Па дарозе ўзгадалі з ім спрыяльны перыяд у дзейнасці райаграпрамтэхнікі, калі ў зімовыя дні механізатары былі задзейнічаны на вывазе арганікі і торфу, а потым за тыдзень-другі рамантавалі тэхніку. Рабочых рук, як і запасных частак у пунктах абмену, хапала. Не перавяліся ўмельцы і сёння. Адзін з іх – Юрый Капур, пераможца ў абласным спаборніцтве на жніве-2018. Перад тым як ісці ў водпуск, ён давёў да ладу не толькі  трактар, але  і машыны для ўнясення арганічных і мінеральных угнаенняў, якія замацаваны за ім.

Віктар Марчанка

А пра калегу Юрыя, Віктара Марчанку, галоўны спецыяліст коратка зазначыў: “У яго – залатыя рукі”. Менавіта Віктару Мікалаевічу даручылі адрамантаваць сеялку АПП-6Д, якую сюды перадало ААТ “Камарынскі”. Яна ў мінулым годзе была ўжо задзейнічана на палях. Каб паставіць на лінейку гатоўнасці  пасяўны агрэгат і ўключыць у работу сёлета,  спатрэбілася шэсць  тысяч рублёў, а плуга – дзве.

Мікалай  Марчанка

Завяршаецца падрыхтоўка трох раскідвальнікаў арганічных угнаенняў ПРТ-10, каля якіх не адзін дзень завіхаўся  зваршчык Іван Леўчанка. Па словах Аляксея Рыгоравіча, засталося закупіць некаторыя запчасткі, і можна выязджаць на палеткі. Свае рукі прыклалі да іх Павел Філатаў і Дзмітрый Літвіненка. І не толькі да раскідвальнікаў, але і да іншых сельгасмашын. Падладзілі   ўжо адзін  культыватар, заканчваюць рамонт другога. Працуюць абодва  на новых “Беларус-3522”, якія акцыянернае таварыства набыло за бюджэтныя сродкі па праграме прамагралізінгу.

Мікалай  Марчанка зараз “чаруе” над сваім КЗС-1218. Звычайна жніво для яго пачынаецца  на рапсавых палях, з якіх ён  пераключаецца на хлебны масіў.  Мікалай Мікалаевіч стараецца надзейна падрыхтавацца да важнай сельгаскампані, каб потым прадэманстраваць высокую выпрацоўку.  З-за нізкай ураджайнасці каласавых выйсці на тысячны рубеж па намалоце збожжа ў у мінулым годзе не ўдалося, хаця такую колькасць зерня, з улікам кукурузы, на свой рахунак усё ж запісаў.

Сваёй чаргі чакаюць у майстэрні энерганасычаныя трактары з ААТ “Брагінскі”, “Імя Жукава”, “Пераможнік”. Рамонтнікі акцыянернага таварыства сваю справу ведаюць добра, тэхніку айчыннай вытворчасці “падлечаць”, сумненняў няма. Між іншым,  праблем у іх на сёння хапае, і галоўная з іх – матэрыяльная. Першы месяц новага года, як паказвае практыка, найбольш складаны.  Але ж у працэсе работы ўсе пытанні вырашаюцца, калектыў дэманструе зладжанасць і мэтанакіраванасць, аб чым сведчаць вынікі дзейнасці як асобных механізатараў і вадзіцеляў, так і падраздзяленняў, калектыву ў цэлым.

Ніна СІНІЛАВА