23 лістапада спаўняецца 75 год з дня вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму нельга не ўзгадаць пра Вялікую Айчынную, пра таго кожнага трэцяга беларуса…
Закранула вайна і маю малую радзіму – вёску Рудню Жураўлёву, маю сям’ю. Два родныя дзядзькі Мікалай і Аляксей Свірыдзенкі, якія працавалі ў Брагіне, з першых дзён – на фронце. Першы – матрос, быў цяжка паранены, з ордэнамі і медалямі вярнуўся з вайны і ўвесь час працаваў дырэктарам універмага ў Брагіне. А другі, малодшы лейтэнант, камандзір танка, загінуў. Пахаваны недзе пад Вялікімі Лукамі.
Дзед І. Русак, які быў брыгадзірам, паехаў на падводзе па калгасных справах у райцэнтр. Дамоў ужо не вярнуўся – разам з канём забралі на фронт. Прайшоў усю вайну і прапаў без вестак у 1945 годзе пад Берлінам.
Вёску вясной 1943-га спалілі карнікі, у гумне згарэла 13 жыхароў, у тым ліку трое дзетак. Гэта здарылася 13 красавіка, у дзень, калі ў маёй бабулі былі імяніны. Можа, таму і 13 ахвяр?..
Да вайны тут пражывала 385 чалавек у 78 хатах. На фронт накіраваліся 77 землякоў, а вярнулася толькі 15. Дзе іх магілы? Пад Калінкавічамі, у Прыбалтыцы, Польшчы, Чэхаславакіі, Германіі… Дагэтуль у Рудні Жураўлёвай не было ні помніка, ні нейкага знака ў гонар землякоў-воінаў. Але ў Год малой радзімы з дапамогай раённай улады (і за гэта вялікі дзякуй) мы пачалі ствараць мемарыяльны комплекс. Работы плануем завяршыць да 9 мая 2020 года.
На Брагіншчыне няма ніводнай вёскі, дзе б не было ахвяр вайны. Тысячы жыхароў загінулі на франтах ці былі загублены карнікамі. Вечная ім памяць і слава.
Маё пакаленне не бачыла вайны, пра яе мы ведаем з кніг, кінафільмаў, архіўных матэрыялаў, успамінаў удзельні-каў. Але з кожным днём сведкаў тых суровых падзей усё менш і менш. Паважаць ветэранаў – святы абавязак кожнага. Давайце яшчэ раз прыйдзем да іх, запішам успаміны – гэта наша гісторыя. Я думаю, нашы продкі зрабілі ўсё, каб сёння мы жылі ў спакоі, без пакут і прыгнёту. Мы павінны ведаць, кім былі нашы бабулі і дзядулі, чым яны займаліся, як жылі. Давайце разам вывучаць традыцыі, абрады і звычаі сваіх папярэднікаў, шанаваць лепшых працаўнікоў.
Хоць і няма ў маёй вёсачцы славутасцей, але ёсць прыгожыя, дарагія сэрцу мясціны, з якімі я звязаны нябачнымі ніцямі. І куды б мяне ні закінуў лёс, я зноў і зноў, нібы тая птушка з выраю, буду вяртацца дадому, туды, дзе мае карані, адкуль пачалася вялікая жыццёвая дарога.
Што я магу зрабіць для сваёй малой радзімы, калі я не бізнесмен і не дзяржаўны дзеяч, не генерал, а звычайны пенсіянер? Хіба толькі вершы і песні складаю пра Брагіншчыну, збіраю матэрыял для напісання кніжкі…
Усіх сваіх землякоў шчыра віншую з юбілеем – 75-годдзем з дня вызвалення раёна! Міру і дабра ў вашыя дамы, шчасця, здароўя, дабрабыту. А ветэранам – доўга жыць!
Аляксандр ЦЯРЭШЧАНКА