У маштабным будаўніцтве, якое разгарнулася сёлета ў Брагіне, калектыву Брагінскага ўчастка ДРБУ-155 адводзіцца не апошняя роля. Гэта абумоўлена спецыфікай работы дарожнікаў. На адсутнасць аб’ёмаў сёлета не паскардзішся.
Працаваць даводзіцца шмат, хутка і якасна. Як расказаў дарожны майстар Віктар Голік, людзі займаліся добраўпарадкаваннем вуліцы Савецкай у райцэнтры, укладвалі плітку на плошчы імя Леніна, а зараз прыводзяць у належны стан тратуарную дарожку, “апранаюць” у асфальта-бетоннае пакрыццё праезную частку па Кааператыўнай.
Як і ў кожным калектыве, тут ёсць майстры сваёй справы, высокакваліфікаваныя і добрасумленныя. У адзін голас дарожнікі назвалі прозвішча вадзіцеля Мікалая Савянка, які за баранкай аўтамабіля – амаль тры дзесяцігоддзі. Увесь гэты час ён працуе ў ДРБУ.
У трактарыста Мікалая Раманюка стаж намнога меншы – шаснаццаць гадоў, але ж ён паспеў унесці значны ўклад у поспехі калектыву, заваяваць аўтарытэт у калег.
***
Па словах дыспетчара філіяла “Аўтобусны парк №6 ААТ “Гомельаблаўтатранс” Алены Гайковай, у іх усе вадзіцелі заслугоўваюць добрых слоў. Адрасавала яны цёплыя пажаданні у тым ліку і тым, хто раней працаваў у аўтапарку Брагіна. Гэта Сяргей Саўко, Уладзімір Малевіч, Анатоль Барысенка, Валерый Валенка і Фёдар Пінчук. Яны абслугоўваюць усе прыгарадныя, міжгароднія і два міжнародныя маршруты.
У накірунку Брагін – Чарнігаў, Камарын – Славуціч звычайна імчыць аўтобус, якім кіруюць Фёдар Пінчук або Сяргей Саўко. Да слова, Сяргея Ціханавіча лічаць асноўным “міжнароднікам”. Ён вадзіцель першага класа з больш чым дваццацігадовым стажам.
У час руху аўтобуса мы, пасажыры, зручна ўладкаваўшыся ў крэсле, адпачываем, бо перакананы, што з намі нічога не здарыцца. За рулём – вопытныя, правераныя дарогамі і часам людзі, якім можна давяраць. Дзякуй ім за гэта!
Не прамінула Алена Мікалаеўна адзначыць напярэдадні прафесійнага свята стараннасць білетных касіраў Ніны Болбас, Наталлі Харко і старшага касіра Евы Пархоменкі. Гэтыя мілыя жанчыны першымі сустракаюць нас на аўтастанцыі перад далёкай або блізкай паездкай, адказваюць на тэлефонныя званкі, тлумачаць, які маршрут выбраць.
28 кастрычніка і вадзіцелі, і касіры будуць адзначаць Дзень аўтамабіліста і дарожніка. Няхай шчасціць ім у жыцці, роўных усім дарог і зялёных святлафораў.
Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК