Яго арганізатарамі з’яўляюцца РК ГА “БРСМ” і Брагінская СШ.
Як расказала першы сакратар РК ГА “БРСМ” Юлія Сапега, для дзяцей была падрыхтавана цікавая і насычаная праграма. Аб гэтым паклапаціліся прадстаўнікі многіх арганізацый. Так, у рамках азнаямляльных экскурсій падлеткі наведалі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, міліцыю, суд, пракуратуру, пагранзаставу, цэх хлебабулачных вырабаў, дзіцячае аддзяленне цэнтральнай раённай бібліятэкі, раённую арганізацыю Беларускага Чырвонага Крыжа і інш. Кожны дзень хлопчыкаў і дзяўчынак пачынаўся са спартыўных заняткаў, якія праводзіліся ў ДЮСШ.
Вядома, дзеці як губка, убіраюць ў сябе ўсё, што іх акружае. Таму першапачатковая задача арганізатараў лагера – накіраваць энергію падлеткаў у карысным накірунку.
Асабліва шмат пазітыўных эмоцый падарыла дзецям сустрэча са старшынёй Гомельскай абласной дабрачыннай грамадскай арганізацыі “Лепшы шлях” Юрыем Куніцкім і трэнерам Андрэем Харэцкім, які дапамог хлопчыкам і дзяўчынкам асвоіць асноўныя этапы турысцкай паласы перашкод.
У парку “30 год Перамогі” былі нацягнуты вяроўкі, па якіх патрэбна было прайсці, утрымліваючы раўнавагу, ці падняцца высока на дрэва з дапамогай спецыяльнай амуніцыі. Нягледзячы на складанасць некаторых этапаў, юныя турысты з вялікім азартам браліся за справу і тыя, хто паспяхова справіўся з задачай, атрымалі падарункі. Імкнуліся дружна і зладжана дзейнічаць дзеці і падчас спартыўных эстафет.
Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі зарад энергіі, а ў арганізатараў мерапрыемства засталіся прыемныя ўспаміны пра дзіцячыя ўсмешкі, іх шчаслівыя вочы і маляўнічы куточак прыроды ў цэнтры Брагіна.