28 ліпеня ў Чамярысах адзначылі свята вёскі

Год малой родины Праздники и будни

IMG_2806

Малая радзіма – у сэрцы кожнага. Край, дзе вырас, нарадзіўся і жывеш, зямля, аб якой клапоцішся і якая шчыра дзякуе ўраджаямі, застаецца з намі назаўжды.

Вёска Чамярысы вядома з канца ХVIII стагоддзя як маёмасць графа Іосіфа Юдзінскага. Тут пражывала больш за тысячу чалавек, дзейнічала школа царкоўнай граматы, была і карчма. Праз сто гадоў у афіцыйных дакументах адзначалася: у населеным пункце больш за паўтары тысячы жыхароў, дзве кузні і столькі ж ветраных млыноў, цагельны завод.

Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі ствараюцца камсамольская ячэйка, лікбез, дзве хаты-чытальні.

IMG_2816

На дзень вёскі ў Чамярысах сабралася шмат людзей. З асаблівай цеплынёй тут узгадвалі і пра жыхароў, якія з’яўляюцца сведкамі гісторыі, і пра лепшых працаўнікоў мясцовай гаспадаркі, і пра падрастаючае пакаленне. Так, Вольга Яшчанка, якая нарадзілася ў 1927 годзе, на свяце быць не змагла, таму падарунак старшыня сельскага Савета Адам Царанок перадаў унучцы.

Звяртаючыся да прысутных, Адам Анісімавіч адзначыў, што зараз у вёсцы пражывае 375 чалавек: 196 працаздольных, 87 дзяцей і 93 пенсіянеры. Вялікая ўвага надаецца пытанням добраўпарадкавання. Было знесена 368 старых дамоў, на баланс ААТ “Чамярыскі” перададзены сотні гектараў ворыўных зямель, якія зараз радуюць ураджаямі.

Ужо ў гэтым годзе прайшло пяць суботнікаў, падчас якіх прыводзілася ў парадак тэрыторыя, высаджваліся дрэвы і кветкі. Цёплыя словы прагучалі ў адрас сям’і Аляксандра і Юліі Цішунцоў, якія не толькі шчырыя працаўнікі (разам даглядаюць 578 галоў буйной рагатай жывёлы), але і сумленныя гаспадары: іх падворак – узорны.

IMG_2840

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Калясан шчыра падзякаваў землякам за неабыякавасць, адказны падыход да справы. Ліст з падзякай ад райсавета і райвыканкама атрымаў кіраўнік ААТ “Чамярыскі” Аляксандр Кот. Старшыня гаспадаркі заняты не толькі вытворчымі працэсамі, але і шмат робіць для добраўпарадкавання населенага пункта, неабыякавы да людзей і іх праблем.

IMG_2850

Звяртаючыся да прысутных, вядучыя свята Любоў Дубатдзел і Святлана Кудранок знайшлі цёплыя словы для кожнага. Гучала падзяка за працу механізатарам і жывёлаводам, педагогам і школьнікам, прадстаўнікам гандлю і паштовай сувязі, медыкам і работнікам культуры. Шчыра прывіталі на свяце самых маленькіх жыхароў вёскі і тых, хто сёлета адзначае юбілеі.

IMG_2927IMG_2951

Захоўваюць у аграгарадку памяць аб суровых часах Вялікай Айчыннай: пасля хвіліны маўчання былі ўскладзены кветкі і вянкі да помніка загінуўшым.

IMG_2868IMG_2890IMG_2910IMG_2805IMG_2815

Падчас свята працавалі гандлёвыя рады, парадавала выстава народных умельцаў. Гучнымі апладысментамі сустракалі гледачы канцэртныя нумары ў выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці і работнікаў устаноў культуры раёна.

Галіна ШАЎЧЭНКА
Фота аўтара