Больш за 80 мерапрыемстваў запланавана ў праграме юбілейнага Дня беларускага пісьменства

Да Дня беларускага пісьменства

Аб гэтым паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Іванаўскага райвыканкама Галіна Клімовіч.

0874432

Свята пройдзе 1-2 верасня ў Іванаве больш як на двух дзясятках пляцовак. «У праграму ўключаны мерапрыемствы, прапанаваныя як рэспубліканскімі міністэрствамі і ведамствамі, так і мясцовымі органамі ўлады (Брэсцкім абласным, Іванаўскім раённым выканкамамі). Акрамя таго, для дэлегацый і гасцей запланаваны розныя экскурсіі з наведваннем музеяў, аглядам выдатных мясцін раёна», — адзначыла Галіна Клімовіч.

Першы дзень практычна поўнасцю будзе прысвечаны літаратуры. Так, у раённым музейным комплексе імя Напалеона Орды пройдзе міжнародны круглы стол беларускіх і замежных літаратараў. Плануецца, што ў дыскусіі прымуць удзел прадстаўнікі 15 краін. У раённай бібліятэцы імя Панфёрава збяруцца ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі «Іванаўскія чытанні». На гарадской плошчы разгорнуцца павільёны традыцыйнага фестывалю кнігі і прэсы, у час якога адбудуцца аўтограф-сесіі беларускіх пісьменнікаў, прэзентацыі лепшых выданняў мастацкай, навуковай і дзіцячай літаратуры, пройдзе грамадска-культурная акцыя «Чытаем Купалу разам».

Іванаўскі раённы Цэнтр культуры і народных традыцый на два дні ператворыцца ў адну вялікую экспазіцыйную пляцоўку. Тут можна будзе азнаёміцца з выстаўкай, прысвечанай 400-годдзю першага ў свеце выдання пад назвай «Буквар», экспазіцыяй галаграм старадрукаваных кніг з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, выстаўкай кніг з фондаў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М.Горкага, дакументальнымі выстаўкамі, прысвечанымі творчасці Я. Коласа, М. Зарэцкага. Увечары ў цэнтры адбудзецца фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», прысвечанага Году малой радзімы.

Таксама 1 верасня ААТ «Белкніга» ўрачыста адкрые ў раённым універмагу кніжны магазін «Верасень». Днём у гарадскім парку стартуе XXII абласное свята-конкурс духавой музыкі «Фанфары-2018». Бліжэй да вечара там адбудзецца закрыццё абласнога пленэру разьбяроў па дрэве. Мотальскі музей народнай творчасці будзе прымаць удзельнікаў краязнаўчых чытанняў па рукапісе Марыі Саковіч 1877 года «Сяляне мястэчка Моталь і іх песні».

Праграма другога дня пачнецца з адкрыцця на вул. 17 Верасня ў Іванаве памятнага знака, прысвечанага юбілейнаму Дню беларускага пісьменства. Афіцыйная цырымонія адкрыцця свята адбудзецца ў 12.00 на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы ў гарадскім парку, у час якой пройдзе ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Там жа эстафету свята ўрачыста перададуць Слоніму, дзе пройдзе XXVI Дзень пісьменства. У адкрыцці і вялікай вячэрняй праграме прымуць удзел зоркі беларускай эстрады Ірына Дарафеева, Іскуі Абалян, «Беларускія песняры», ансамбль «Бяседа» і іншыя.

Праграма таксама ўключае гашэнне памятных маркі і паштовага канверта, майстар-класы па традыцыйных рамёствах і выстаўку-продаж тэматычнай сувенірнай прадукцыі народных умельцаў. Часткай Дня пісьменства традыцыйна з’яўляецца рэспубліканская навукова-асветная экспедыцыя «Дарога да Святынь» з Жыватворным агнём ад Труны Гасподняй, у якой прымаюць удзел прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства. Удзельнікі экспедыцыі высадзяць на тэрыторыі беларускамоўнай СШ нумар 4 Сад Малітвы, правядуць духоўна-асветніцкія сустрэчы з жыхарамі вёсак Адрыжын і Махро, персаналам і адпачывальнікамі санаторыя «Алеся».

Дзень беларускага пісьменства заснаваны ў 1994 годзе і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня. У гэтым годзе ён прысвечаны тэме «Мая малая радзіма».

БелТА