Дзень беларускага пісьменства – дзяржаўнае свята, якое адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня. За гэты час яно набыло агульнанацыянальны статус, стала значнай падзеяй у культурным жыцці краіны.
Асноўная ідэя мерапрыемства – захаванне і развіццё духоўнай спадчыны Беларусі, прапаганда нацыянальных культурных традыцый, паказ іх узаемасувязі са славянскімі вытокамі і з сённяшнім днём, дэманстрацыя клопату дзяржавы пра духоўна-маральнае развіццё грамадства ў кантэксце падтрымкі кнігі і чытання, нацыянальнай літаратуры і кнігавыдавецтва.
Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры і асветы. Упершыню ў 1994 годзе свята прайшло ў Полацку. Затым яго сталіцамі былі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Полацак, Заслаўль, Мсціслаў, Свет, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў.
Ёсць чым ганарыцца
Сёлета гасцей Дня беларускага пісьменства будзе вітаць горад Іванава Брэсцкай вобласці. Чым жа ён адметны?
Іванава знаходзіцца ў самым сэрцы Заходняга Палесся, дзе Беларусь мяжуе з Украінай. Яго гісторыя пачынаецца з XV стагоддзя. У тыя часы на месцы сучаснага горада знаходзілася вёска Порхава. У 1423 годзе, як апавядаюць летапісныя крыніцы, князь Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Вітаўт падарыў населены пункт кафедральнаму сабору ў Луцку. А ў 1465-м біскуп Ян Ласковіч, жадаючы ўвекавечыць сваё імя, перайменаваў яго ў Янаў.
Згодна з Віленскім зборнікам, мястэчка і яго наваколлі ў розныя часы былі часткай земляў Вялікага княства Літоўскага, належалі польскім каралям, затым Шуйскім, Ажэшкам, Дму-коўскім. На тэрыторыі раёна і непасрэдна горада развіваліся многія гістарычныя падзеі дзяржаўнага значэння.
У 1965 годзе Іванава становіцца цэнтрам раёна, а праз пяць гадоў, у 1971-м, набывае статус горада. Сёння гэта ўтульны і прасторны населены пункт, у якім пражывае больш за 15 тысяч чалавек.
Арганізацыяй вольнага часу жыхароў, развіццём мастацкай самадзейнасці займаецца Цэнтр культуры і народных традыцый. Асаблівым гонарам тут з’яўляюцца больш за дваццаць калектываў аматарскай творчасці, якім прысвоены ганаровыя званні “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”, “народны” ці “ўзорны”. У горадзе працуе музычная школа імя Напалеона Орды, дзіцячая школа мастацтваў і школа харэаграфіі. Тут таксама дзейнічае і адзіная ў краіне школа бондарства.
Недалёка ад Іванава знаходзіцца вёска Моталь. Гэты населены пункт калісьці быў вядомы ва ўсёй Усходняй Еўропе ўнікальнымі вырабамі мясцовых рамеснікаў. Сюды на кірмашы прыязджалі купцы нават з суседніх краін, а мотальскія гандляры вазілі свае тавары і ў больш далёкія краі. Дзякуючы будучай каралеве Рэчы Паспалітай Боне Сфорце, ў 1533 годзе Моталь атрымаў “Магдэбургскае права” – каралеўскую грамату, якая дазваляла мясцовае самакіраванне. Аб жыцці і рамёствах мотальцаў падрабязна можна даведацца ў музеі народнай творчасці, дзе захоўваюцца больш за 27 тысяч экспанатаў.
У Мотале да нашых дзён захаваўся дом, дзе з’явіўся на свет першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман.
Выхадцам Іванаўскага раёна з’яўляецца і Напалеон Орда – знакаміты мастак, музыка і кампазітар. Цяпер у Варацэвічах, дзе некалі знаходзіўся яго радавы маёнтак, створаны музейны комплекс.
А вёска Дастоева – былы маёнтак тых самых Дастаеўскіх, род якіх падараваў свету вялікага пісьменніка. У населеным пункце ўсталяваны помнік Фёдару Дастаеўскаму.
Далёка за межамі Брэсцкай вобласці вядомы ўнікальны музей народнай медыцыны, а таксама геадэзічныя знакі Дугі Струвэ, якая рашэннем ЮНЭСКА ўключана ў спіс міжнароднай спадчыны.
Захаваліся тут і помнікі драўлянага дойлідства: Нікалаеўская царква ў Дружылавічах, Петрапаўлаўская – у Махро, Параскевы Пятніцы ў Опалі. І гэта далёка не поўны пералік унікальных пабудоў, асобныя з якіх калісьці былі зроблены палескімі майстрамі без адзінага цвіка.
Новы імпульс
У апошнія гады гарады – цэнтры правядзення Дня бе-ларускага пісьменства – атрым-ліваюць новы імпульс у развіцці. Праводзяцца значныя работы па рамонце, рэканструкцыі і аднаўленні будынкаў, вуліц і плошчаў, уводу ў дзеянне аб’ектаў сацыяльна-культурнай сферы, адкрыцці помнікаў архітэктуры і мастацтва.
Штогод на свята збіраюцца тысячы гасцей як з Беларусі, так і замежжа. Традыцыйна ў ім бяруць удзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламатычных ведамстваў іншых краін.
Асветніцкая экспедыцыя
Адным са знакавых эпізодаў свята з’яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да Святынь з Жыватворным Агнём ад Труны Гасподняй”, у якой удзельнічаюць прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства. Экспедыцыя праходзіць па гарадах і сёлах некалькіх рэгіёнаў краіны і заканчваецца ў “сталіцы” правядзення свята.
Сёлета маршрут руху экспедыцыі наступны: г. Мінск, Свята-Духаў кафедральныя сабор – г. Лагойск – в. Малыя Ляды – г.п. Свіслач – г.п. Рудзенск – г. Дзяржынск – г. Клецк – Святое Поле каля в. Загор’е – г.п. Ружаны – г.п. Целяханы – г.п. Лагішын – г. Іванава.
Шлях адзін да аднаго
Напярэдадні свята штогод праводзіцца ўжо стаўшы традыцыйным Міжнародны “круглы стол” з удзелам замежных літаратараў. Сёлетняя яго тэ- ма – “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”.
Пляцоўкай для творчых дыскусій, якую арганізоўваюць Мі-ністэрства інфармацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі пры супрацоўніцтве з выдавецкім домам “Звязда”, становяцца гарады, дзе праводзіцца Дзень беларускага пісьменства. Гасцямі мерапрыемства ў розныя гады былі паэты, празаікі, драматургі, публіцысты і літаратурныя крытыкі з Расіі і яе асобных рэгіёнаў, Польшчы, Украіны, Таджыкістана, Кітая, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы, Літвы, Балгарыі, Сербіі і інш. У рабоце “круглых сталоў” прымаюць удзел таксама грамадскія дзеячы, прадстаўнікі беларускай дыяспары з розных краін.
Вынікам такіх сустрэч сталі разнастайныя творчыя і грамадскія ініцыятывы. Адна з іх – стварэнне серыі кніг “Сугучча сэрцаў”, прысвечанай літаратурам краін СНД. Праект адзначаны прэміяй “Зоркі Садружнасці”. Творы класікаў і сучасных беларускіх пісьменнікаў перакладаюцца і выдаюцца за мяжой асобнымі зборнікамі і падборкамі ў літаратурна-мастацкай перыёдыцы і інш.
Чытаем шмат
Традыцыйна ў рамках Дня пісьменства пройдзе фінал Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. У 2018 годзе ў ім пад дэвізам “Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну”, прынялі ўдзел каля 15 тысяч чалавек.
У фінале выступяць 12 дзяцей трох узроставых груп.
На галоўнай сцэне
Непасрэдна 2 верасня ў Іванава з’явіцца памятны знак, прысвечаны 25-му, юбілейнаму, Дню беларускага пісьменства. На галоўнай сцэне адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця свята (тэатралізаванае прад-стаўленне “Малой радзіме пакланюся!”) і ўручэнне “Нацыянальнай літаратурнай прэміі”. У 2018 годзе на конкурс прадстаўлены 52 творы.
На працягу дня тут таксама пройдуць эстафета перадачы вымпела Слоніму – сталіцы Дня беларускай пісьменнасці ў 2019 годзе, літаратурна-мастацкае прадстаўленне “Бачу Беларусь такой…”, арганізаванае Саюзам пісьменнікаў Беларусі, рэспубліканская народна-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы – разам!”
А ў вечары адбудзецца канцэрт “Ільецца песня над Палессем”, які абвесцісь аб закрыцці свята.
Тым часам у горадзе…
На вуліцах разгорнецца святочны гандаль. Будуць працаваць Фэстываль кнігі і прэсы, пляцоўкі майстроў народнай творчасці і мастакоў, дзіцячыя пляцоўкі, выставачныя экспазіцыі музеяў і бібліятэк. На працягу дня будуць праходзіць прэзентацыі беларускіх выдавецтваў, выс-тупленні творчых маладзёжных калектываў.
Мерапрыемствы, у тым ліку і прэзентацыі кніжных праектаў, будуць прысвечаны знамянальным датам 2018 года: Году малой радзімы, юбілеям класікаў літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Маўра, Канстанцыі Буйло, Максіма Гарэцкага, Сяргея Грахоўскага, Алеся Бачылы, Мікалая Ткачова і інш.