Сёлета ў Брагінскім раёне адзінаццатыя класы заканчваюць 117 вучняў, дзявятыя – 177

Грамадства Праздники и будни

000432

30 мая мудрыя наказы ў дарогу атрымаюць юнакі і дзяўчаты, якія ўступаюць у дарослае жыццё, – і загучыць, разальецца па наваколлі развітальная мелодыя апошняга званка.

Яшчэ, здаецца, зусім нядаўна ім так хацелася вырвацца з-пад бацькоўскай апекі і хутчэй адчыніць дзверы ў вялікі свет. І раптам… Вострая настальгія па вясёлых перапынках, цікавых мерапрыемствах, пазнавальных уроках. Як хутка ўсё-такі праляцеў час! Наперадзе – хвалюючая невядомасць. А на душы – і сум расставання, і радасць першага дарослага дня.

Свята апошняга званка збярэ разам не толькі вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў, але і прадстаўнікоў раённай улады, мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў. Традыцыйнае “ні пуху, ні пер’я”, найлепшыя пажаданні і наказы прагучаць у адрас выпускнікоў: сёлета адзінаццатыя класы ў нашым раёне заканчваюць 117 вучняў, дзявятыя – 177.

Найбольш паспяховыя, дарэчы, атрымаюць грашовыя прэміі райвыканкама – за перамогу ў абласных алімпіядах, конкурсах, спартыўных спаборніцтвах. А вучні, якія прымалі актыўны ўдзел у жыцці сваіх устаноў адукацыі, будуць заахвочаны ад адміністрацыі. Многім бацькам уручаць лісты з падзякай за дастойнае выхаванне сваіх дзяцей.

Усё. Школьны марафон даўжынёю ў дзевяць ці адзінаццаць гадоў завершаны. Аб гэтым абвесціць звонкая мелодыя апошняга званка. Выпускнікі развітаюцца са сваімі навучальнымі ўстановамі, педагогамі, шчаслівым часам дзяцінства, каб зрабіць упэўнены крок у дарослае жыццё. І калі возьмуць з сабой у дарогу трывалыя веды, стараннасць, настойлівасць у дасягненні мэтаў, усё павінна атрымацца, як задумалі. У заўтрашні дзень – з упэўненасцю!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА