Году малой радзімы былі прысвечаны вясновыя гульні раённага чэмпіянату па геаграфіі

Год малой родины

20001

Брагіншчына… Ёй прысвячалі свае пранікнёныя радкі паэты, яе надзвычайную прыгажосць захавалі на шматлікіх палотнах мастакі, многія яе ўраджэнцы сталі славутымі людзьмі…

А наколькі добра ведае падрастаючае пакаленне аб звязаных з родным краем падзеях і фактах, паказалі вынікі вясновых гульняў раённага чэмпіянату па геаграфіі “Беларусь – краіна маёй будучыні!”, які прайшоў сярод вучняў 6-9 класаў 28 сакавіка і быў прымеркаваны да Года малой радзімы.

Як паведаміла метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына КОЗЫРАВА, інтэлектуальныя спаборніцтвы, у якіх за аснову ўзята папулярная тэлегульня “Брэйн-рынг”, праходзяць у раёне другі год запар. Гэта была чацвёртая гульня з удзелам дзевяці каманд, якія ў выніку жараб’ёўкі падзяліліся на тры групы.

Чэмпіянат праходзіў у два этапы. І ў першым інтэлектуалы адказвалі на пытанні, якія датычыліся нашага краю. Напрыклад, у якім годзе і ў якім дакуменце ўпершыню быў згаданы Брагін? Вядома ж, у 1147-м у Іпацьеўскім летапісе. Было прапанавана назваць імя ўраджэнца раёна, мастака, апазнавальным знакам работ якога з’яўляецца бусел. У гонар гэтага чалавека, дарэчы, у Гомелі адкрыта мастацкая галерэя. Гэта Гаўрыіл Вашчанка.

А ці ведаеце вы, у склад якой вобласці ўваходзіў Брагінскі раён з 1938-га па 1954 год? Так, Палескай. А дзе знаходзіцца помнік садова-паркавага мастацтва? У Тэльмане. Плошча нашага раёна – 1960 км2. Якая дзяржава можа змясціцца на яго тэрыторыі амаль 5000 разоў? Гэта – Ватыкан.

Дзе знаходзіцца выток Брагінкі? На якой тэктанічнай структуры размешчаны раён? Як называецца запаведнік, частка якога займае значную тэрыторыю Брагіншчыны?

Падобных пытанняў, звязаных з гісторыяй і геаграфіяй раёна, было шмат, і радуе, што ўсе вучні, адказваючы на іх, паказалі добрыя веды. Па словах Ірыны Леанідаўны і членаў журы, пераможцаў ад астатніх удзельнікаў аддзялялі літаральна адзін-два балы.

У фінал выйшлі каманды, якія набралі ў сваіх групах найбольшую колькасць балаў. А тут, змагаючыся за прызавыя месцы, ім давялося працаваць з контурнымі картамі Гомельскай вобласці.

У выніку ў вясновых гульнях раённага чэмпіянату па геаграфіі “Беларусь – краіна маёй будучыні!” чарговую, ужо трэцюю перамогу святкавала каманда Чамярыскага дзіцячага сада – сярэдняй школы (трэнер – Андрэй Смалянчук). На ўсіх этапах інтэлектуальных спаборніцтваў упэўнена трымаліся вучні гімназіі г.п. Брагіна, заваяваўшы другое месца (трэнер – Крысціна Такун). Трэцяе месца заняла каманда Іялчанскай СШ (трэнер – Ганна Бельчанка).

Метадыст Ірына Козырава, павіншаваўшы пераможцаў і прызёраў, адзначыла высокую цікавасць вучняў да прадмета, іх мэтанакіраванасць, пажадала не спыняцца на дасягнутым, а ўпэўнена ісці да новых вышынь.

 Каманда Чамярыскага дзіцячага сада – сярэдняй школы стала пераможцай чэмпіянату ў трэці раз.
Каманда Чамярыскага дзіцячага сада – сярэдняй школы стала пераможцай чэмпіянату ў трэці раз.