Арганізатарам акцыі, прысвечанай Дню Канстытуцыі, з’яўляецца РК ГА “БРСМ”.
Вучаніц Брагінскай СШ Анастасію Быстрык і Карыну Шумскую, а таксама гімназістку Карыну Дзедзенку з гэтай знакавай падзеяй павіншавала першы сакратар райкама саюза моладзі Юлія Сапега, якая пажадала ім дабрабыту, здароўя, згоды і поспехаў у дзейнасці на карысць роднага краю.
– Канстытуцыя – Асноўны Закон Беларусі, які ўвабраў ў сябе багаты гістарычны вопыт і мудрасць папярэдніх пакаленняў, замацаваў прававыя, палітычныя і ідэалагічныя асаблівасці дзяржавы і грамадства, вызначыў прыярытэты нацыянальнага развіцця, – адзначыла Юлія Валер’еўна. – І мы, моладзь, перакананы, што дабрабыт краіны, яе жыхароў залежыць ад імкнення кожнага чалавека выконваць свае абавязкі, прадуктыўна працаваць і знаходзіць новыя шляхі вырашэння штодзённых задач.
Лідар саюза моладзі таксама перадала падлеткам падарункі – кнігі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусі” і “Канстытуцыя Рэспублікі Беларусі”.
Як адзначыла інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС Кацярына Перавознікава, гонар атрымаць свой галоўны ў жыцці дакумент ва ўрачыстых абставінах выпадае не кожнаму. І нягледзечы на тое што пашпарты дзяўчаты мелі і раней (для выезду за мяжу), іх усё ж атрымлівалі бацькі. А ў 14 год чалавек ужо робіць гэта самастойна, з гэтага часу ён сам нясе адказнасць за свае справы і ўчынкі. Кацярына Уладзіміраўна таксама пажадала вучаніцам добрага настрою і насычанага цікавымі падзеямі жыцця, заклікала ўжо задумвацца аб будучыні і выбраць такую прафесію, якая б прыносіла толькі задавальненне.
Яшчэ адна вучаніца – 8-класніца Брагінскай СШ Вікторыя Шпакоўская была запрошана на абласное ўрачыстае мерапрыемства, якое праходзіла ў грамадска-культурным цэнтры Гомеля.