Ва Узброеных Сілах Беларусі зараз служыць каля 50 жыхароў Брагінскага раёна

Праздники и будни

Сёння наша краіна адзначае Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь – свята, якое аб’ядноўвае ўсіх, хто стаіць на варце міру і спакою Радзімы, хто калісьці праходзіў ці толькі збіраецца прайсці ваенную службу. Прыемна, што назапашаныя за 100 гадоў папярэднімі пакаленнямі славутыя традыцыі не толькі працягваюцца, але і з поспехам памнажаюцца сучаснай моладдзю.

23 лютага віншаванні звычайна гучаць у адрас усіх прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва, але галоўнымі героямі дня з’яўляюцца ўсё ж тыя, хто служыць у арміі. А яна, як вядома, пачынаецца з ваенкамата. Таму сёння наш суразмоўца – начальнік абасобленай групы ваеннага камісарыята Хойніцкага і Брагінскага раёнаў Іван Кавалькоў.

0002
– Іван Уладзіміравіч, што менавіта для Вас значыць дата 23 лютага і паняцце “абаронца Айчыны”?

– У нашай краіне гэтае свята з’яўляецца адным з сімвалаў патрыятызму і мужнасці. Яно прысвечана людзям, для якіх воінская служба стала прызваннем і сэнсам жыцця, і аб’ядноўвае многія пакаленні беларусаў.

Дзяржава прыкладае нямала намаганняў для ўмацавання Узброеных Сіл ва ўсіх накірунках, робячы акцэнт на пераўзбраенне, прафесіяналізм, дысцыпліну. Але якой бы моцнай ні была армія, яна непераможная, толькі калі за ёй – згуртаваны беларускі народ. Калі чалавек з’яўляецца надзейным шчытом для сваёй сям’і, малой радзімы і ўсёй краіны, значыць ён дастойны сын сваёй Айчыны і, адпаведна, яе абаронца.

– Чаму Вы вырашылі выбраць прафесію ваеннага?

– У большай ступені на гэта паўплывала выхаванне бацькоў. Я з дзяцінства марыў насіць афіцэрскія пагоны, хаця ваенных у маёй сям’і не было. Хацеў быць карысным сваёй краіне, надзейна абараняць яе межы, засцерагаць мірнае жыццё родных і блізкіх, таму пасля заканчэння школы паступіў на агульнавайсковы факультэт Ваеннай акадэміі. У 2012 годзе быў накіраваны на першае месца службы – у вайсковую часць, што дыслакуецца ў Мар’інай Горцы. У Брагін на пасаду начальніка абасобленай групы ваеннага камісарыята Хойніцкага і Брагінскага раёнаў пераведзены ў маі 2017-га. Не раз, у тым ліку і падчас размовы з сучаснай моладдзю, я ўпэўніваўся, што зрабіў правільны выбар.

– Адзін з напрамкаў дзейнасці абасобленай групы – прызыў юнакоў у армію. Як праходзіць гэты працэс на Брагіншчыне?

– Ужо пачаўся вясенні прызыў. Дарэчы, гэта мая трэцяя прызыўная кампанія ў раёне. Трэба адзначыць, што брагінчане разумеюць сур’ёзнасць справы і адносяцца да яе адказна, ніхто не спрабуе ўхіліцца.

Сёння ў арміі служыць каля 50 жыхароў раёна. Брагінчан можна сустрэць у пагранічных войсках, разведцы спецыяльнага прызначэння, падраздзяленнях механізаваных часцей, ваенна-паветраных сілах і войсках супрацьпаветранай абароны. Кожны род войск не толькі выконвае пэўную функцыю, але і імкнецца выхаваць у сваіх радах дастойных, граматных, і галоўнае – адважных абаронцаў Айчыны. Прыемна было даведацца, што жыхар райцэнтра Дзяніс Музычэнка, які прызваўся восенню 2017 года і зараз праходзіць службу ў 5-й асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння (г. Мар’іна Горка), курс пачатковай ваеннай падрыхтоўкі прайшоў на выдатна.

– Што, на Ваш погляд, армія дае чалавеку?

– Найперш, гэта дысцыплінаванасць, фізічная трываласць, упэўненасць у сабе. Між тым такое пачуццё як патрыятызм, а гэта значыць павага і любоў да Радзімы, павінна фарміравацца ў характары чалавека з дзяцінства – у сям’і, ва ўстановах адукацыі. Тады пытанняў наконт неабходнасці службы ў арміі ў яго ўзнікаць не будзе. Сёння Беларусь не разглядае ні адну з дзяржаў свету ў якасці саперніка, прытрымліваецца пазіцыі нейтралітэту. Але калі нехта зробіць замах на тэрытарыяльную цэласнасць краіны, ніхто, акрамя нас, яе не абароніць. Вось для гэтага і патрэбна служба ў арміі – навучыцца абараняць Радзіму.

– Што можаце параіць юнакам, для якіх выкананне гэтай адказнай місіі яшчэ наперадзе?

– Раю ўспрымаць праходжанне службы не як нейкую павіннасць, а як святы абавязак. Ну і, вядома ж, рыхтавацца да яе мэтанакіравана: і фізічна, і маральна. Памятайце, што армія дае каштоўныя жыццёвыя ўрокі, вучыць прымаць хуткія і правільныя рашэнні ў складаных сітуацыях. Гэта таксама магчымасць вызначыць перспектывы сваёй будучыні, сярод варыянтаў – служба па кантракце.

– Сёння свята будуць адзначаць многія жыхары раёна. Магчыма, хочаце нешта пажадаць ім?

– Хачу ў гэты дзень выказаць падзяку ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, гераізмам і мужнасцю якіх мы заўсёды будзем захапляцца і ставіць іх у прыклад падрастаючаму пакаленню. Усім жыхарам раёна, салдатам і афіцэрам, якія цяпер нясуць ваенную службу, жадаю здароўя, дабрабыту, шчасця, а таксама поспехаў у патрыятычным выхаванні моладзі. Упэўнены, што і будучыя абаронцы нашай Радзімы працягнуць лепшыя традыцыі сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў.