У сям’і Святланы Бандарэнкі дзецям прывіваюцца павага да старэйшых, пачуцці міласэрнасці і справядлівасці

Праздники и будни

den' maci

Святлана Бандарэнка – маці траіх дзяцей. Дачушка Іларыя вучыцца ў пятым класе, сын Іеранім – у трэцім. Першакласнікам стаў сёлета Ігнацій. Муж і бацька – іерэй Расціслаў, таму імёны ўсім траім, згодна з хрысціянскімі традыцыямі, выбіралі ў гонар святых, якія пазначаны ў праваслаўным календары. Выхоўваюцца дзеці ў любові і строгасці, з маленства ім прывіваюцца павага да старэйшых, пачуцці міласэрнасці і справядлівасці.

У кожнага з дзяцей – свет сваіх захапленняў. Іларыя вучыцца яшчэ і ў Брагінскай школе мастацтваў. Паколькі Святлана Сяргееўна з’яўляецца выпускніцай Пінскага педагагічнага музычнага каледжа, яна таксама займаецца з дачушкай дома. Музычны інструмент (фартэпіяна) у іх ёсць. Іеранім захапляецца маляваннем, а яго малодшы брат – гульнёй у футбол.

Падрыхтоўка ўрокаў праходзіць пад пільным кантролем матулі, якая патрабуе акуратнасці і дакладнасці, удумлівага падыходу да вучэбнага працэсу.

Паколькі самы родны і блізкі чалавек – асоба таленавітая і творчая, з ёй дзецям цікава. Святлана Сяргееўна ўмее арганізаваць іх вольны час, захапіць рознымі пазнавальнымі гульнямі, імкнецца развіваць пачуццё прыгожага. Яна сама водзіць машыну, таму сям’я часта выязджае на ўлонне прыроды.

Спадарожніцу жыцця і абранніцу святара ласкава называюць матушкай. Гэта наклала адбітак на стыль яе паводзін і зносіны з людзьмі. Святлана Сяргееўна ва ўсім дапамагае мужу, спявае на клірасе, прысутнічае на богаслужэннях з удзелам епіскапа Тураўскага і Мазырскага Леаніда.

Дзень маці супадае з вялікім праваслаўным святам: 14 кастрычніка – Пакроў Прасвятой Багародзіцы, якая лічыцца заступніцай роду хрысціянскага. Няхай мацярынскае цяпло і любоў саграваюць кожнага з нас, перасцерагаюць ад бед, дапамагаюць у жыцці і служаць верным арыенцірам у розных абставінах і сітуацыях.

Ніна СІНІЛАВА