Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 11-12 верасня зрабіў афіцыйны візіт у Рэспубліку Індыя.
Кіраўнік дзяржавы ў Нью-Дэлі правёў перагаворы і шэраг афіцыйных сустрэч з кіраўніцтвам Індыі, у тым ліку з Прэзідэнтам Рамам Натхам Кавіндам і прэм’ер-міністрам Нарэндрам Модзі. Абмеркавана развіццё беларуска-індыйскага супрацоўніцтва, галоўным чынам у гандлёва-эканамічнай, палітычнай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай сферах, турызме, а таксама ўзаемадзеянне Беларусі і Індыі ў фармаце еўразійскай інтэграцыі, новыя магчымасці для інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Бакі абмяняліся поглядамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня.
Напярэдадні візіту 11 верасня ў сталіцы Індыі Нью-Дэлі адкрыўся беларуска-індыйскі бізнес-форум. У час форуму разгледжаны магчымасці пашырэння двухбаковага бізнес-узаемадзеяння ў розных сферах, прайшлі перагаворы паміж прадстаўнікамі беларускіх і індыйскіх дзелавых колаў, адбылося чарговае пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва «Беларусь-Індыя».
Лукашэнка разлічвае на выхад беларуска-індыйскіх адносін на якасна новы ўзровень
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з міністрам замежных спраў Індыі Сушмай Сварадж.
«Мне сапраўды прыемна быць у гэтай цудоўнай краіне. Я шчыра лічу, што Індыя — вельмі перспектыўная краіна, якая ўжо ў бліжэйшым будучым, у наш з вамі час, будзе вызначаць і будучае нашай планеты, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Хацелася б, каб міністэрствы замежных спраў Індыі і Беларусі сталі сапраўднымі маторамі развіцця, надання дынамікі нашым адносінам».
Прэзідэнт падкрэсліў адсутнасць праблемных момантаў у адносінах Беларусі і Індыі.
У сваю чаргу міністр замежных спраў Індыі адзначыла, што гэты візіт мае асаблівае значэнне, паколькі бакі адзначаюць 25 гадоў устанаўлення дыпламатычных адносін. Яна падкрэсліла цесныя гістарычныя і культурныя сувязі паміж дзвюма краінамі і згадзілася, што патэнцыял гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва рэалізаваны далёка не поўнасцю.
Лукашэнка: Беларусь і Індыя вызначылі філасофію адносін, трэба пераходзіць да канкрэтыкі
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Індыі Венкаяхам Найду.
«Надышоў час, калі мы павінны ўжо размаўляць мовай канкрэтных кантрактаў, а не проста напрамкаў развіцця эканомік. Напрамкі мы вызначылі, філасофію нашых адносін мы вызначылі. Цяпер трэба пераходзіць на канкрэтыку, а яна ў кантрактах, інвестыцыях», — падкрэсліў беларускі лідар.
У сваю чаргу віцэ-прэзідэнт Індыі цёпла вітаў кіраўніка беларускай дзяржавы. Ён адзначыў, што ў Індыі з Беларуссю ўстанавіліся добрыя адносіны, як на міждзяржаўным узроўні, так і народаў дзвюх краін. Індыя таксама ўдзячна за падтрымку, што аказваецца ёй Беларуссю на розных міжнародных пляцоўках.
«Думаю, што ёсць і добрыя магчымасці для пашырэння супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы», — сказаў Венкаях Найду.
У сувязі з гэтым ён паведаміў, што пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Нарэндры Модзі ў Індыі рэалізуецца шмат ініцыятыў, праводзяцца рэформы і пераўтварэнні, што ў тым ліку стварае магчымасці для актыўнага ўзаемадзеяння дзвюх краін па розных напрамках, адкрываюцца інвестыцыйныя перспектывы.
«У нас таксама развіваецца сфера аховы здароўя, медыцынскага турызму. Гэта яшчэ адзін напрамак, дзе мы можам супрацоўнічаць», — дадаў віцэ-прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што ў Індыі рады візіту беларускага лідара, і выказаў упэўненасць, што перагаворы на розных узроўнях дадуць магчымасць надаць патрэбную дынаміку адносінам для іх выхаду на якасна новы ўзровень.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым запэўніў, што Беларусь зможа ўнесці дастойны ўклад у развіццё праграм, намечаных для рэалізацыі ў Індыі. «Мне з вамі прыемна сустрэцца. Я адразу ж адчуў чалавека на зямлі, які вядзе размову аб гандлёва-эканамічным, інвестыцыйным супрацоўніцтве, развіцці нашых адносін на базе эканомікі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка: Беларусь гатова прадаставіць для індыйскіх інвестараў самыя выгадныя і льготныя ўмовы
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў па выніках афіцыйных перагавораў з прэм’ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі.
«Мы гатовы прадаставіць вам самыя выгадныя і льготныя ўмовы функцыянавання вашага бізнесу ў выпадку інвесціравання ў Беларусь. Такі вопыт з іншымі краінамі ў нас ёсць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што пра сур’ёзнасць намераў бакоў сведчыць падрыхтоўка дагавора аб інвестыцыях. Ён таксама паабяцаў усялякую падтрымку ў пытанні хутчэйшага заключэння пагаднення аб свабодным гандлі паміж дзяржавамі — членамі ЕАЭС і Індыяй.
Лукашэнка: Беларусь хоча, каб Індыя стала магутным полюсам у свеце
«Мы бачым, як Вялікая Індыя і ідэя Слаўнай Новай Індыі аб’ядноўваюцца ў рэальным увасабленні. Мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб Індыя стала вялікай, магутнай краінай. Таму што мы прапаведвалі, абвяшчалі і падтрымліваем да гэтага часу ідэю шматпалярнасці. І мы хацелі б, каб Індыя стала магутным полюсам нашай планеты», — заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў індыйскаму боку за сардэчны прыём для беларускай дэлегацыі. «Я трэці раз на гэтай цудоўнай зямлі. І я, і дэлегацыя, якая прыбыла са мной, уражаны поспехамі Індыі, умацаваннем яе палітычнай, эканамічнай ролі ў свеце», — падкрэсліў беларускі лідар.
«Я абсалютна падтрымліваю ідэю прэм’ер-міністра Індыі аб тым, што сёння настае новая ступень, новы этап у нашым супрацоўніцтве», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Вялікая Індыя немагчыма без вашай прысутнасці на той тэрыторыі, на якой размешчана Беларусь — паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Еўрасаюзам», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што па міжнародным парадку дня ў бакоў практычна няма ніякіх разыходжанняў. «Мы дамовіліся ўмацоўваць супрацоўніцтва ў рамках нацыянальных арганізацый, актыўна ўзаемадзейнічаць у пошуку эфектыўных і адпаведных інтарэсам усім дзяржаў рашэнняў глабальных і рэгіянальных праблем сучаснасці», — сказаў ён.
Лукашэнка прапануе Індыі стварыць у Беларусі навукова-тэхналагічны індустрыяльны парк
«Я прапанаваў прэм’ер-міністру Індыі стварыць у Беларусі — на шляху перасячэння з усходу на захад і з поўдня на поўнач — навукова-тэхналагічны індустрыяльны парк, дзе будуць створаны самыя выгадныя ўмовы для інвесціравання і дзе індыйскія кампаніі разам з іншымі сусветнымі кампаніямі, калі будзе такое жаданне, змогуць размяшчаць сваю вытворчасць і рэалізоўваць тавары і паслугі на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза і Еўрасаюза», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што па выніках візіту дасягнута дамоўленасць па пытаннях павелічэння паставак у Індыю калійных угнаенняў, прымянення беларускіх напрацовак у развіцці ініцыятывы ўрада Індыі «Разумныя гарады», праграмы «Кваліфікаваная Індыя», абмеркаваны сумесныя праекты ў галіне навукі, культуры, турызму і іншых сферах.
Модзі: Індыя мае намер развіваць і дыверсіфікаваць эканамічныя сувязі з Беларуссю
Аб гэтым па выніках афіцыйных перагавораў з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам заявіў прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі.
«Мы абмеркавалі шырокае кола пытанняў і паглядзелі на будучыню. Нашы абмеркаванні адбыліся ў атмасферы цеплыні. Мы абмяняліся меркаваннямі па двухбаковых пытаннях і падзеях у рэгіёне і свеце, разгледзелі архітэктуру нашага партнёрства, абмяркоўвалі новыя ідэі і ініцыятывы для яго далейшага пашырэння. Мы прынялі рашэнне развіваць узаемадзеянне ва ўсіх сферах нашага супрацоўніцтва», — сказаў прэм’ер-міністр.
«Мы будзем працаваць, каб развіваць і дыверсіфікаваць нашы эканамічныя сувязі, будзем засяроджвацца на тым, каб будаваць іх на аснове ўзаемадапаўняльнасці», — падкрэсліў Нарэндра Модзі.
Паводле яго слоў, кампаніі Беларусі і Індыі павінны развіваць свае адносіны і выходзіць за рамкі звычайных экспартна-імпартных аперацый у бок развіцця кааперацыі і выбудоўвання больш глыбокага ўзаемадзеяння. «Існуюць вялікія магчымасці для бізнесу і інвестыцый у такіх сферах, як фармацэўтыка, нафта і газ, цяжкая прамысловасць», — сказаў індыйскі лідар.
Ён адзначыў, што ў мінулым годзе бакі стварылі некалькі сумесных прадпрыемстваў у галіне фармацэўтыкі і прадаўжаюць развіваць гэты напрамак супрацоўніцтва. Існуюць таксама магчымасці для партнёрства ў такіх сферах, як вытворчасць шын, аграпрамысловага абсталявання і абсталявання для горназдабываючай прамысловасці, цяжкага абсталявання для будаўніцтва.
«Мы таксама абмеркавалі, і ў нас ёсць зрухі ў пытанні выкарыстання крэдытнай лініі ў памеры $100 млн, якая была прапанавана Індыяй у 2015 годзе для рэалізацыі сумесных праектаў у Беларусі», — сказаў Нарэндра Модзі.
Індыя мае сувязі з Беларуссю і ў фармаце ўзаемадзеяння з міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку ЕАЭС, а таксама ў рамках развіцця праекта міжнароднага транспартнага калідора «Поўнач-Поўдзень».
Нарэндра Модзі акцэнтаваў увагу і на сферы навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, інавацый і новых тэхналогій, дзе ў Беларусі набыты значны вопыт па шэрагу напрамкаў. Разглядаецца магчымасць стварэння цэнтра дэманстрацыі тэхналогій у Індыі, дзе будуць прадстаўлены і беларускія напрацоўкі.
Яшчэ адзін бок — партнёрства паміж Індыяй і Беларуссю ў галіне развіцця навыкаў, прафадукацыі. Беларусь з’яўляецца актыўнай удзельніцай індыйскай праграмы тэхнічнага і эканамічнага супрацоўніцтва.
Шэраг двухбаковых дамоўленасцей дасягнуты ў ходзе афіцыйнага візіту Лукашэнкі ў Індыю
Пасля завяршэння афіцыйных перагавораў кіраўніка дзяржавы з прэм’ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі адбылася цырымонія абмену падпісанымі дакументамі.
Падпісаны праграма супрацоўніцтва паміж урадамі дзвюх краін у сферы культуры на 2018-2020 гады, мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам павышэння кваліфікацыі і прадпрымальніцтва Індыі аб супрацоўніцтве ў сферы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам па справах моладзі і спорту Індыі па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы маладзёжнай палітыкі.
Заключаны мемарандум паміж Беларускім дзяржаўным канцэрнам па нафце і хіміі і Міністэрствам нафты і прыроднага газу Індыі аб супрацоўніцтве ў нафтагазавым сектары.
Бакі таксама падпісалі пратакол аб унясенні змяненняў у пагадненне паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Міністэрствам сельскай гаспадаркі і дабрабыту фермераў Індыі аб супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі ад 16 красавіка 2007 года.
Заключаны дагавор аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Нацыянальнай акадэміяй навук Індыі, а таксама мемарандум аб узаемаразуменні паміж Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй і Індыйскім саветам сельскагаспадарчых даследаванняў (ICAR) па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі і даследаванняў для сельскай гаспадаркі.
Акрамя таго, падпісанымі мемарандумамі са сваімі індыйскімі партнёрамі абмяняліся кіраўнікі БКК і «Белзамежбуд». Пагадненне аб супрацоўніцтве заключана з Мінскім трактарным заводам.
Бакі таксама парафіравалі дагавор паміж Беларуссю і Індыяй аб інвестыцыях.
Як паведамлялася, напярэдадні па выніках беларуска-індыйскага бізнес-форуму ў Нью-Дэлі таксама былі падпісаны мемарандумы і пагадненні ў розных сферах, у тым ліку прамысловай вытворчасці, інвестыцый, паставак тэхнікі, фармацэўтыкі, медыцыны і турызму.
Беларусь і Індыя дамовіліся аб павелічэнні паставак калійных угнаенняў
Абмен адпаведным мемарандумам аб узаемаразуменні адбыўся ў прысутнасці лідараў дзвюх краін.
Як растлумачыла генеральны дырэктар Беларускай калійнай кампаніі Алена Кудравец, мемарандум вызначае тое, як бакі будуць працаваць з 2018 па 2023 год, якія аб’ёмы будуць пастаўляцца асноўнаму пакупніку беларускага калію ў Індыі — кампаніі IPL. «Гэта з павелічэннем аб’ёмаў у параўнанні з тым, як у нас ёсць у гэтым кантрактным годзе. Павелічэнне аб’ёмаў бачыцца і з 2018 па 2023 год. Увесь мемарандум прадугледжвае пастаўку больш як 4 млн т. Там ёсць і апцыйныя аб’ёмы. Будзем бачыць па рынку, па сітуацыі», — адзначыла яна.
Індыйскі рынак для БКК стратэгічны. «Гэта кантрактны рынак, разам з кітайскім. Але калі ў Кітаі ёсць свае вытворцы, то ў Індыі ўвесь тавар імпартуецца. І для нас вельмі важна захоўваць і баланс адносін на рынку, і баланс аб’ёмаў. Для нас гэта вельмі важны рынак», — заявіла Алена Кудравец.
У цэлым, паводле яе слоў, сітуацыя на сусветным рынку калійных угнаенняў добрая, попыт перавышае прапанаванне.
БелТА