Беларусь атрымала права правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якое ў кастрычніку 2016 года адбылося ў Мінску. Яны пройдуць з 21 па 30 чэрвеня 2019 года. Чакаецца, што ў ІІ летніх Еўрапейскіх гульнях прымуць удзел 4 тыс. атлетаў і 2 тыс. афіцыйных асоб. Спаборніцтвы адбудуцца на самых сучасных і буйных спартыўных комплексах — «Мінск-Арэне», стадыёне «Дынама», «Чыжоўка-Арэне», у Палацы спорту і іншых.
Першыя Еўрапейскія гульні прайшлі з 12 па 28 чэрвеня 2015 года ў сталіцы Азербайджана Баку. Беларускія спартсмены на І Еўрагульнях заваявалі 43 медалі: 10 залатых, 11 сярэбраных і 22 бронзавыя. У неафіцыйным агульнакамандным медальным заліку Беларусь заняла 7-е месца.
Мінск і выканкам Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) 1 верасня падпісалі ў НАК Беларусі кантракт на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. 7 верасня ў Мінску адбылося пашыранае пасяджэнне Выканкама НАК Беларусі па пытанні правядзення гэтага міжнароднага спартыўнага форуму.
Лукашэнка: правядзенне ў Беларусі Еўрагульняў павінна яшчэ больш кансалідаваць нацыю
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на пашыраным пасяджэнні Выканкама НАК па пытанні правядзення II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе.
«Створаны аргкамітэт на чале з прэм’ер-міністрам, падкамітэты па ўсіх напрамках і Дырэкцыя Еўрапейскіх гульняў. Да нас прыязджаюць ужо розныя групы экспертаў, кансультанты для абмеркавання ўсіх дэталей, звязаных з падрыхтоўкай Еўрагульняў. Урад мяне рэгулярна інфармуе, што работа вядзецца і мы рухаемся ў правільным напрамку. Але мяне насцярожвае шэраг пытанняў, і перш за ўсё асноўнае — краіна Гульнямі яшчэ не жыве. Вымушае жадаць лепшага асвятленне ходу падрыхтоўкі Еўрапейскіх гульняў. Хацелася б пачуць, што робіцца ў гэтым напрамку, калі нашы грамадзяне пачнуць атрымліваць інфармацыю аб тым, як ідзе работа.
Паколькі Еўрапейскія гульні — важная падзея, якая павінна надаць магутны ідэалагічны імпульс нашаму грамадству, яшчэ больш кансалідаваць нацыю», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь амаль год таму атрымала ганаровае права прыняць у 2019 годзе гэты спартыўны старт. Гэта была прапанова міжнароднай спартыўнай грамадскасці, якая высока ацаніла заслугі краіны ў развіцці спорту, а таксама правядзенне ў рэспубліцы спаборніцтваў і іншых міжнародных мерапрыемстваў, у тым ліку чэмпіянату свету па хакеі 2014 года, які прызнаны лепшым за сваю гісторыю. «Ужо шмат гадоў у Беларусі ствараецца сучасная інфраструктура, і не толькі спартыўная. Да нас з задавальненнем прыязджаюць госці з усіх куткоў свету. Вялікае значэнне пры гэтым мае існуючая ў нашай краіне атмасфера стабільнасці, талерантнасці і, самае галоўнае, бяспекі. Усё гэта таксама было ўлічана», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу на адставанне ў падрыхтоўцы спартыўнай інфраструктуры і іншых аб’ектаў.
Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на пытаннях бяспекі: як паказвае міжнародная абстаноўка, сёння гэта адна з ключавых праблем. «Мы не павінны дапусціць і ценю сумнення ў надзейнасці Беларусі. Самае галоўнае тут — не самазаспакойвацца, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У нас хапае нядобразычліўцаў, якія паспрабуюць нас у гэтым плане пераканаць у адваротным. І не дай бог, мы дапусцім штосьці падобнае, што адбываецца ў нашых суседзяў у Заходняй Еўропе. Рабіць трэба ўсё вельмі акуратна. Галоўнае на Гульнях — спартыўныя спаборніцтвы і святочная атмасфера для нашых суграмадзян і асабліва гасцей. Яны павінны, атрымаўшы спрыяльныя, добрыя ўражанні аб краіне, аб сталіцы, з такімі ўражаннямі і вярнуцца дадому».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ад таго, як Беларусь правядзе Еўрапейскія гульні, якія спартыўныя вынікі пакажа, як прадставіць сябе Еўропе, на дзесяцігоддзі складзецца меркаванне пра краіну і яе народ.
Таму ў пытанні арганізацыі гэтага буйнейшага спартыўнага форуму Еўропы дробязей няма і быць не можа. «Ад сустрэчы на граніцы, абслугоўвання ў гасцініцах, арганізацыі харчавання да афармлення горада — усё павінна быць на вышэйшым узроўні. Чакаю прамой, грунтоўнай размовы па ўсім спектры пытанняў падрыхтоўкі Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Папрасіў бы без самасправаздач — мне трэба бачыць канкрэтную сітуацыю, яе ацэнку і вашы прапановы. У першую чаргу тыя, якія патрабуюць вырашэння на ўзроўні Прэзідэнта», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка аб фармаце ІІ Еўрапейскіх гульняў: правесці без пампезнасці, але прыгожа і душэўна
«Мы павінны нацыю, краіну, дзяржаву вывесці на вышэйшую ступень развіцця, і гульні павінны падштурхнуць да гэтага. Усё трэба рабіць для людзей. Ніякай пампезнасці. Трэба рабіць прыгожа, — падкрэсліў беларускі лідар. — Мы не перасягнём адкрыццё Алімпіяды ў Сочы і такога мерапрыемства ў Баку. І не трэба. Таму што там затрачаны сотні мільёнаў долараў толькі на адкрыццё і закрыццё. Не хачу сказаць, што ў нас няма такіх грошай. Калі б гэта на карысць было, то знайшлі б. Але гэта не трэба. Трэба пабіць гэты рэкорд душэўнасцю, адкрытасцю свайго народа. Каб гэта было душэўна — і адкрыццё, і закрыццё».
«Трэба зрабіць сваё — прыгожа і душэўна. І гэта будзе значна танней. І гэта павінны рабіць беларусы. Мы ўсё ўмеем рабіць», — заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пры гэтым адзначыў, што калі дзесьці патрэбны экспертны савет або ёсць добрыя ўзоры за мяжой, то можна прыцягнуць для кансультацый адпаведных спецыялістаў. «Яны з задавальненнем прыедуць і падкажуць, як гэта зрабіць», — упэўнены ён.
Гаворачы аб неабходнасці прывядзення ў парадак да гульняў галоўных аб’ектаў і выкананні работ па добраўпарадкаванні, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтым плане зрабіць трэба адносна няшмат.
«Наша шчасце, што мы ў парадку ўтрымліваем краіну, асабліва Мінск. Трэба проста дашліфаваць сталіцу і ў цэлым населеныя пункты, — сказаў Прэзідэнт. — Краіну трэба прывесці ў парадак, і потым будзем яе ўтрымліваць у такім жа парадку».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўся створаная да гульняў матэрыяльная база застанецца ў Беларусі на дзесяцігоддзі. «Нам нічога не трэба будзе рабіць 10-20 гадоў. Усё гэта застанецца для таго, каб рыхтаваць нашых спартсменаў, зборныя каманды», — дадаў ён.
Маючае адбыцца міжнароднае спартыўнае мерапрыемства важнае і з пункту гледжання прыцягнення турыстаў. «За гасцямі, якія да нас прыедуць, прыбудуць іншыя. Гэта турызм, гэта даходы нашай краіны, якая знаходзіцца на скрыжаванні ўсіх дарог. І наогул гэтыя гульні ўзварушаць краіну, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Людзі будуць разумець, што ў гразь тварам ударыць нельга. Да нас прыедзе шмат розных людзей. Мы нікому не будзем забараняць уезд. Прыедуць і людзі, якія на нас дрэнна глядзяць, і якім мы як костка ў горле са сваімі поспехамі, недахопамі і гэтак далей. І будуць праз павелічальнае шкло разглядаць усе працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі».
«Трэба давесці да кожнага чалавека, што ён павінен зрабіць да гэтых гульняў», — сказаў беларускі лідар.
Лукашэнка раскрытыкаваў работу СМІ, але за асвятленне ўборачнай пахваліў
«Я ўжо гаварыў аб тым, што СМІ працуюць вельмі дрэнна. А працаваць умеюць. Вазьміце за ўзор, як вы працавалі на ўборцы ў гэтым годзе. Вы зрабілі так, што ўвесь народ жыў і перажываў, будзем мы з хлебам ці не», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Таму гэтак жа (трэба асвятляць. — Заўвага БЕЛТА) вучэнні «Захад-2017″. Потым падрыхтоўка (Еўрапейскіх гульняў. — Заўвага БЕЛТА) у спакойным рэжыме. Але людзей трэба да гэтага падводзіць», — адзначыў беларускі лідар.
Ён таксама даручыў працаваць з такімі буйнымі міжнароднымі каналамі, як «Еўраспорт» і «Еўраньюс», каб і там была інфармацыя аб маючых адбыцца гульнях у Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі замежныя спецыялісты з лепшых кампаній свету прыцягваюцца для арганізацыі трансляцый, то побач павінны быць «трое-чацвёра з БТ, АНТ, СТБ». «Яны павінны вучыцца, а дзе-нідзе і самі зарабляць грошы на гэтым. Гэта таксама майце на ўвазе», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што цяперашняе мерапрыемства ў цэлым дае старт сур’ёзнай падрыхтоўцы і асвятленню ў СМІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года.
Аб гасцініцах, транспарце і харчаванні: Шорац далажыў Лукашэнку, як Мінск рыхтуецца да Еўрагульняў
Работа па падрыхтоўцы да правядзення II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе ў Мінску наладжана па ўсіх напрамках. Аб гэтым старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац далажыў Прэзідэнту Беларусі, прэзідэнту Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандру Лукашэнку на пашыраным пасяджэнні Выканкама НАК.
Паводле слоў Андрэя Шорца, асноўныя спартыўныя аб’екты, якія будуюцца ў Мінску, плануецца здаць у адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы. Так, Цэнтр мастацкай гімнастыкі будзе ўведзены ў эксплуатацыю 8 сакавіка 2018 года, інтэрнат студэнцкай вёскі — да студзеня 2019-га, спарткомплекс па вул. Філімонава — у лютым 2018-га, Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр спорту — 1 верасня 2018 года. «Усе яны знаходзяцца пад кантролем», — сказаў мэр.
Старшыня Мінгарвыканкама далажыў, што распрацоўваецца комплексны план транспартнага абслугоўвання, у якім улічаны ўсе патрэбнасці па набыцці транспартных сродкаў для абслугоўвання ўдзельнікаў і гасцей Еўрапейскіх гульняў. Ён падкрэсліў, што кожны аўтобус і аўтамабіль будуць выкарыстоўвацца з максімальнай эфектыўнасцю.
У беларускай сталіцы працуюць 50 гасцініц, яны гатовы прыняць каля 11,4 тыс. гасцей. Да пачатку 2019 года лічбу плануецца павялічыць да 12,7 тыс. «Будзе падпісаны мемарандум з усімі аператарамі сродкаў размяшчэння. Ён прадугледжвае, што мы не дапусцім павелічэння кошту пражывання, што будзе сфарміраваны на 1 студзеня 2019 года. Гэта датычыцца як дзяржаўнага, так і прыватнага сектара», — звярнуў увагу Андрэй Шорац.
Акрамя таго, балельшчыкаў і валанцёраў размесцяць у інтэрнаты, санаторыі і дзіцячыя аздараўленчыя лагеры, якія знаходзяцца ў Мінску і недалёка ад яго. Пры гэтым абавязкова будзе арганізавана дастаўка грамадзян да месца спаборніцтваў. Яшчэ падмогай стануць кватэры, якія турысты арандуюць пасутачна. Паводле афіцыйных даных, такіх сродкаў размяшчэння ў Мінску каля 1 тыс.
«Адно з самых складаных, з нашага пункту гледжання, мерапрыемстваў — арганізацыя сістэмы харчавання, якая прадугледжвае адначасова ў адным павільёне харчаванне амаль трох тысяч удзельнікаў гульняў і валанцёраў, — адзначыў старшыня Мінгарвыканкама. — Мы вядзём перагаворы з пяццю аператарамі. Да лістапада падвядзём вынікі і выберам таго, які дазволіць выкарыстоўваць нашы вытворчыя базы, спецыялістаў і прадукты, зможа арганізаваць харчаванне ў кругласутачным рэжыме».
Гарадскія ўлады таксама маюць намер умацаваць матэрыяльную базу медыцынскіх устаноў, гэта будзе падмогай не толькі ў час правядзення спаборніцтваў, але і ў далейшай рабоце лячэбных устаноў.
«У цэлым работа па ўсіх напрамках арганізавана. Упэўнены, што мы ўсе задачы, якія ставяцца перад намі, выканаем», — рэзюмаваў Андрэй Шорац.
Мінск і ЕАК падпісалі кантракт на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе
Мінск і выканкам Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) 1 верасня падпісалі ў НАК Беларусі кантракт на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе.
Подпіс пад дакументам, які змяшчае асноўныя прынцыпы і аспекты арганізацыі і правядзення маштабнага спартыўнага форуму, паставілі старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац і выконваючы абавязкі прэзідэнта Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янез Качыянчыч, а таксама міністр спорту і турызму Беларусі Аляксандр Шамко, першы віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Андрэй Асташэвіч, дырэктар фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Георгій Катулін, генеральны сакратар Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Рафаэле Паньёцы. У кантракце змешчана інфармацыя аб продажы білетаў, размяшчэнні, акрэдытацыі і прыёме гасцей, правядзенні цырымоній адкрыцця і закрыцця II Еўрапейскіх гульняў.
У праграму спаборніцтваў увайшлі 15 відаў спорту: бадмінтон, баскетбол 3х3, бокс, барацьба (грэка-рымская, вольная, жаночая), веласіпедны спорт (трэк і шаша), гімнастыка (спартыўная, мастацкая, акрабатыка, аэробіка і скачкі на батуце), веславанне на байдарках і каноэ, дзюдо, каратэ, лёгкая атлетыка, самба, стральба з лука, стральба (кулявая і стэндавая), настольны тэніс, футбол пляжны. Атлеты разыграюць у Мінску 189 камплектаў узнагарод у 23 спартыўных дысцыплінах.
У ходзе II Еўрапейскіх гульняў некалькі відаў спорту стануць кваліфікацыйнымі да XXXII летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа. Ліцэнзіі плануецца разыграць у бадмінтоне, боксе, веласіпедным спорце, веславанні на байдарках і каноэ, дзюдо, каратэ, лёгкай атлетыцы, стральбе з лука, кулявой і стэндавай стральбе, настольным тэнісе.
Спаборніцтвы II Еўрагульняў пройдуць у спарткомплексе «Мінск-Арэна» (акрабатыка, аэробіка, веласпорт — трэк, спартыўная і мастацкая гімнастыка, скачкі на батуце), на стадыёне «Дынама» (лёгкая атлетыка, цырымоніі адкрыцця і закрыцця Еўрагульняў), у «Чыжоўка-Арэне» (дзюдо, каратэ), у Палацы спорту (самба, барацьба грэка-рымская, вольная, жаночая), на вяслярным канале ў Заслаўі (веславанне на байдарках і каноэ), у Палацы тэніса (настольны тэніс), у спарткомплексе «Уручча» (бокс), спартыўна-забаўляльным комплексе Falcon Club (бадмінтон), спартыўна-стралковым комплексе імя маршала С.Цімашэнкі, (стральба кулявая), у САК «Алімпійскі» (футбол пляжны, стральба з лука), у спартыўна-стралковым комплексе Sporting Club (стральба стэндавая). Palova Arena каля Палаца спорту прыме спаборніцтвы па баскетболе 3×3.
У ліпені бягучага года ў Мінску быў прадстаўлены лагатып ІІ Еўрапейскіх гульняў. Ідэяй да стварэння лагатыпа стаў лозунг «Ідзі за марай». Пра мару расказвае наша нацыянальная легенда — пра цудоўную кветку папараці, якая цвіце ў летнюю ноч на Івана Купала. І ў таго, хто здолее яе знайсці, здзейсняцца ўсе жаданні і мары. Так і атлеты з усіх куткоў Еўропы збяруцца ў Мінску ў чэрвені 2019 года, ідучы за сваёй марай, каб здабыць каштоўную ўзнагароду.
Афіцыйным дэвізам ІІ Еўрагульняў будзе выказванне Bright Year, Bright You («Яркі год, яркі ты»). У скарочаным выглядзе ён будзе пазначацца как BY. Таксама будзе руская варыяцыя лозунга — «Время ярких побед» і беларуская — «Час яскравых перамог».
Больш як 11 тыс. удзельнікаў будзе акрэдытавана на II Еўрапейскія гульні ў Мінску
Больш як 11 тыс. удзельнікаў будзе акрэдытавана на ІІ Еўрапейскія гульні ў Мінску. Аб гэтым расказаў журналістам у НАК Беларусі дырэктар фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Георгій Катулін.
«Нягледзячы на вопыт, набыты пры правядзенні міжнародных спаборніцтваў, арганізатараў ІІ Еўрагульняў чакаюць сур’ёзныя выпрабаванні. Па маштабе ж дакладна ў Беларусі раней нічога больш буйнога не праводзілі. Назаву адну толькі лічбу: амаль 11 тыс. удзельнікаў (акрамя атлетаў і трэнераў, якіх чакаецца каля 4 тыс., гэта валанцёры, журналісты, афіцыйныя асобы) будзе акрэдытавана на еўрапейскі форум», — расказаў дырэктар. У кантракце на правядзенне Еўрагульняў, які падпісаны 1 верасня ў Мінску, ёсць адрозненні ў параўнанні з першымі Еўрагульнямі ў Баку. «Еўрапейскія алімпійскія камітэты аб’явілі, што старты ў Мінску ў 2019 годзе пройдуць пры падтрымцы партнёраў. Адзін з ключавых пунктаў — агульная маркетынгавая праграма, згодна з якой даходы ад правядзення Еўрагульняў у Мінску будуць падзелены паміж беларускім бокам і партнёрамі ЕАК. Расходы агавораны ў дакуменце ў асобных артыкулах. Аргкамітэт у Беларусі панясе асноўныя затраты па пражыванні і харчаванні спартсменаў, забеспячэнні наземным транспартам. ЕАК узялі на сябе аплату па праездзе ў Мінск усіх спартыўных дэлегацый і афіцыйных асоб», — расказаў Георгій Катулін.
Еўрагульні ў Мінску па маштабе і арганізацыі не ўступяць буйнейшым сусветным форумам — Качыянчыч
Такое меркаванне выказаў 1 верасня журналістам у НАК Беларусі выконваючы абавязкі прэзідэнта Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) Янез Качыянчыч.
«Падпісанне кантракта на правядзенне Еўрагульняў — гістарычны дзень для Беларусі і Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Дзесяць месяцаў таму Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў прапанову ЕАК правесці ІІ Еўрапейскія гульні ў Мінску. Павінен сказаць, мы зрабілі выдатны выбар. Не толькі таму, што Беларусь вельмі добра выступіла ў Баку ў 2015 годзе, дзе заваявала больш за 40 узнагарод, але ваша краіна таксама мае добрую інфраструктуру, у чым члены ЕАК паспелі ўжо не раз пераканацца. Акрамя таго, беларусы моцныя спартыўнымі традыцыямі, у Мінску ведаюць і ўмеюць арганізоўваць буйныя падзеі. У 2014 годзе тут адбыўся чэмпіянат свету па хакеі, і гэты экзамен вы вытрымалі на выдатна», — адзначыў Янез Качыянчыч.
Еўрапейскія гульні ў Мінску, упэўнены Янез Качыянчыч, па маштабе і арганізацыі не ўступяць буйнейшым сусветным спартыўным форумам. Як адзначыў выконваючы абавязкі прэзідэнта ЕАК, на Алімпіядах, напрыклад, большую частку медалёў заваёўваюць менавіта атлеты з Еўропы. І ў 2019 годзе ў сталіцу Беларусі прыедуць многія вядучыя спартсмены, таму што ў асобных відах спорту будзе праходзіць кваліфікацыя да XXXII летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа. Янез Качыянчыч таксама спадзяецца, што па колькасці краін, куды будуць весціся тэлетрансляцыі Еўрагульняў-2019, Беларусь не ўступіць Азербайджану. У 2015 годзе спаборніцтвы з Баку трансліраваліся ў 145 краін.
Адкрыты конкурс на распрацоўку талісмана Еўрагульняў-2019 праходзіць у Беларусі
У Беларусі ідзе актыўная кампанія па распрацоўцы талісмана будучых Еўрагульняў.
Прыняць удзел у конкурсе можа любы жадаючы. Трэба прапанаваць ідэю талісмана, выяву і імя.
Талісман павінен адпавядаць алімпійскім каштоўнасцям і слогану Bright Year, Bright You («Яркі год, яркі ты»). Заяўкі прымаюцца да 15 лістапада 2017 года.
З падрабязнасцямі правядзення конкурсу можна азнаёміцца на сайтах Міністэрства інфармацыі, Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі і БЕЛТА.
Уладальнікі першых трох прызавых месц атрымаюць запрашальныя білеты на мерапрыемствы ІІ Еўрапейскіх гульняў, а таксама камплекты парадна-спартыўнай экіпіроўкі нацыянальнай зборнай Беларусі.
У Беларусі праходзіць конкурс песень для цырымоній адкрыцця і закрыцця Еўрагульняў-2019
Конкурс на стварэнне глыбокіх па змесце і сучасных па сродках выразнасці песень для цырымоній адкрыцця і закрыцця Еўрагульняў-2019 праходзіць па 1 снежня 2017 года.
Песні павінны раскрываць тэмы яднання народаў, мірнага спартыўнага спаборніцтва, гасціннасці Беларусі, адлюстроўваць шчырасць і цеплыню краіны, якая прымае ІІ Еўрапейскія гульні.
Аўтарамі музыкі і (або) слоў песень могуць выступіць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі.
Пераможцам будуць уручаны спецыяльныя дыпломы і грашовыя прэміі ў памеры 100, 70 і 50 базавых велічынь.
З падрабязнасцямі ўдзелу ў конкурсе на стварэнне песень для цырымоній адкрыцця і закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў у Беларусі ў 2019 годзе можна азнаёміцца на афіцыйным сайце Міністэрства культуры.
Топ-10 даручэнняў Лукашэнкі па выніках Выканкама НАК
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках пашыранага пасяджэння Выканкама НАК Беларусі па пытаннях правядзення II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе акцэнтаваў увагу на шэрагу важных момантаў. У іх ліку своечасовая падрыхтоўка і добраўпарадкаванне спаборніцкіх аб’ектаў і навядзенне парадку ў краіне ў цэлым.
Нацыянальныя чэмпіянаты і падрыхтоўка аб’ектаў
«У 2018 годзе трэба ўсе беларускія чэмпіянаты па відах спорту правесці на самым высокім узроўні», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што гэта садзейнічае развіццю спорту і спаборнасці ў ім. Акрамя таго, будзе магчымасць апрабаваць спартыўныя аб’екты напярэдадні Еўрапейскіх гульняў. «Чэмпіянат павінен быць дастойным, з добрымі прызавымі. Не проста для паказухі. Гэта не толькі ў 2018 годзе павінна быць, але штогадова. Падключайце ўсіх. І ўрад, і губернатараў», — сказаў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што спорт — гэта «кроўная справа» губернатараў, а таксама міністраў, якія з’яўляюцца старшынямі наглядальных саветаў у федэрацыях. «У вас рэсурс. Калі ласка, дзейнічайце, дапамагайце, накіроўвайце. Калі да вас (губернатараў) нехта будзе прыязджаць за якой-небудзь нібыта дапамогай — гэта не дапамога, гэта ваш абавязак. Закручвайце на месцах сваіх падначаленых і іншых, хто займаецца спортам, каб давалі рэзультат», — запатрабаваў беларускі лідар.
Урад павінен мець канчатковы пералік задзейнічаных аб’ектаў, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. «І калі Еўрапейскія алімпійскія камітэты не падганяюць нас сёння ўзгадняць гэтыя аб’екты, то мы павінны дыктаваць тэмпы работ і дзесьці ЕАК на гэта накіроўваць. Яны гэта ацэняць. Але пакуль размоў шмат, а канкрэтных рашэнняў мала. Не трэба адкладваць», — адзначыў ён.
Прэзідэнт прывёў у прыклад сітуацыю па мінскім стадыёне «Дынама». «Не трэба даводзіць да аўралу работы на аб’ектах і ў краіне наогул. Трэба пакрыху рухацца ў гэтым напрамку. Гэта ж застанецца. Яно нікуды не дзенецца, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Галоўнае — усе гэтыя аб’екты павінны быць загадзя пабудаваны, мадэрнізаваны і апрабаваны. Там мы правядзём чэмпіянаты Беларусі, пра якія я сказаў, і будзем даводзіць аб’екты да розуму, калі нешта не так будзе. Інфраструктура — за губернатарамі і ўрадам».
Работа СМІ
«СМІ працуюць вельмі дрэнна. А працаваць умеюць. Вазьміце за ўзор, як вы працавалі на ўборцы ў гэтым годзе. Вы зрабілі так, што ўвесь народ жыў і перажываў, будзем мы з хлебам ці не», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Таму гэтак жа (трэба асвятляць. — Заўвага БЕЛТА) вучэнні «Захад-2017″. Потым падрыхтоўка (Еўрапейскіх гульняў. — Заўвага БЕЛТА) у спакойным рэжыме. Але людзей трэба да гэтага падводзіць», — адзначыў беларускі лідар.
Ён даручыў працаваць з такімі буйнымі міжнароднымі каналамі, як «Еўраспорт» і «Еўраньюс», каб і там была інфармацыя аб маючых адбыцца гульнях у Беларусі.
Цяперашняе мерапрыемства, падкрэсліў Прэзідэнт, у цэлым дае старт сур’ёзнай падрыхтоўцы і асвятленню ў СМІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года.
Развіццё турыстычнай галіны
«Вядома, на такіх гульнях (гэта, можа, не галоўнае для нас, але адно з галоўных) усе хочуць зарабіць. Мы зможам як краіна, дзяржава зарабіць на турыстах. Турыстычная галіна павінна ўзняцца на гэтым. Выкарыстоўвайце ўсё для папулярызацыі, у тым ліку інтэрнэт», — сказаў Прэзідэнт.
«Па лібералізацыі візавага рэжыму вопыт ёсць — чэмпіянат свету па хакеі. Таму давайце ў гэтым напрамку дзейнічаць. Трэба з расіянамі дамовіцца аб вырашэнні пытання ўзаемнага прызнання віз і аб усім, што з гэтага вынікае», — даручыў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама адзначыў важную ролю, якую павінна адыграць МЗС Беларусі ў арганізацыі і падрыхтоўцы да гульняў. «Зняць пытанні — візы, на граніцы, запрашэнні. Садзейнічаць будзем. У нас цэлая армія дыпламатычных работнікаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Спартыўныя вынікі
«Мінспорту і НАК галавой адказваюць за вынік. Наперадзе — урад, перш за ўсё Жарко (віцэ-прэм’ер Васіль Жарко. — Заўвага БЕЛТА)», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу на важнасць таго, каб у час Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе разыгрываліся і алімпійскія ліцэнзіі на Токіа-2020. Гэта павінна прыцягнуць топавых спартсменаў і надаць іншы, больш высокі напал барацьбы. «Калі ласка, працуйце. Гэта вельмі важны момант. Гэта еўрапейская алімпіяда павінна быць этапам падрыхтоўкі нашых спартсменаў да Алімпіяды ў Токіа ў 2020 годзе», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Падрыхтоўка кадраў
«Валанцёры, спартыўныя суддзі, вадзіцелі… Усё, што неабходна. У кожнага павінна быць свая праграма. Падключайце, Андрэй Уладзіміравіч (Кабякоў. — Заўвага БЕЛТА), да гэтага міністраў, кіраўнікоў рэгіёнаў», — даручыў Прэзідэнт.
У час мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу на неабходнасці рабіць акцэнт у развіцці спорту на нацыянальных кадрах як сярод спартсменаў, так і трэнерскага складу. Пры гэтым падтрымка спорту будзе аказвацца па розных напрамках, сродкі для гэтага ёсць, але пытанне зарплат і матэрыяльнага стымулявання будзе строга залежаць ад паказанага рэзультату.
Фінансы
«Я не пачуў выразнай карціны па фінансах. Што мы ўкладваем, што атрымаем? Хацелася б, каб да канца года была поўная яснасць», — звярнуў увагу беларускі лідар.
«І галоўнае — як мы будзем выкарыстоўваць потым усё, што створым? Нават не створым, а тое, што набудзем», — паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.
Пражыванне і харчаванне
Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што алімпійская вёска, якая будзе арганізавана на базе студэнцкага гарадка, павінна выглядаць дастойна. «Мы гаварылі тут аб харчаванні і гэтак далей. Не дай бог я зноў пачну ўмешвацца і рабіць заўвагі, што піва павінна быць беларускае, што бульба павінна быць беларуская, таму што ў свеце лепшай няма. Малочныя прадукты, якімі мы паўсвету забяспечваем… — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. — Як толькі нехта возьмецца за імпарт, пачынаючы ад саветнікаў, кансультантаў, кадраў, паставак якой-небудзь прадукцыі, мы адразу ж будзем разглядаць пытанне на прадмет карупцыі».
Тэлетрансляцыі
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Еўрапейскія гульні ў Баку глядзелі ў 145 краінах, але ў Беларусі ёсць шанцы перасягнуць гэты паказчык «у сувязі з тым, што краіна апошнім часам прагучала ў свеце».
Прэзідэнт падкрэсліў, што калі замежныя спецыялісты з лепшых кампаній свету прыцягваюцца для арганізацыі трансляцый, то побач павінны быць «трое-чацвёра з БТ, АНТ, СТБ». «Яны павінны вучыцца, а дзе-нідзе і самі зарабляць грошы на гэтым. Гэта таксама майце на ўвазе», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, трэба загадзя вызначыцца, па якім маршруце будуць праводзіцца спаборніцтвы па веласпорце, і вырашыць пытанні трансляцыі. Ён адзначыў, што ў свеце велагонкі гэта паказ не толькі самога спартыўнага спаборніцтва, але і асноўных культурных цэнтраў, прыроды і краіны ў цэлым. «Ужо сёння трэба вызначыць гэты маршрут — 250 км па шашы. Гэта ж вялікая адлегласць. Як мы будзе трансліраваць на ўвесь свет гэту карцінку?» — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Цырымонія адкрыцця
«Гэта настрой на ўсю еўрапейскую алімпіяду. Таму зрабіце так, каб гэта было нядорага, але вельмі душэўна. Грошай лішніх на гэта няма і не будзе. Не думайце раскідвацца грашыма, рыначным шляхам прыцягваючы сюды невядома каго», — падкрэсліў беларускі лідар.
У час пасяджэння Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не трэба ніякай пампезнасці, а трэба правесці гэта мерапрыемства, як і гульні ў цэлым, прыгожа і душэўна. «Мы не перасягнём адкрыццё Алімпіяды ў Сочы і мерапрыемствы ў Баку. І не трэба. Таму што там затрачаны сотні мільёнаў долараў толькі на адкрыццё і закрыццё… Трэба пабіць гэты рэкорд душэўнасцю, адкрытасцю свайго народа», — сказаў ён.
Шанц узварухнуць краіну
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на Еўрапейскіх гульнях 2019 года жыццё не заканчваецца, наперадзе шмат буйных міжнародных спартыўных мерапрыемстваў, у тым ліку чэмпіянат свету па хакеі 2021 года.
«Гульні — гэта шанц не толькі ўзварухнуць краіну, народную гаспадарку, але і якасна рушыць наперад у тэхналогіях, адукацыі і кампетэнцыях нашых спецыялістаў. Усё, што мы зробім, усё, чаму навучымся, спатрэбіцца нам і, галоўнае, нашым дзецям. Таму я вельмі спадзяюся, што Андрэй Уладзіміравіч (Кабякоў. — Заўвага БЕЛТА) прымусіць усіх закасаць рукавы — дырэкцыю, міністэрствы, прадпрыемствы, рэгіёны — па ўсіх напрамках, якія мы тут абмяркоўвалі», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
БелТА