Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 жніўня прыняў удзел у пленарным пасяджэнні Рэспубліканскага педагагічнага савета.
У склад прэзідыума савета ўвайшлі міністр адукацыі Ігар Карпенка, рэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, старшыня Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі Уладзімір Шымаў, настаўнік фізікі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя №1, народны настаўнік Беларусі Валерый Барашкоў, майстар вытворчага навучання Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці, пераможца адкрытага чэмпіянату WorldSkills краін СНД 2015 года Вольга Закрэўская.
Мерапрыемства прайшло ў максімальна адкрытым і дыскусійным ключы. На яго запрошаны больш за 800 чалавек, у ліку якіх не толькі вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі органаў дзяржкіравання, мясцовай вертыкалі ўлады, дэпутаты, але, перш за ўсё, работнікі ўстаноў адукацыі з усіх абласцей краіны і горада Мінска. У фармаце адкрытага мікрафона яны дзяліліся меркаваннямі і вопытам па тых ці іншых пытаннях.
На пленарным пасяджэнні Рэспубліканскага педсавета падрабязна абмяркоўваліся трансфармацыі і тэндэнцыі адукацыйных працэсаў, шляхі іх адаптацыі да патрабаванняў часу і з улікам перадавога нацыянальнага і замежнага вопыту, дадзена ацэнка вынікаў развіцця ў Беларусі ўсіх звёнаў сістэмы адукацыі, намечаны перспектывы іх ўдасканалення. У цэнтры ўвагі таксама роля педагога, прынцыпы і падыходы да выхавання падрастаючага пакалення.
Для ўдзельнікаў рэспубліканскага педагагічнага савета арганізавана выстаўка творчых дасягненняў педагогаў, вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры, новых тэхналогій у адукацыі. Адна з навінак — так званы разумны школьны аўтобус, які з дапамогай спецыяльнага праграмна-апаратнага комплексу дае магчымасць дадаткова забяспечыць бяспеку навучэнцаў.
Лукашэнка назваў галоўныя прынцыпы развіцця сферы адукацыі
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пленарным пасяджэнні Рэспубліканскага педагагічнага савета.
«Нас чакае вялікая работа па развіцці чалавечага патэнцыялу. Таму неабходна аб’ектыўна, без эмоцый даць ацэнку вынікам развіцця ўсіх звёнаў нацыянальнай адукацыі, намеціць перспектывы яе ўдасканалення. Вядома, ужо шмат зроблена ў гэтым напрамку, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Галоўнае — мы захавалі станоўчыя дасягненні, якія дасталіся нам у спадчыну ад папярэдніх пакаленняў. Сярод іх дзяржаўная падтрымка, сацыяльная справядлівасць, роўны доступ да адукацыі, яе дастойны ўзровень. Менавіта такімі прынцыпамі мы павінны кіравацца, плануючы любыя далейшыя пераўтварэнні ў гэтай сферы».
Усе магчымасці для эфектыўнай рэалізацыі задуманага ёсць, падкрэсліў Прэзідэнт. «Створана неабходная інфраструктура ўстаноў адукацыі і выхавання. Тут працуе дастаткова кваліфікаваных кадраў. На выхаванне, навучанне і сацыяльную падтрымку моладзі дзяржава штогод выдзяляе значную частку рэспубліканскага бюджэту. Таму мы маем права чакаць ад педагагічнай грамадскасці адпаведных вынікаў на ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка выступае за ўдасканаленне сістэмы адукацыі, а не яе ломку
«Вы ведаеце мае падыходы па пераўтварэнні, удасканаленні, недзе рэфармаванні сістэмы нашай адукацыі. Сутнасць гэтых падыходаў у тым, што я катэгарычна супраць нейкай ломкі, нават рэфармавання ў поўным сэнсе гэтага слова сістэмы адукацыі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я заўсёды выступаў і выступаю за ўдасканаленне таго ці іншага працэсу. Трэба ісці ад жыцця, трэба вырашаць тыя пытанні, якія ставіць жыццё. Адукацыя настолькі складаны працэс (і мы з вамі ведаем гэта не па чутках), што ўзяць і нешта зламаць, асабліва ў цэлым сістэму адукацыі, і выбудаваць новую не атрымаецца».
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў свой час некаторыя краіны, асабліва падобныя на Беларусь, вырашылі поўнасцю перабудаваць сферу адукацыі. Але, зламаўшы старое, новае з-за многіх прычын яны так і не стварылі. «Сёння прызнаюць, што, зламаўшы старое, не атрымалі ў спадчыну тое добрае, што было. Мы гэтым шляхам не пайшлі», — адзначыў ён.
Лукашэнка: галоўная задача настаўніка — навучанне і выхаванне дзяцей, а не паператворчасць
«Ці вырашаны ўсе пытанні, якія перашкаджалі педагогу ўкладваць душу ў сваіх выхаванцаў? Раней было шмат нараканняў на высокую загружанасць настаўнікаў неўласцівымі функцыямі. У мінулым годзе міністэрства запэўніла: прыняты вычарпальны пералік школьнай дакументацыі, пытанне залішняй нагрузкі знята. Аднак мне дакладваюць, што нашы выкладчыкі па-ранейшаму скардзяцца на гэту праблему. Хачу падкрэсліць, што галоўная задача настаўніка — вучыць і выхоўваць дзяцей, а не займацца паператворчасцю», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт папярэдзіў міністра адукацыі, губернатараў, старшынь рай- і гарвыканкамаў: у школы павінны паступаць дакументы, якія датычацца толькі адукацыі і выхавання. «Давайце канчаткова паставім кропку ў гэтым пытанні. Я намякаю на тое, што той хлам, які раней ішоў у школы, розныя адпіскі, гэта нікому не трэба. Справа нават не ў залішняй нагрузцы для настаўніка. Справа ва ўніжэнні самога настаўніка, якому даводзіцца рабіць непатрэбныя рэчы. Калі б гэта патрэбна было, іншае пытанне. Але чалавеку рабіць непатрэбную работу — гэта ўніжэнне, гэта жудасная нагрузка, гэта тое, чаго мы дапусціць ні ў якім разе не можам», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка: непрымальны падыход, калі вучаць карыстацца толькі гатовым наборам ведаў
«Сёння часта школьнікаў і студэнтаў вучаць карыстацца толькі гатовым наборам ведаў. Навучэнцы перастаюць аналізаваць, разважаць. Без інтэрнэту многія ўжо не здольны лагічна сфармуляваць думку, выказаць сваё меркаванне. Як вынік, з аднаго боку, мы бачым няхватку прафесіяналаў, з іншага — незадаволенасць работадаўца супрацоўнікамі. Такі падыход у адукацыі непрымальны», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт дадаў, што сёння сфера адукацыі і, адпаведна, роля педагога кардынальна змяніліся. «У сучасным інфармацыйным асяроддзі расце так званае пакаленне Сеткі. Для маладых людзей інтэрнэт — гэта асяроддзе пражывання. Яны не бачаць сябе без электронных устройстваў. Абсалютна згодны: гэтыя ўстройствы патрэбныя, цікавыя, карысныя. Але яшчэ важней навучыць людзей думаць», — перакананы кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка: у звычайнай вясковай школе можна атрымаць добрыя веды, усё залежыць ад настаўніка
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго малодшы сын вучыцца ў звычайнай вясковай школе, дзе спецыяльна для яго не ствараліся нейкія асаблівыя ўмовы. «Лічу, што ён атрымлівае нармальныя веды», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Аналагічнага меркавання Прэзідэнт і па пытанні вузаўскай адукацыі, яе якасці і запатрабаванасці ў рэгіёнах і сталіцы. «Ніякага рэгіяналізму і вядучых сталічных ВНУ быць не павінна, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Не трэба дзяліць ВНУ на галоўныя і другарадныя. Да ўсіх патрабаванні адны».
Лукашэнка: дзецям трэба прывіваць гонар за Беларусь
«З дзіцячага сада, з першага класа школы дзецям трэба прывіваць гонар за сваю краіну. У гэтым павінны ўдзельнічаць усе — і ўлада, і школа, і сям’я. Вельмі важна выхаваць асобу маральную, навучыць моладзь адрозніваць праўду ад хлусні. Наша задача — даць пакаленню такія арыенціры, якія дапамогуць кожнаму стаць сапраўдным патрыётам і грамадзянінам. Беларусь сёння — мір і спакой. Трэба дзяцей навучыць цаніць гэта», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў: «Трэба, каб беларусы нашы людзі, моладзь цанілі мір, бяспеку і спакойнае жыццё, жывучы ў Беларусі, а не толькі калі яны пабываюць, дапусцім, ва Украіне. Вяртаючыся адтуль, яны кажуць: «Дзякуй, што ў нас такое жыццё». Трэба, каб ён, не выязджаючы нікуды, жывучы тут, мог гэта цаніць. І бачыць недахопы ў тым ліку».
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, кожны ўрок або дадатковы занятак павінны мець канкрэтнае выхаваўчае і ідэалагічнае напаўненне. І не толькі ў школе, але і ў тэатры, музеі, на спартыўных пляцоўках і стадыёнах. «Гэта не мая выдумка. Вазьміце амерыканцаў. Для іх Амерыка, гімн — гэта ўсё!», — канстатаваў Прэзідэнт.
«Трэба адраджаць паўнацэнную сістэму пазакласнай работы. Мы з вамі добра разумеем яе каштоўнасць. Мной неаднаразова даваліся даручэнні: напоўніць шосты школьны дзень, узмацніць работу з сям’ёй, далучыць дзяцей да працы, актыўней уключаць іх да заняткаў спортам. Сёння, на жаль, хваліцца няма чым. Але на гэту тэму, я сказаў ужо гэта міністру, размоў больш не будзе. Шосты дзень у тыдні — не выхадны. Гэта, калі хочаце, скажу вам як настаўнік, — каб вучня нахіліць да жыцця, зрабіць яго здаровым чалавекам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы паскардзіўся на недахоп гадзін працоўнага навучання. «Я ўжо гаварыў, што цяперашні малады чалавек, падлетак не разумее, што такое электрычная разетка, электрычная лямпачка. Дзяўчынка-падлетак не ўмее гузік прышыць. А ў наш час гэтаму ж навучалі. Чаму вы цяпер не вучыце гэтаму дзяцей?», — задаў пытанне Прэзідэнт.
Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на фізічнай форме вучняў. «Нам у хуткім часе не будзе каго ў армію прызываць па стане здароўя. Або дыстрофікі, або вагой большыя, чым я. У 17-18 гадоў — гэта ненармальна. Таму пачынайце ў гэтым плане працаваць», — даручыў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў педсавета.
Новыя падручнікі па ўсіх прадметах будуць падрыхтаваны да 1 верасня 2019 года — Лукашэнка
«Аснова школьнага навучання — добры падручнік. Гэта тое, што ў многім вызначае якасць ведаў вучняў. Нагадваю, галоўнае патрабаванне — змест навучальнага матэрыялу павінен быць аптымальны па аб’ёме, інфармацыі і яе глыбіні. Да 1 верасня 2019 года мы будзем мець новыя падручнікі. Не значыць, што яны будуць ідэальнымі, і, можа, не будуць адпавядаць узроўню патрабаванняў у 2019 годзе. Падручнікі — гэта пастаянная творчасць. Мы пастаянна будзем штосьці дапаўняць, мяняць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт спыніўся на неабходнасці распрацоўкі і ўкаранення ў практыку ўнікальных аўтарскіх методык навучання і выхавання. «Чаму мы не чуем аб сучасных настаўніках-наватарах? Дзе айчынныя Макаранкі, Сухамлінскія, Шаталавы? Гэта папрок і вам, і ўладам таксама — тым, хто займаецца адукацыяй», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. На яго думку, аўтарскія методыкі навучання і выхавання нават больш важныя, чым доктарскія дысертацыі, таму што яны заснаваны на жыццёвых рэаліях, на ўзаемаадносінах настаўніка і вучня.
«Па маім патрабаванні да напісання падручнікаў акрамя акадэмікаў, вядомых вучоных мы прыцягнулі настаўнікаў-наватараў. Эфект уражальны. А яны ж стваралі падручнікі на падставе выкладання гэтых прадметаў у школе. Як толькі гэта стала запатрабавана, яны адгукнуліся і за кароткі прамежак часу ўдасканалілі многія падручнікі», — расказаў Прэзідэнт.
Асобна Аляксандр Лукашэнка выказаўся адносна падрыхтоўкі да паступлення ў ВНУ, рэпетытарства. «Дайшло да таго, што паслугамі рэпетытара карыстаюцца нават у пачатковай школе, не кажучы аб падрыхтоўцы да паступлення ў ВНУ. А калі і з’яўляюцца новыя методыкі, то яны арыентаваны на фінальную падрыхтоўку выпускнікоў, або, як кажуць у народзе, на вымуштроўванне школьнікаў да здачы цэнтралізаванага тэсціравання», — адзначыў Прэзідэнт.
«Многія мяне за гэта крытыкавалі, калі я гаварыў, што школьная праграма павінна быць школьнай, не вузаўскай. Павінна быць магчымасць яе асваення без усялякага вымуштроўвання. Цэнтралізаваныя тэсты павінны адпавядаць школьнай праграме, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Нямала зроблена да гэтага года. Да будучага года, да 1 верасня 2018 года, усе тэсты будуць дапрацаваны і прыведзены ў адпаведнасць са школьнай праграмай. Гэты працэс павінен быць закончаны з улікам вопыту паступлення ў ВНУ ў гэтым годзе».
Заданні ЦТ павінны поўнасцю адпавядаць школьнай праграме — Лукашэнка
«Звяртаю ўвагу Мінадукацыі, што да ўступнай кампаніі 2018 года заданні цэнтралізаванага тэсціравання па ўсіх прадметах павінны быць скарэкціраваны і поўнасцю адпавядаць школьнай праграме», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў старшых класах школы ўведзена профільнае навучанне. Яно павінна вырашыць праблему матываванага выбару выпускнікамі будучай прафесіі. «Аднак наспела неабходнасць разгледзець пытанне аб змяненні падыходаў да падагульняючай атэстацыі і кантролю бягучай паспяховасці школьнікаў, што забяспечыць аб’ектыўнасць і незалежнасць ацэнкі ведаў навучэнцаў», — адзначыў Прэзідэнт.
Лукашэнка крытыкуе ўрад за неаптымізаваную структуру прафадукацыі
«Лічу, што ўрадам не прыняты належныя меры для аптымізацыі структуры падрыхтоўкі кадраў па ўзроўнях прафесійнай адукацыі і пад патрэбнасці эканомікі. Не выбудавана адпаведным чынам і прафарыентацыйная работа з моладдзю. Паўтараю, асноўная задача прафесійнай адукацыі — фарміраванне кадравага патэнцыялу работнікаў для эканомікі краіны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь заўсёды ганарылася сістэмай прафесійнай падрыхтоўкі моладзі. «Я ёю ганаруся і цяпер. На адным з пасяджэнняў кіраўнікоў дзяржаў СНД узнялі пытанні прафтэхадукацыі з канстатацыяй засмучальных фактаў. Некаторыя звярнуліся да Расіі — дапамажыце падрыхтаваць па рабочых спецыяльнасцях у прафтэхвучылішчах. На што Пуцін сказаў, што, на жаль, мы разбурылі прафтэхадукацыю, — заявіў Прэзідэнт. — І толькі ў Беларусі захаваліся ўсе прафтэхвучылішчы, якія былі створаны. Шмат не хапае, але яны ёсць. Мы да гэтага часу аказваем дапамогу ў падрыхтоўцы людзей рабочых спецыяльнасцей іншым дзяржавам, у тым ліку Расіі. Гэта вялікае дасягненне, што мы гэту сістэму захавалі».
Прэзідэнт: карэкціраваць правілы прыёму ў ВНУ і інфармаваць аб змяненнях трэба загадзя
«Патрабуе далейшага ўдасканалення сістэма паступлення ў ВНУ. Яна павінна прадаставіць абітурыенту магчымасць прадэманстраваць не толькі пэўны набор ведаў па прадмеце, але і здольнасць лагічна разважаць, рабіць высновы і творча мысліць. Папярэджваю, што карэкціроўка правіл прыёму і інфармаванне грамадскасці аб змяненнях павінны адбывацца загадзя», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба змяняць падыходы да падрыхтоўкі будучых выкладчыкаў непасрэдна ў ВНУ. Асновай павінна стаць практычная педагогіка і псіхалогія.
Таксама кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць надання новага імпульсу сістэме павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў. «Яна павінна быць больш гібкай, здольнай аператыўна рэагаваць на запатрабаванні з улікам найноўшых дасягненняў навукі і практыкі», — дадаў ён.
Лукашэнка не выключае вызначэння базавага профілю для кожнай ВНУ
«Трэба скараціць колькасць спецыяльнасцей, якія не з’яўляюцца профільнымі для той ці і іншай ВНУ. Сёння ў нас практычна кожная ВНУ выпускае сотні спецыялістаў самага шырокага профілю — юрыстаў, эканамістаў, палітолагаў. А потым яны беспаспяхова шукаюць работу па спецыяльнасці і вінавацяць у сваёй незапатрабаванасці дзяржаву. Відаць, пара вярнуцца да вызначэння базавага профілю для кожнай ВНУ», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што патрэбны аналіз аптымальнай колькасці ўстаноў вышэйшай адукацыі з улікам дэмаграфічных працэсаў і прагнозаў прыросту насельніцтва.
«Не трэба закрываць вочы і на праблему натуральнага старэння прафесарска-выкладчыцкага складу. Лічу, што кожная ВНУ павінна самастойна вырашаць пытанне абнаўлення кадраў, адбіраючы лепшых студэнтаў, рыхтуючы іх да абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый», — адзначыў Прэзідэнт.
На яго думку, наспела неабходнасць перагледзець крытэрыі да вызначэння ВНУ наогул і вядучай ВНУ ў прыватнасці.
«Ва ўніверсітэтах павінны быць створаны неабходныя ўмовы для вываду на рынак навуковых распрацовак і абавязковай іх інтэграцыі ў адукацыйны працэс. Упэўнены, што комплекснае вырашэнне гэтых пытанняў будзе садзейнічаць фарміраванню высокатэхналагічнага сегмента нашай эканомікі», — заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што настаў час заняцца вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. «Мы гэтым пытаннем зоймемся неадкладна. У нас нядрэнныя навучальныя ўстановы, іх дастаткова», — сказаў ён. Пры гэтым праблемы павінны вырашацца не наскокам. «Мы заўсёды павінны памятаць, што будзем мець справу з самай элітнай часткай нашага грамадства. Пакрыўдзіць іх — сабе даражэй. Таму акуратна, прынцыпова трэба вырашыць гэтыя пытанні. Да 1 верасня 2019 года ў асноўным яны павінны быць вырашаны», — даручыў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка сумняваецца ў неабходнасці вяртання да пяцібальнай сістэмы ацэнак
«Рашэнне трэба прымаць тады, калі яно наспела. Вось яно становіцца абуральным, гаворачы словамі паэта. Вось праблема страшэнная. Так, я чую ў сродках масавай інфармацыі, бачу, чытаю, адсочваю працэс. Але гэта пытанне не мае крытычнай масы, яно не наспела для таго, каб тут прымаць нейкія рашэнні», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што да сістэмы ацэнак ставяцца па-рознаму: старэйшае пакаленне прывыкла да пяцібальнай, і цяпер яму даводзіцца пераводзіць ацэнкі на стары лад, а моладзь ужо даўно вучыцца па дзесяцібальнай, і для яе тут няма праблем. «Шмат бацькоў за дзесяцібальную сістэму: прывыклі, ім нармальна, некаторыя асабліва і не ўнікаюць у гэта. Але большасць, я так адчуваю, усё ж такі схільныя да пяцібальнай: было прасцей. Але справа ж не ў прастаце, а ў эфектыўнасці той ці іншай сістэмы. Таму я лічу, што пытанне аб вяртанні да пяцібальнай сістэмы або пытанне захавання дзесяцібальнай сістэмы крыху перабольшана ў гэтым выпадку і не мае крытычнай масы, каб было патрэбна прымаць рашэнне. Пажывём — убачым. Думаю, гэта не вельмі ўплывае на імкненне нашых дзяцей мець добрыя веды», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт: трэба рабіць усё, каб маладыя спецыялісты хацелі заставацца ў дашкольнай адукацыі
«Сёння нам трэба будзе вырашыць яшчэ адну задачу — укамплектаваць дзіцячыя сады кваліфікаванымі спецыялістамі. Накіроўваючы маладых спецыялістаў, трэба зрабіць усё, каб, адпрацаваўшы па размеркаванні, яны захацелі там застацца. Таксама неабходна ўдасканальваць праграмы і методыкі работы з выхаванцамі дзіцячых садоў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт папярэдзіў урад і мясцовыя органы ўлады, што да канца 2020 года гэтыя і іншыя пытанні дашкольнай адукацыі павінны быць вырашаны поўнасцю.
Разам з тым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: для таго, каб дашкольная адукацыя была якаснай і даступнай, за апошнія гады ў Беларусі зроблена нямала. Па гэтым паказчыку рэспубліка з’яўляецца лідарам у рэгіёне.
Лукашэнка патрабуе дыферэнцыраваць аплату працы ў адукацыі
«Я вам шчыра скажу: настаўнік настаўніку не роўны. Вы гэта ведаеце не горш за мяне. Тады чаму мы стварылі ўраўнілаўку і настаўнікі ў нас заработную плату практычна ўсе атрымліваюць аднолькавую?» — задаўся пытаннем Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў сістэме аховы здароўя Беларусі ўдалося стварыць дыферэнцыраваную сістэму аплаты працы, пры якой зарплата медыцынскага персаналу залежыць непасрэдна ад яго кваліфікацыі і працаздольнасці. «Мы ўстанавілі пэўную планку. Скачаш вышэй за яе — атрымліваеш», — канстатаваў Прэзідэнт.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нельга дапусціць значнай розніцы ў зарплаце ў настаўніка са стажам і маладога спецыяліста пры ўмове, што выпускнік ВНУ валодае ўсімі неабходнымі кампетэнцыямі. «Калі малады чалавек, прыйшоўшы з ВНУ, выкладае не горш, чым настаўнік-выкладчык, які адстаяў каля станка 25 гадоў, чаму мы яму плацім капейкі? Трэба вызначыць крытэрыі, па якіх мы павінны плаціць зарплату настаўніку-наватару, выкладчыку — дасведчанаму, талковаму, сучаснаму, які авалодаў усім неабходным для выкладання», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
Лукашэнка даручыў у наступным годзе вырашыць пытанне з памерам зарплат настаўнікаў
«Мы не педаліравалі гэта пытанне, але міністра адукацыі і віцэ-прэм’ера на апошнім дакладзе я выразна папярэдзіў: праблема скаргаў настаўніка (я не гавару аб памерах зарплаты) на нізкую заработную плату ў наступным годзе павінна быць знята», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што настаўнік і ўрач — ідэалагічная, маральная аснова беларускага грамадства. «Аснову маладзёжных арганізацый, прафсаюзаў, грамадскіх арганізацый, якія сёння існуюць, складаюць настаўнікі, урачы. Асабліва мясцовую інтэлігенцыю, якая працуе з народам. Калі нам трэба штосьці данесці да народа, мы гэта робім праз вас. Вы галоўная апора ў дзяржаве», — звярнуўся ён да педагогаў.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, асабліва гэта пытанне датычыцца работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, паколькі кожны разумее, што такое быць выхавальнікам у дзіцячым садзе. «Катастрафічна несправядліва мы ставімся да тых, хто працуе, перш за ўсё, у яслях і дзіцячых садах. Любымі спосабамі і любымі шляхамі нам трэба амаль падвойваць у наступным годзе іх даходы», — паставіў задачу Прэзідэнт.
Карпенка: у Беларусі створаны ўсе ўмовы для пераходу на ўсеагульную сярэднюю адукацыю
Аб гэтым заявіў на пленарным пасяджэнні Рэспубліканскага педагагічнага савета міністр адукацыі Ігар Карпенка.
Міністр перакананы, што «ў краіне створаны ўсе ўмовы для пераходу на абавязковую агульную сярэднюю адукацыю». «Ёсць дзяржаўны запыт на адукаванага, высокакваліфікаванага спецыяліста. У Кодэксе аб адукацыі закладзены заканадаўчы калідор для такой навацыі», — адзначыў Ігар Карпенка. Да такога пераходу гатова і беларускае грамадства — агульную сярэднюю адукацыю ў краіне сёння атрымліваюць амаль 100 працэнтаў выпускнікоў. Умовы для пераходу ствараюць сістэму ўсенавуча, экстэрнату, магчымасць атрымаць агульную сярэднюю ў вячэрніх класах і ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі. «Гэта якасна новы этап у развіцці сістэмы, накіраваны на павышэнне адукацыйнага ўзроўню грамадзян. Гэта пазітыўна паўплывае і на развіццё чалавечага патэнцыялу, і на міжнародны імідж Беларусі», — сказаў міністр.
Пераход на ўсеагульную сярэднюю адукацыю абмяркоўваецца сёння на Рэспубліканскім педагагічным форуме. Удзельнікі форуму ў цэлым пазітыўна ставяцца да гэтага пункту канцэптуальных падыходаў да развіцця сістэмы адукацыі на кароткатэрміновы (да 2020 года) і доўгатэрміновы (да 2030-га) перыяды. Яны былі распрацаваны з улікам даручэнняў Прэзідэнта, прапаноў, якія паступілі ў ходзе грамадскага абмеркавання новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі.
Настаўнікаў у Беларусі могуць абавязаць інфармаваць наймальнікаў аб займанні рэпетытарствам
Паводле слоў міністра, выбарачны аналіз сітуацыі паказаў, што выкладчыкі, якія былі задзейнічаны ў прыёмных кампаніях у ВНУ, уступных іспытах у гімназіі, адначасова з’яўляліся і рэпетытарамі. «А ці гэта не завуаліраваная форма карупцыі? — задаўся пытаннем Ігар Карпенка. — Для выключэння магчымых канфліктаў інтарэсаў і карупцыйных рызык ва ўстановах адукацыі міністэрства прапануе ўнесці ў кантракты норму аб тым, што педагог абавязаны інфармаваць наймальніка аб ажыццяўленні ім дзейнасці ў якасці рэпетытара».
«Настаўнік, які не імкнецца эфектыўна выкарыстоўваць кожную мінуту ўрока, каб вучыць і выхоўваць дзіця, хутчэй за ўсё зацікаўлены ў тым, каб прапанаваць не падтрымліваючыя заняткі, а паслугі рэпетытара», — лічыць міністр.
Выпускныя экзамены ў школах прапануецца замяніць комплексным агульнаадукацыйным тэстам
Міністр лічыць, што такая неабходнасць прадыктавана часам. «Сучаснай формай, якая дае магчымасць аб’ектыўна ацаніць узровень ведаў выпускніка, можа выступіць комплексны агульнаадукацыйны тэст», — адзначыў Ігар Карпенка.
Ён звярнуў увагу, што на практыцы фіксуюцца неадпаведнасці паміж сярэднім балам атэстата і рэзультатам ЦТ. Міністр лічыць, што часткова з-за гэтага ўзнікла дыскусія наконт магчымасці вяртання да пяцібальнай сістэмы ацэнкі ведаў, якую 15 гадоў таму змяніла дзесяцібальная. «Нам трэба глыбока і дэталёва прааналізаваць перавагі і недахопы кожнай з іх», — сказаў ён.
У Беларусі прапануецца праводзіць незалежную атэстацыю выпускнікоў базавай школы
На пленарным пасяджэнні педсавета абмяркоўваюцца канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі на кароткатэрміновы (да 2020 года) і доўгатэрміновы (да 2030-га) перыяды. У іх прапануецца праводзіць незалежную атэстацыю выпускнікоў базавай школы. «Атрыманыя адзнакі павінны даць аб’ектыўны адказ, якую траекторыю далейшага навучання трэба выбіраць вучню», — растлумачыў Ігар Карпенка.
Ён праінфармаваў, што цэнтрам, які забяспечвае фарміраванне ў краіне сістэмы незалежнай ацэнкі якасці адукацыі, павінна стаць агенцтва па кантролі ў сферы адукацыі. Яно будзе створана шляхам аб’яднання падпарадкаваных Міністэрству адукацыі структур.
У сістэме прафадукацыі Беларусі прапануецца захаваць адзін від устаноў — каледжы
Цяперашнюю структуру сістэмы адукацыі ў краіне плануецца ўпарадкаваць. Так, на ўзроўні прафесійнай адукацыі прапануецца захаваць адзін від установы — каледж. Ён будзе рэалізоўваць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, растлумачыў міністр.
На ўзроўні вышэйшай адукацыі аптымальным міністэрству бачыцца падыход, пры якім на першай ступені (бакалаўрыят) забяспечваецца падрыхтоўка спецыялістаў з прысваеннем кваліфікацыі, на другой (магістратура) — паглыбленая падрыхтоўка, якая дасць магчымасць падрыхтаваць прафесіяналаў, здольных вырашаць задачы праектавання, канструявання і кіравання. «Гэта дасць магчымасць магістрам займаць пасады навуковых супрацоўнікаў», — дадаў Ігар Карпенка.
Па найбольш складаных навукаёмістых спецыяльнасцях, такіх як медыцына, ядзерная энергетыка, падрыхтоўка будзе весціся па бесперапынных адукацыйных праграмах з 5-6 гадовым тэрмінам навучання.
Мінадукацыі прапануе правесці аптымізацыю сеткі ВНУ ў Беларусі
Цяпер у краіне 28 ВНУ рыхтуюць спецыялістаў эканамічнага профілю, 17 — юрыдычнага. «Таму неабходна правесці аптымізацыю сеткі ўстаноў вышэйшай адукацыі з улікам іх профілю, кадравага патэнцыялу і матэрыяльна-тэхнічнай базы», — сказаў міністр.
Пры гэтым будзе прадоўжана работа па прафілізацыі спецыяльнасцей. Перш за ўсё размова ідзе аб тым, каб выключыць дубліраванне падрыхтоўкі па адных і тых жа спецыяльнасцях на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Станоўчы прыклад ёсць у сістэме аховы здароўя: выпускнікі медкаледжаў і медыцынскіх ВНУ па сваіх кваліфікацыйных характарыстыках не дубліруюць, а дапаўняюць адзін аднаго. Паралельна ў Беларусі распрацоўваюцца новыя падыходы да фарміравання прагнозу падрыхтоўкі кадраў пад патрэбнасці эканомікі і сацыяльнай сферы.
Што датычыцца падрыхтоўкі навуковых кадраў, то цяпер прапануецца замацаваць увядзенне аспірантуры на ўзроўні навукова арыентаванай адукацыі са здачай кандыдацкіх экзаменаў. Набор у дактарантуру будзе праводзіцца выключна па мэтавым прынцыпе на грантавай аснове.
БелТА