Дзяржаўнае свята ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня і праходзіць у гарадах з багатай гістарычнай спадчынай, даўніх цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання. Сёлета шматлікіх удзельнікаў і гасцей Дня беларускага пісьменства ў трэці раз будзе прымаць Полацк, які святкуе сваё 1155-годдзе. Мерапрыемствы тут пройдуць 2 і 3 верасня.
Першыя згадванні пра Полацк у «Аповесці мінулых гадоў» датуюцца 862 годам. Гэта адзін з найстаражытнейшых гарадоў не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім Усходне-славянскім рэгіёне, які стаў адным з цэнтраў хрысціянства. Тут нарадзілася асветніца Ефрасіння Полацкая, прыліча-ная да ліку святых.
Дзень беларускага пісьменства 2017 года асаблівы, ён праходзіць пад лейтматывам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Яркім прадстаўніком свайго народа стаў першадрукар і вучоны, асветнік і гуманіст Францыск Скарына. Ён імкнуўся далучыць суайчыннікаў да багатай культуры і рабіў гэта праз кнігі, якія зрабілі значны ўплыў на духоўную спадчыну Беларусі.
Больш падрабязна аб усім можна даведацца, наведаўшы дзяржаўную ўстанову культуры “Брагінская цэнтральная раённая бібліятэка”. Да Дня беларускага пісьменства тут падрыхтавана тэматычная выстава.
Ніна СІНІЛАВА