Буйныя мерапрыемствы беларускага старшынства ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы — пасяджэнні Савета міністраў абароны і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі — адбыліся ў Мінску.
Пасяджэнне Савета міністраў абароны (СМА) дзяржаў — членаў АДКБ прайшло 13 чэрвеня. Кіраўнікі абаронных ведамстваў абмеркавалі план сумеснай падрыхтоўкі органаў кіравання і фарміраванняў сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі АДКБ на 2018 год, план кансультацый прадстаўнікоў дзяржаў — членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы па пытаннях знешняй палітыкі, бяспекі і абароны на другое паўгоддзе 2017 года — першае паўгоддзе 2018 года, а таксама пытанне ўдасканалення механізма рэалізацыі пагаднення аб асноўных прынцыпах ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі — удзельніцамі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.
15 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбылося пасяджэнне Камітэта сакратароў саветаў бяспекі (КССБ), які з’яўляецца кансультатыўным і выканаўчым органам арганізацыі па пытаннях каардынацыі ўзаемадзеяння дзяржаў-членаў у галіне забеспячэння іх нацыянальнай бяспекі.
З удзельнікамі абодвух мерапрыемстваў сустрэўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Ваенна-палітычная абстаноўка ў зоне адказнасці АДКБ яшчэ больш абвастраецца
Ваенна-палітычная абстаноўка на сучасным этапе ў зоне адказнасці АДКБ яшчэ больш абвастраецца. Такі пункт гледжання выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі абаронных ведамстваў дзяржаў — членаў АДКБ.
Вітаючы гасцей, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што ў гэтым годзе адзначаецца 25-годдзе з моманту падпісання Дагавора аб калектыўнай бяспецы і 15-годдзе з дня ўтварэння Арганізацыі. «Усе гэтыя гады ваенна-палітычную абстаноўку ў зоне адказнасці АДКБ нельга было назваць спакойнай. На сучасным этапе яна яшчэ больш абвастраецца, — заявіў Прэзідэнт. — Вы добра інфармаваны аб працэсах, што адбываюцца ў рэгіёнах калектыўнай бяспекі. Упэўнены, што нашы ацэнкі сённяшняга стану пагроз у розных сферах бяспекі супадаюць».
У гэтых умовах Беларусь надае асаблівае значэнне эфектыўнасці работы статутных органаў АДКБ, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён спадзяецца, што цяперашняе пасяджэнне Савета міністраў абароны будзе садзейнічаць умацаванню бяспекі нашых дзяржаў.
Прэзідэнт нагадаў, што, калі Беларусь прымала старшынства ў Савеце калектыўнай бяспекі, быў вылучаны шэраг ініцыятыў, у тым ліку ў ваеннай сферы. Прапанавана прыняць меры па практычнай рэалізацыі Стратэгіі калектыўнай бяспекі АДКБ, удасканаленні сістэмы крызіснага рэагавання, а таксама паглыбленні супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы. «Яны прадыктаваны логікай развіцця Арганізацыі, нашым бачаннем вырашэння актуальных задач. Сёння на першы план выходзяць пытанні менавіта практычнага супрацоўніцтва па забеспячэнні стабільнасці ў рэгіёнах, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Неабходна разумець, што ўсе сферы забеспячэння бяспекі і дзейнасці АДКБ узаемазвязаны. Недапрацоўкі асобных практычных напрамкаў непазбежна вядуць да тармажэння ў развіцці ўсяго механізма».
Беларусь выступае за хутчэйшае аснашчэнне КСАР найноўшымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што краінамі — членамі АДКБ у склад КСАР вылучаны найбольш боегатовыя падраздзяленні нацыянальных узброеных сіл. Ён звярнуў увагу прысутных на тое, што рашэннем Савета калектыўнай бяспекі АДКБ прадугледжана аснашчэнне КСАР сучаснымі і, што вельмі важна, сумяшчальнымі ўзбраеннем і ваеннай тэхнікай. Гэта пазіцыя замацавана ў пагадненні аб Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання.
На думку Прэзідэнта, на практыцы гэта работа ідзе маруднымі тэмпамі, што недапушчальна. «У такой сітуацыі Калектыўныя сілы не дасягаюць свайго максімальнага патэнцыялу, таму работу па гэтым напрамку неабходна актывізаваць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама лічыць, што нельга зацягваць узгадненне бакамі пагаднення аб сумесным тэхнічным забеспячэнні КСАР АДКБ, якое падрыхтавана ў рамках стварэння адпаведнай сістэмы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння войскаў. «Яго рэалізацыя мае практычную накіраванасць і дасць магчымасць зняць многія неўрэгуляваныя пытанні забеспячэння дзеянняў Калектыўных сіл як пры выкананні імі баявых задач, так і ў ходзе вучобы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Восенню будзе апрабавана новая форма сумеснай падрыхтоўкі фарміраванняў КСАР АДКБ
У час гэтага вучэння будзе ацэнены ўзровень падрыхтоўкі штабоў і войскаў да сумесных дзеянняў, адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Важна не толькі абкатаць дзеянні войскаў у розных рэгіёнах калектыўнай бяспекі ў адзінай вучэбнай абстаноўцы, але і прапрацаваць дзеянні па прадухіленні сучасных пагроз, якія ўжо ўстойліва набылі гібрыдныя формы. Гэта рэаліі сённяшняга дня, і яны патрабуюць ад Арганізацыі адэкватнага рэагавання», — лічыць Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым Беларуссю падтрымана ініцыятыва фарміравання сістэмы міждзяржаўнага інфармацыйнага ўзаемадзеяння, у тым ліку Цэнтра крызіснага рэагавання і нацыянальных органаў, упаўнаважаных на ўзаемадзеянне з ім. Як перакананы Аляксандр Лукашэнка, вельмі важна, каб гэтыя органы пачалі паўнацэнна функцыянаваць не толькі ў перыяд рэзкага абвастрэння абстаноўкі, але і ў штодзённым рэжыме.
Беларусь заўсёды будзе верная сваім абавязацельствам па КСАР АДКБ
«Мы заўсёды будзем верныя сваім абавязацельствам па КСАР, гэта наша агульнае падраздзяленне. Яны праходзяць абучэнне на тэрыторыях усіх дзяржаў, і мы заўсёды прымаем у іх удзел», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама запэўніў, што Беларусь цэніць той факт, што ёй даручана абараняць заходні напрамак. «І мы, як заўсёды, вельмі адказна рэалізуем усе мерапрыемствы, каб у нашага патэнцыяльнага праціўніка не было нават думкі, што беларуская армія не гатова і наша сумесная беларуска-расійская групоўка не гатова адбіць любы ўдар патэнцыяльнага саперніка», — прадоўжыў Прэзідэнт.
«Нас часта крытыкуюць, і Расію асабліва, што мы тут бразгаем зброяй», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. У сувязі з гэтым ён заявіў: «Не, ніякай зброяй мы не бразгаем. Прынамсі, ні я, ні Прэзідэнт Пуцін не прымаем замежныя войскі на сваёй тэрыторыі з такой помпай, як гэта зрабіў Прэзідэнт Польшчы, калі натаўскія войскі былі размешчаны непасрэдна ля граніц Беларусі, нашых сумесных рубяжоў. Мы гэтага не робім. Усе праводзяць вучэнні па перыметры зон адказнасці пастаянна. Сапраўды, бразгаюць зброяй. Мы таксама на гэта глядзім, робім вывады, але не крычым кожны раз, што тут нешта няправільна. Ёсць армія, ёсць войскі, яны абучаюцца. Абучайцеся на здароўе. Але дазвольце і нам гэта рабіць. На тое гэта і ваенныя. Яшчэ раз запэўніваю вас, што не павінна быць ніякіх сумненняў у плане дзеянняў беларускіх Узброеных Сіл у зоне адказнасці, на заходнім напрамку».
Як бы на нас ні націскалі, мы правядзём беларуска-расійскія вучэнні маштабна і сур’ёзна
«Вы цудоўна ведаеце, што Беларусь і ў рамках Саюзнай дзяржавы, і ў рамках АДКБ адказная за заходні напрамак. Гэта зона адказнасці Беларусі, і ўся наша армія сканцэнтравана на гэта разам з Расійскай Федэрацыяй. У нас выбудаваны дакладны план дзеянняў у розных сітуацыях», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Восенню на тэрыторыі Беларусі пройдуць беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2017». «І як бы на нас ні націскалі, мы правядзём гэтыя вучэнні і нацэлены на тое, каб яны прайшлі маштабна і вельмі сур’ёзна, — заявіў Прэзідэнт. — Ведаю, што і ў Расіі такі ж настрой. Мы нікога не палохаем. Нам чужога не трэба. Таму мы будзем адпрацоўваць усё тое, што адпрацоўваюць нашы патэнцыяльныя сапернікі. Мы абучаем армію і будзем яе абучаць абараняць нашу тэрыторыю, нашу дзяржаву, нашы народы».
Кіраўнік дзяржавы заявіў аб адкрытасці гэтых вучэнняў: «Мы запросім на вучэнні ўсіх прысутных сёння міністраў абароны, і не толькі. Гэтыя вучэнні адкрытыя. Няхай глядзяць на нашы магчымасці. Мы вельмі сур’ёзна нацэлены на тое, каб на тэрыторыі Беларусі вучэнні прайшлі вельмі эфектыўна, і будзем старацца надаць гэтым вучэнням і маштабны, і разнапланавы характар, каб нашы ваенныя — і Расіі, і Беларусі — адчувалі, што яны абараняюць на гэтым напрамку і якія абавязацельствы на іх ускладзены».
Бларуска-расійскія вучэнні не нацэлены на наступленне на чые-небудзь тэрыторыі
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з сакратарамі саветаў бяспекі дзяржаў — удзельніц АДКБ.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларуская і расійская арміі на заходнім напрамку дзейнічаюць як адзінае цэлае. «Мы гэта ні ад НАТАўцаў, ні ад каго не ўтойваем. Але калі існуе такая групоўка, зразумела, што павінны праводзіцца вучэнні. Мы іх і праводзім, — сказаў Прэзідэнт. — Тым не менш, нашы вучэнні не нацэлены на наступленне на чые-небудзь тэрыторыі. Нам сваіх дастаткова. Мы не збіраемся нікога заваёўваць. Але будуем сваю палітыку, улічваючы ўрокі мінулага. Мы нікому не пагражаем, мы ні на каго не збіраемся наступаць, ні з кім ваяваць, але мы вучым сваю армію, каб яна была гатова адбіць любы ўдар і нанесці ўрон таму, хто захоча з намі ваяваць. Гэта наша канцэпцыя».
«Самае дзіўнае, што нас папракаюць у тым, што далёка да таго, што робяць яны. Мы тут не фарміруем і не размяшчаем нейкія новыя часці замежных дзяржаў. Наадварот, мы бачым, як ля нашых граніц з непрыхаваным аператыўным запалам размяшчаюцца ўсё больш і больш часцей і войскаў, у тым ліку замежных», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Добра б войскі, але там размешчаны самыя сучасныя беспілотныя лятальныя апараты. Я калі ўбачыў здымкі гэтых беспілотнікаў…, яны ж велізарныя, як сапраўдныя самалёты. Гэта ўдарныя беспілотнікі. Супраць каго? І нам кажуць: вы тут супакойцеся, вы не павінны ніякіх вучэнняў праводзіць. Не, мы будзем праводзіць вучэнні, таму што бяспекай дзяржаў пагарджаць ніхто не будзе. Ні Расія, ні Беларусь, ні АДКБ», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Праблемы ў рэгіёне АДКБ неабходна вырашаць самастойна, без замежных палітбюро
«Вельмі хацелася б, каб праблемы, якія ў нас ёсць, мы вырашалі самі. За сталом у Мінску, Маскве, у Ерэване, у іншых гарадах краін АДКБ. Каб не было ўплыву нейкіх іншых дзяржаў, груп, круглых сталоў. Тым больш мы можам вырашыць гэтыя праблемы і ў Карабаху, і ў Прыднястроўі, і ва Украіне. Гэта нашы праблемы. Мы іх павінны вырашаць без замежных палітбюро і ўмяшанняў», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што калі б удалося развязаць існуючыя насцярожваючыя моманты і кропкі нестабільнасці на прасторы АДКБ, то аўтарытэт арганізацыі значна вырас бы.
«Несумненна, што толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам забяспечыць абарону сваіх нацыянальных інтарэсаў», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Паводле яго слоў, у гэтым плане шмат што залежыць ад сакратароў саветаў бяспекі, што абумоўлена іх асаблівымі паўнамоцтвамі і прамым падначаленнем кіраўнікам дзяржаў. «Вам дадзена ўнікальная магчымасць комплексна, шматпланава падыходзіць да вырашэння праблем па адбіцці сучасных выклікаў, распрацоўваць новыя ідэі і ініцыятывы, мэтанакіравана ўвасабляць дасягнутыя дамоўленасці ў рэальныя мерапрыемствы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка пракаменціраваў заявы аб магчымасці ўрэгулявання канфлікту ва Украіне без мінскага фармату
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў якасці месца правядзення сустрэчы з сакратарамі саветаў бяспекі была выбрана гістарычная зала, дзе праходзілі перагаворы лідараў краін «нармандскай чацвёркі» і выпрацоўваліся гістарычныя мінскія пагадненні, якія, на жаль, не ў поўным аб’ёме рэалізуюцца. «І, як я бачу, у апошні тыдзень пачалі падпадаць пад уздзеянне ўжо атак з боку тых дзяржаў, якія павінны былі б сесці за стол перагавораў і далучыцца да гэтага фармату», — адзначыў беларускі лідар.
«Ужо ідуць намёкі, што можна і без мінскага фармату абысціся, знайсці нейкія іншыя спосабы ўрэгулявання ўкраінскага канфлікту, — сказаў Прэзідэнт Беларусі. — Можна, вядома. Але пачынаць спачатку заўсёды складаней, чым прадаўжаць добрую справу».
Лукашэнка назваў шэсць важнейшых задач АДКБ на сучасным этапе
У якасці важнейшых задач Прэзідэнт вызначыў каардынацыю знешнепалітычнай дзейнасці дзяржаў — членаў АДКБ; супрацоўніцтва Арганізацыі з вядучымі ўніверсальнымі і рэгіянальнымі міжнароднымі структурамі; комплекснае ўмацаванне ваеннага, ваенна-тэхнічнага, антыкрызіснага і міратворчага патэнцыялаў АДКБ.
Гэта таксама процідзеянне міжнароднаму тэрарызму і барацьба з незаконным абаротам наркотыкаў; забеспячэнне стабільнай міграцыйнай абстаноўкі; удасканаленне юрыдычнай асновы і механізмаў узаемадзеяння ў рамках Арганізацыі.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пасяджэнне камітэта праходзіць у няпросты час. Міжнародная сітуацыя характарызуецца ростам нестабільнасці, перабудовай адносін паміж сусветнымі цэнтрамі сілы і ўзмацненнем узаемнай канкурэнцыі. Актыўна фарміруюцца ўмовы для пераносу процістаяння ў касмічную сферу, кіберпрастору.
«На граніцах нашых краін нарошчваецца ваенная інфраструктура НАТА, разгортваецца сістэма проціракетнай абароны, рэалізуюцца праекты па стварэнні высокадакладнай зброі. Канфлікты, эканамічныя і сацыяльныя ўзрушэнні прадаўжаюць заставацца крыніцамі міграцыйнага крызісу», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асаблівую пагрозу ўяўляе тэрарыстычная актыўнасць у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, непакоіць процістаянне на паўднёвым усходзе Украіны, у Нагорным Карабаху. Нягледзячы на станоўчыя тэндэнцыі, што намеціліся, не ўрэгулявана сітуацыя вакол Прыднястроўя.
«Відавочна, што ў гэтых умовах павышаецца значнасць нашай арганізацыі. У выніку шматфункцыянальнасці ў АДКБ ёсць патэнцыял для таго, каб адыгрываць важкую ролю ў будучай абноўленай архітэктуры бяспекі еўразійскага кантынента», — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Ён лічыць неабходным своечасова прымаць стратэгічныя рашэнні, заснаваныя на адзінстве і саюзніцкай з’яднанасці, выбудоўваць узгодненыя калектыўныя адказы на глабальныя і рэгіянальныя выклікі.
Як паведамлялася, Беларусь старшынствуе ў АДКБ з 14 кастрычніка 2016 года.
БелТА