У Мінску 27-28 кастрычніка прайшлі пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета і Савета кіраўнікоў урадаў СНД. На пасяджэннях разгледжаны актуальныя пытанні супрацоўніцтва дзяржаў — членаў ЕАЭС і СНД.
На пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета абмеркаваны праект новага Мытнага кодэкса ЕАЭС, праект бюджэту ЕАЭС на 2017 год, ход работы па міжнароднай дзейнасці Еўразійскай эканамічнай камісіі, асобныя аспекты гандлёвай палітыкі.
На пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД разгледжана больш за 20 праектаў дакументаў, якія датычацца далейшага развіцця супрацоўніцтва па прыярытэтных напрамках дзейнасці Садружнасці.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўнікамі ўрадавых дэлегацый ЕАЭС і СНД.
Лукашэнка адзначае прызнанне краінамі СНД актыўнай інтэграцыйнай палітыкі Беларусі
Правядзенне ў Мінску пасяджэнняў кіраўнікоў урадаў Еўразійскага эканамічнага саюза і Садружнасці Незалежных Дзяржаў у Беларусі разглядаюць як прызнанне актыўнай інтэграцыйнай палітыкі краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час сустрэчы з кіраўнікамі ўрадавых дэлегацый ЕАЭС і СНД.
«Разглядаем правядзенне гэтых мерапрыемстваў у нас як праяўленне павагі да Беларусі, прызнанне яе актыўнай інтэграцыйнай палітыкі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сучасным свеце абвастраецца палітычная і эканамічная турбулентнасць. «Узмацнілася абгрунтаваная крытыка ў нашых краінах у сувязі з незадаволенасцю як тэмпамі, так і практычнымі вынікамі развіцця інтэграцыі. Чутны трывожныя сігналы ад бізнесу, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Буду шчыры: крытычная маса пытанняў, што назбіраліся, выклікае ў нас, у Беларусі, трывожныя настроі наконт перспектыў не толькі СНД, але і ЕАЭС».
Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна павысіць эфектыўнасць патэнцыялу інтэграцыі і яе канкурэнтныя перавагі.
«Упэўнены, што мінскія сустрэчы дадуць магчымасць знайсці шляхі вырашэння існуючых праблем, асабліва ў эканамічнай сферы. Без эканомікі нікуды, таму што гэта фундамент любых адносін», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Краіны ЕАЭС не павінны таптацца на месцы пры рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей — Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, калі паспрабаваць разабрацца са станам спраў у ЕАЭС, то, вядома, на этапе эканамічнага спаду дзяржавы воляй-няволяй задзейнічаюць пратэкцыянісцкія меры. «Але ж саюз для таго і ствараўся як больш паглыбленая інтэграцыйная форма, каб разам пераадольваць крызісы і застоі ў эканоміцы, паважаць інтарэсы адзін аднаго, сфарміраваць агульныя рынкі, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Наогул, крызісы і розныя непарадкі, сутыкненні павінны збліжаць сапраўдных сяброў і братоў».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што краіны вызначылі дакладныя тэрміны рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей. І гэтыя рашэнні, як бы ні было складана, трэба выконваць. «Калі не будзем выконваць дамоўленасці, якія мы выпакутавалі (гэта было не так проста), перспектыў не будзе ні ў якога саюза. Пакуль сітуацыя не самая радасная. На многіх напрамках адзначана істотнае адставанне. Часта мы вельмі доўга топчамся на адным месцы. Тыповы прыклад — устараненне выключэнняў, бар’ераў і абмежаванняў у гандлі, якіх налічваецца некалькі соцень», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка заклікае краіны ЕАЭС да правядзення ўзгодненай прамысловай палітыкі
«Беларусь рэгулярна ставіць пытанне аб правядзенні ўзгодненай прамысловай палітыкі. Адзіны шлях для ператварэння ЕАЭС у цэнтр эканамічнай сілы — гэта развіццё магутнай і сучаснай вытворчай базы на аснове кааперацыі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Тэарэтычна з гэтай ідэяй згодны ўсе. Але практычнай рэалізацыі, на жаль, няма.»
Як адзначыў Прэзідэнт, таксама неабходна ўрэгуляваць пытанні функцыянавання ЕАЭС ва ўмовах прымянення адной з дзяржаў-членаў аднабаковых мер абароны рынку адносна трэціх краін.
«Нам патрэбны выразны механізм узаемадзеяння ў такіх сітуацыях, у першую чаргу для таго, каб на роўным месцы не ўзнікалі непаразуменні паміж удзельнікамі саюза», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што пытанні функцыянавання ЕАЭС таксама абмяркоўваліся на нядаўнім саміце АДКБ у Арменіі. Паводле слоў Прэзідэнта, гэта была жорсткая і прынцыповая размова, але разам з тым адкрытая і дружалюбная.
Беларусь не задавольваюць аддаленыя тэрміны стварэння агульных рынкаў энерганосьбітаў у ЕАЭС — Лукашэнка
«Нас не задавольваюць аддаленыя тэрміны стварэння агульных рынкаў энерганосьбітаў, а таксама лібералізацыі выканання перавозчыкамі адной дзяржавы перавозак паміж пунктамі, размешчанымі на тэрыторыі іншай дзяржавы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што, нават калі ўмоўна вызначаны тэрміны стварэння адзіных рынкаў, не трэба чакаць да апошняга з іх запускам.
Лукашэнка выступае супраць фармалізму ў рабоце па ўдасканаленні дагавора аб ЕАЭС
«Пачата работа па ўдасканаленні палажэнняў дагавора аб ЕАЭС. Самае важнае — падысці да яе не фармальна, а выкарыстаць гэту магчымасць для вырашэння самых складаных пытанняў інтэграцыі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што няўзгодненасць дзеянняў прывяла ўжо да разбалансіроўкі ўнутраных інтэграцыйных працэсаў. «Таму я заклікаў бы кіраўнікоў урадаў дзяржаў ЕАЭС нацэліць сваіх экспертаў на сур’ёзную работу, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Мы ўбачылі, што трэба сёння актуалізаваць гэты дагавор. Што не атрымалася — адкінуць. Трэба яго ўдасканаліць, правесці рэвізію па ўсіх напрамках».
Але, беручы на сябе новыя задачы, заўважыў кіраўнік дзяржавы, трэба падумаць і над прадаўжэннем вырашэння доўгайграючых праблем, па якіх дасягнуць выніку не ўдалося.
«Толькі пераемнасць, паслядоўнасць і сістэмнасць у рабоце могуць стварыць неабходныя перадумовы для паскоранага руху да тых мэт, якія мы паставілі перад саюзам», — упэўнены беларускі лідар.
«Падыход Беларусі празрысты — калі сказалі, што будзем будаваць Еўразійскі эканамічны саюз, то трэба быць паслядоўнымі і рашуча ісці наперад, як дамовіліся. Інакш інтэграцыйныя ідэі не будуць успрымацца сур’ёзна ні нашымі народамі, ні за межамі саюза», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
У аснове кожнага новага рашэння краін СНД павінна быць акупнасць — Прэзідэнт Беларусі
«У Бішкеку кіраўнікі дзяржаў далі ўрадам сігнал аб неабходнасці пошуку новых, сучасных імпульсаў развіцця СНД, аб павышэнні эфектыўнасці работы органаў Садружнасці. Усё непатрэбнае і неэфектыўнае неабходна пакінуць у мінулым», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, апошнія гады пастаянна адзначаюцца праблемы з паўнатой фарміравання бюджэту органаў СНД. Прэзідэнт Беларусі лічыць, што адной з прычын гэтага з’яўляецца адсутнасць інавацыйных ідэй і яркіх вынікаў у сферах узаемадзеяння Садружнасці. «Адсюль і зніжэнне інтарэсу да фінансавання СНД», — выказаў меркаванне кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што патрэбны амбіцыйныя задачы. «Неабходны агульныя кропкі эканамічнага росту, заснаваныя на прынцыпах вытворчага, інвестыцыйнага і навуковага ўзаемадзеяння».
Лукашэнка: у сучасных умовах СНД захоўвае запатрабаванасць як універсальная пляцоўка ўзгаднення пазіцый
«У верасні ў Бішкеку мы прадметна разгледзелі пытанні адаптацыі СНД да сучасных умоў. Беларусь заўсёды выступала за захаванне Садружнасці як паўнацэннай міжнароднай арганізацыі, нацэленай на развіццё рэгіянальнай інтэграцыі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — З задавальненнем адзначаю, што і ў Беларусі ў нас такое ж меркаванне, і гэты падыход быў падтрыманы ўсімі кіраўнікамі дзяржаў Садружнасці і знайшоў сваё адлюстраванне ў прынятым рашэнні аб адаптацыі СНД».
Прэзідэнт звярнуў увагу на той факт, што ў аснове Садружнасці — стратэгія ўзаемавыгаднага і раўнапраўнага супрацоўніцтва, што дае магчымасць кожнай з дзяржаў-удзельніц рабіць свабодны выбар ступені свайго ўдзелу ў інтэграцыйным працэсе, грунтуючыся пры гэтым на нацыянальных інтарэсах.
Ён выказаў перакананасць, што СНД поўнасцю запатрабавана.
Лукашэнка лічыць магчымым буйны касмічны праект на аснове аб’яднання рэсурсаў краін СНД
«Нашы вучоныя ў якасці аднаго з фактараў развіцця навукова-тэхнічнага і інавацыйнага патэнцыялу краін Садружнасці бачаць супрацоўніцтва ў даследаванні і выкарыстанні космасу ў мірных мэтах, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Базісам такога ўзаемадзеяння мог бы стаць буйны сумесны касмічны праект, што рэалізуецца на аснове аб’яднання рэсурсаў краін СНД у мэтах атрымання важкіх навуковых, практычных і эканамічных вынікаў».
Паводле яго слоў, важным напрамкам з’яўляецца забеспячэнне ўнутраных рынкаў стратэгічнымі сыравіннымі рэсурсамі, у тым ліку энергетычнымі. «Неабходны актуалізацыя і ўзаемная ўвязка нацыянальных энергетычных праграм нашых дзяржаў, энергетычная кааперацыя, укараненне новых тэхналогій, павелічэнне долі альтэрнатыўнай энергетыкі, — сказаў Прэзідэнт. — Захоўвае сваю значнасць прадаўжэнне супрацоўніцтва ў сферы харчовай бяспекі. Тут да месца рэалізацыя сумесных мер па павышэнні канкурэнтаздольнасці нашых аграпрамысловых комплексаў на знешніх рынках, так і па вырашэнні пытанняў унутранага абарачэння прадуктаў харчавання».
На думку кіраўніка дзяржавы, гэта датычыцца гарманізацыі патрабаванняў у галіне бяспекі і якасці сельскагаспадарчых тавараў, уключаючы выкарыстанне недыскрымінацыйных форм маніторынгу і кантролю, развіццё сістэмы абмену інфармацыяй аб выніках лабараторнага кантролю, сумеснае выяўленне выпадкаў парушэння ветэрынарнай стабільнасці тэрыторыі.
У СНД патрабуецца ўзмацненне каардынуючай ролі органаў галіновага супрацоўніцтва — Прэзідэнт Беларусі
Як лічыць Прэзідэнт Беларусі, дзейнасці органаў галіновага супрацоўніцтва неабходна надаць сістэмнасць і праграмна-мэтавы характар. «Асобныя з іх функцыянуюць дзесяцігоддзямі, але не ўносяць укладу ў развіццё Садружнасці, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Але ж менавіта на гэтым узроўні ажыццяўляецца экспертная дзейнасць па практычным напаўненні палітычных рашэнняў, вынікі такой работы фарміруюць уяўленне аб карысці СНД для канкрэтных грамадзян, арганізацый, прадпрыемстваў, дзяржаў».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе гэтыя тэмы не новыя і на іх трэба проста паглядзець пад іншым вуглом, актуалізаваць з улікам сучасных рэалій. «Гэта і будзе лепшай адаптацыяй СНД», — перакананы Прэзідэнт.
Лукашэнка адзначае складанасці ў практычнай рэалізацыі Дагавора аб зоне свабоднага гандлю СНД
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Дагавор аб зоне свабоднага гандлю з’яўляецца адным з ключавых элементаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ўнутры Садружнасці. «Сёння ў практычнай рэалізацыі дагавора ёсць складанасці, выкліканыя абвастрэннем адносін паміж двума нашымі ключавымі партнёрамі. Застаецца толькі заклікаць да цярпення і стрыманасці ў прыняцці рашэнняў», — адзначыў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, Садружнасць шмат страціла з выхадам з яе складу Грузіі. «Далейшы рух па такім вектары істотна зніжае эканамічны, ды і палітычны патэнцыял СНД, — лічыць Прэзідэнт. — Тым больш што ў рамках Дагавора аб зоне свабоднага гандлю мы пачалі вырашэнне дзвюх важных задач: пабудову адзінага рынку дзяржаўных закупак і фарміраванне асноў рынку свабоднага гандлю паслугамі».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што Беларусь вельмі зацікаўлена ў максімальна шырокім складзе ўдзельнікаў гэтай работы.
«Моцнымі бакамі СНД заўсёды былі і застаюцца арганізацыя ўзаемадзеяння па самых розных напрамках, раўнапраўнасць дзяржаў-удзельніц, гібкасць фарматаў калектыўнага супрацоўніцтва і механізмаў прыняцця рашэнняў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён лічыць, што гэтыя фактары дадуць магчымасць з годнасцю вырашыць надзённыя пытанні далейшага развіцця Садружнасці.
Лукашэнка: Саюз Беларусі і Расіі — прыклад і ўзор глыбокай інтэграцыі
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што СНД — добрая пляцоўка для сустрэч і перагавораў, вырашэння тактычных пытанняў. Еўразійскі эканамічны саюз прадугледжвае ўжо глыбокую эканамічную інтэграцыю. «Яшчэ больш глыбокая інтэграцыя ў Саюзе Беларусі і Расіі. Ён з’яўляецца прыкладам і ўзорам», — падкрэсліў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што пры стварэнні ЕўрАзЭС краіны абапіраліся менавіта на многія беларуска-расійскія дамоўленасці.
«Калі нехта гатовы перайсці ад эканамічнага саюза да цеснага эканамічнага ваенна-палітычнага саюза ў рамках Саюза Беларусі і Расіі, дагавор адкрыты», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Краіны ЕАЭС змаглі ў значнай меры рушыць наперад да стратэгічных мэт саюза — Кабякоў
Аб гэтым заявіў 27 кастрычніка прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў пашыраным складзе.
«Бягучы 2016 год надзвычай няпросты і напружаны як у развіцці нашых эканомік, так і ў станаўленні Еўразійскага эканамічнага саюза, — сказаў Андрэй Кабякоў. — Абнадзейвае, што па шэрагу важных напрамкаў у гэтых складаных умовах нам удалося або дабіцца канкрэтных пазітыўных вынікаў, або ў значнай меры рушыць наперад да стратэгічных мэт функцыянавання саюза, замацаваных у дагаворы аб ЕАЭС ад 29 мая 2014 года».
Андрэй Кабякоў выказаў упэўненасць у тым, што сустрэча кіраўнікоў урадаў ЕАЭС у Мінску ўнясе сур’ёзны ўклад у развіццё еўразійскай эканамічнай інтэграцыі.
Краінам СНД яшчэ шмат трэба будзе зрабіць для ўмацавання Садружнасці — Кабякоў
Аб гэтым заявіў 28 кастрычніка на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД у вузкім складзе прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.
Кіраўнік беларускага ўрада адзначыў, што краінам СНД неабходна ўдакладніць сферы паўнамоцтваў органаў Садружнасці, аптымізаваць і павысіць выніковасць работы галіновых структур, забяспечыць эканомію і эфектыўнае выкарыстанне фінансавых рэсурсаў.
Паводле слоў Андрэя Кабякова, кожнае пасяджэнне ў фармаце Садружнасці Незалежных Дзяржаў з’яўляецца пацвярджэннем яе функцыянальнага прызначэння. «Гэта пляцоўка для вядзення шматбаковых перагавораў і прыняцця ўзаемавыгадных рашэнняў па ўсіх пытаннях», — падкрэсліў ён.
Мінск заўсёды быў і застаецца ў цэнтры інтэграцыйных працэсаў СНД — Кабякоў
Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на пашыраным пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД.
«Мінск заўсёды быў і вось ужо 25 гадоў застаецца ў цэнтры інтэграцыйных працэсаў, — падкрэсліў прэм’ер-міністр. — Упэўнены, што і сённяшняе пасяджэнне прыўнясе новыя вехі ў развіццё інтэграцыі на прасторы Садружнасці».
Гэта першае пасяджэнне кіраўнікоў урадаў СНД пасля пасяджэння кіраўнікоў дзяржаў у Бішкеку, дзе пацверджана агульная гатоўнасць захаваць Садружнасць як паўнацэнную рэгіянальную міждзяржаўную арганізацыю. «Рашэннем аб адаптацыі СНД да сучасных рэалій зададзены вектар далейшага развіцця Садружнасці. Цяпер перад намі стаіць задача па павышэнні эфектыўнасці работы статутных і іншых органаў СНД, мінімізацыі фінансавых затрат на іх функцыянаванне», — адзначыў Андрэй Кабякоў.
Цэнтральнымі для краін СНД застаюцца пытанні эканамічнага ўзаемадзеяння. «Намі распрацаваны стратэгіі эканамічнага развіцця на перыяд да 2020 года. Задачы пастаўлены сур’ёзныя. Дакумент ахоплівае больш за 20 напрамкаў і налічвае 290 практычных мерапрыемстваў, — расказаў Андрэй Кабякоў. — Іх рэалізацыя прызначана стварыць рэальныя ўмовы для ўстойлівага развіцця эканомік нашых краін, структурных пераўтварэнняў у розных сферах дзейнасці. Упэўнены, што няўхільная рэалізацыя стратэгіі надасць дадатковую дынаміку дагавору аб зоне свабоднага гандлю».
Кіраўнікі ўрадаў разгледзелі ход рэалізацыі палажэнняў дагавора аб зоне свабоднага гандлю ад 18 кастрычніка 2011 года і пазітыўна ацанілі іх выкананне. На сённяшні дзень бакамі ўзгоднены правілы і працэдуры рэгулявання дзяржаўных закупак, ажыццяўляецца падрыхтоўка дакумента, які будзе рэгламентаваць свабодны гандаль паслугамі. Бакі выконваюць узятыя абавязацельствы ў частцы экспартных пошлін, захоўваюць умовы прымянення тэхнічных, санітарных і фітасанітарных мер ва ўзаемным гандлі. Прадугледжаныя дагаворам механізмы вырашэння гандлёвых спрэчак уяўляюцца найбольш эфектыўным шляхам дасягнення ўзаемавыгадных вынікаў, а ўстараненне бар’ераў у гандлі таварамі і паслугамі садзейнічае развіццю ўзаемнага гандлю і эканамічнаму росту яго ўдзельнікаў.
Наступнае пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў СНД пройдзе 26 мая 2017 года ў Расіі
Аб гэтым паведаміў старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД у пашыраным складзе ў Мінску.
«Па прапанове Расійскай Федэрацыі вырашана правесці чарговае пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў СНД 26 мая 2017 года ў Расіі», — праінфармаваў Сяргей Лебедзеў.
Старшынства ў СНД у 2017 годзе пераходзіць да Расіі
«З 1 студзеня старшынства ў СНД прымае Расійская Федэрацыя. Сёння члены дэлегацыі пажадалі поспехаў прадстаўнікам Расіі, старшыні ўрада Расіі Дзмітрыю Мядзведзеву», — адзначыў Сяргей Лебедзеў.
Паводле яго слоў, краіны СНД выказалі надзею, што старшынства Расіі ў Садружнасці надасць новы імпульс для ўмацавання супрацоўніцтва.
У 2016 годзе ў СНД старшынствуе Кыргызстан.
Краіны СНД падпісалі пакет дакументаў аб супрацоўніцтве
Па выніках пасяджэння ў Мінску Савета кіраўнікоў урадаў СНД падпісаны пакет дакументаў у сферы эканомікі, энергетыкі, гуманітарнага супрацоўніцтва.
У прыватнасці, падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД у горна-металургічнай галіне. Дакумент накіраваны на забеспячэнне скаардынаванай работы прадпрыемстваў горна-металургічнай галіны, садзейнічанне фарміраванню ўзаемавыгадных каардынацыйных сувязей, распрацоўку і ажыццяўленне мерапрыемстваў па рэалізацыі сумесных праграм і праектаў, выпрацоўку і прыняцце рашэнняў, што садзейнічаюць стварэнню сумесных прадпрыемстваў, кампаній для вядзення пошукава-разведачных работ і будаўніцтва горна-абагачальных комплексаў.
Зацверджана канцэпцыя фарміравання і развіцця рынку інтэлектуальнай уласнасці дзяржаў — удзельніц СНД і план мерапрыемстваў па яе рэалізацыі. Гэтыя дакументы прадугледжваюць удасканаленне механізмаў кіравання інтэлектуальнай уласнасцю, развіццё інавацыйнага прадпрымальніцтва, павышэнне канкурэнтаздольнасці таваравытворцаў у краінах СНД.
Подпісы пастаўлены пад пагадненнем аб супрацоўніцтве ў галіне каранціну раслін. Таксама зацверджаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі стратэгіі развіцця гідраметэаралагічнай дзейнасці краін СНД (2016-2020 гады).
Акрамя таго, падпісаны прагноз вытворчасці і спажывання энергарэсурсаў дзяржаў СНД на перыяд да 2030 года, пагадненне аб супрацоўніцтве ў аўтамабілебудаванні, пагадненне аб партнёрстве ў галіне прававой асветы спажыўцоў. Таксама зацверджана рашэнне аб правядзенні міжнародных супастаўленняў на аснове парытэту пакупной здольнасці валют у Садружнасці Незалежных Дзяржаў, рашэнне аб фінансаванні ў 2017 годзе плана мерапрыемстваў па рэалізацыі асноўных напрамкаў далейшага развіцця медыка-сацыяльнай дапамогі і павышэння якасці жыцця ветэранаў войнаў — удзельнікаў лакальных канфліктаў і членаў іх сем’яў у дзяржавах СНД на перыяд да 2020 года.
БелТА