Тэма тыдня: папярэднія вынікі выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў

Тема недели

belta

Мы рабілі ўсё, каб да нас не было прэтэнзій з боку Захаду

У Беларусі прыкладаюць намаганні да таго, каб па выніках выбарчай кампаніі з боку Захаду не было ніякіх прэтэнзій. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 верасня на выбарчым участку ў час размовы з журналістамі.

«Так, мы рабілі ўсё для таго, каб да нас не было прэтэнзій перш за ўсё ад заходняга боку (не толькі АБСЕ, мы таксама яго члены, і мы шмат можам прэтэнзій прад’явіць дзяржавам, якія з’яўляюцца членамі АБСЕ). З іншага боку, калі нас папракаюць заходнікі, нас цяжка падтрымліваць расіянам, кітайцам і гэтак далей. Мы не хочам ствараць праблем і для нашых сяброў такім чынам. Таму мы ішлі недзе насустрач пажаданням, рэкамендацыям і ўмовам, якія выстаўлялі для нас звонку», — сказаў Прэзідэнт.

Разам з тым ён падкрэсліў, што калі Беларусі ставяць пэўныя ўмовы, ён перш за ўсё глядзіць на тое, ці адпавядае гэта інтарэсам краіны, ці ёсць магчымасць пайсці на той ці іншы крок. «Калі гэта магчыма, мы на гэта ідзём. Навошта залішне напружваць абстаноўку? Таму мы рабілі ўсё, каб да нас было менш прэтэнзій», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Дэпутаты не павінны забываць аб сваіх абяцаннях і абавязацельствах

«Імкненне ва ўладу — гэта нармальныя амбіцыі нармальных людзей. Але каб яно не засталося банальным, трэба разумець, што, трапіўшы ў гэту ўладу ў якасці, дапусцім, дэпутата, табе ўсё роўна давядзецца выконваць вельмі цяжкія рэчы: займацца заканатворчасцю і выконваць абяцанае, рабіць карыснае для дзяржавы і народа, — сказаў Прэзідэнт. — Я падтрымліваю і адабраю імкненне трапіць ва ўладу, але толькі, каб яно не стала банальным».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што работа людзей, якія знаходзяцца ва ўладзе, павінна даваць аддачу.

«У адваротным выпадку — як ты туды трапіў, так ты адтуль і вылеціш, калі не будзеш выконваць свае абавязацельствы і прыносіць карысць народу», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Дэпутаты павінны настройвацца на складаную і цяжкую заканатворчую работу 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, як правіла, на выбарах перамагаюць каля 25-30 працэнтаў кандыдатаў у дэпутаты, якія раней ужо выбіраліся ў парламент, а 70-75 працэнтаў — гэта новыя людзі. Аднак, як правіла, палітыкамі яны становяцца ўжо толькі ў парламенце. «Настройвацца трэба не на тое, што ты будзеш палітыкам у тым савецкім сэнсе, як мы гэта разумелі некалі, а на складаную і цяжкую заканатворчую работу. Згодна з Канстытуцыяй, парламент — вышэйшы заканадаўчы орган», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што заканатворчасцю могуць займацца розныя органы дзяржаўнай улады, у тым ліку і звычайныя грамадзяне. «А вось функцыя прыняцця законаў — выключна функцыя парламента. Таму галоўнае гэта, усё астатняе потым», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Дэпутаты павінны быць больш палітычна актыўнымі ўнутры краіны і на міжнароднай арэне 

«Калі мы некалькі разоў абмяркоўвалі пытанні падрыхтоўкі і правядзення выбараў, я не адзін раз гаварыў, што нашым дэпутатам трэба дабавіць палітычнага складніка, у тым ліку ў нейкай ступені дыпламатычнага, каб дэпутаты былі больш актыўнымі палітычна як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што вырашаць важныя для краіны пытанні павінен не толькі кіраўнік дзяржавы, але і самі дэпутаты. «Хто, як не дэпутат, павінен падставіць сваё плячо, а недзе, можа, і наперад Прэзідэнта забегчы? Народная дыпламатыя падобна да дыпламатыі дэпутата. Гэтага складніка ў нашых дэпутатаў якраз і не хапае», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў высокую канкурэнцыю на выбарах. «Тое, што ў нас 4-5 чалавек на адно месца, — гэта вельмі добрая канкурэнцыя», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Парламенцкія выбары прайшлі ў спакойнай абстаноўцы

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 верасня ў час сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандрам Косінцам.

«Прынамсі, мне ніхто за гэтыя суткі не далажыў, што ў нас з пункту гледжання бяспекі нейкія былі праблемы, нейкія пытанні ўзнікалі на ўчастках, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Выбары завяршыліся, і я хацеў бы ведаць асноўныя іх вынікі. Як сапраўды прайшлі гэтыя выбары з пункту гледжання арганізатараў, таму што вам і Адміністрацыі Прэзідэнта першапачаткова было даручана арганізаваць іх такім чынам, каб было ціха, спакойна, бяспечна, і каб людзі маглі свабодна выказаць сваё меркаванне, сваю волю. Размова вось з гэтай пазіцыі».

Аляксандр Косінец праінфармаваў, што выбары прайшлі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Паводле яго слоў, упершыню выбары адбыліся на небезальтэрнатыўнай аснове ва ўсіх 110 акругах, яўка выбаршчыкаў склала 74,8 працэнта. Як лічыць кіраўнік Адміністрацыі, колькасць абумоўлена якасцю. «Першы складнік — гэта высокая свядомасць нашага народа, які неабыякавы да будаўніцтва маладой дзяржавы. Другі — высокі конкурс удзелу ў гэтых выбарах — 484 кандыдаты ў 110 акругах. І трэці — праведзена вялікая работа ўсімі без выключэння галінамі ўлады, каб забяспечыць высокую дысцыпліну, арганізацыю правядзення выбараў», — растлумачыў ён.

Прэзідэнт пацікавіўся, ці ёсць прэтэнзіі да мясцовых органаў улады, на што кіраўнік Адміністрацыі адказаў, што няма. Аляксандр Косінец асабліва акцэнтаваў увагу на высокай яўцы мінчан — 62,1 працэнта. Высокай была яўка выбаршчыкаў і на ўчастках у абласцях, якая даходзіла да 80 працэнтаў. «Гэта сведчыць аб тым, што народ зацікаўлены і разумее неабходнасць выбрання тых асоб, якія будуць адстойваць інтарэсы, займацца заканатворчай дзейнасцю», — лічыць кіраўнік Адміністрацыі.

Косінец: мы выканалі практычна ўсе ўстаноўкі БДІПЧ АБСЕ па правядзенні выбараў

Аб гэтым паведаміў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Косінец журналістам па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

«Мы выканалі практычна ўсе ўстаноўкі і заўвагі БДІПЧ АБСЕ. Першае — патрабавалася празрыстасць выбараў, і яна забяспечана. Было 75 працэнтаў празрыстых урнаў, а таксама доступ да падліку галасоў — літаральна каля сталоў стаялі наглядальнікі, якім было дазволена бачыць, як ідзе падлік галасоў на кожным выбарчым участку», — расказаў кіраўнік Адміністрацыі.

Ён падкрэсліў, што прысутнічала 827 наглядальнікаў з замежных дзяржаў і 37,8 тыс. унутраных наглядальнікаў.

«Таму размовы аб якойсьці падтасоўцы, падкідванні бюлетэняў або іх замене не было і не можа быць, паколькі вы бачыце, якая вялікая «армія» праводзіла назіранні — і ад БДІПЧ АБСЕ і ПАСЕ, і місія СНД», — запэўніў Аляксандр Косінец.

Больш таго, было выканана і другое патрабаванне — максімальная акрэдытацыя і прыцягненне замежных сродкаў масавай інфармацыі: з 25 дзяржаў акрэдытаваны 333 журналісты. «Аб чым хацелі, аб тым пісалі. Што хацелі, тое паказвалі, — канстатаваў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. — Мы не перашкаджалі іх доступу ні да аднаго з куткоў ні выбарчага права, ні нашай краіны. Інакш кажучы, яны ўбачылі ўсё, як ёсць на самай справе ў дэмакратычнай дзяржаве».

Аляксандр Косінец таксама закрануў дзейнасць айчынных СМІ — 360 журналістаў беларускіх сродкаў масавай інфармацыі (і дзяржаўных, і недзяржаўных) асвятлялі гэту выбарчую кампанію. «Мы таксама далі магчымасць рэгістрацыі ўсіх партый і кандыдатаў, аб’яднанняў. У параўнанні з выбарамі 2012 года было значна больш прадстаўнікоў і партый, і аб’яднанняў, і пікетаў, і тэледэбатаў, і выступленняў».

Яўка выбаршчыкаў на выбарах у парламент склала 74,8 працэнта — удакладненыя даныя

Удакладненыя даныя абнародавала на прэс-канферэнцыі старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына.

У абсалютных лічбах у выбарах прынялі ўдзел 5 212 745 выбаршчыкаў. «Магу сказаць, што гэтыя лічбы супадаюць у асноўным з той лічбай, якая была чатыры гады таму», — заўважыла Лідзія Ярмошына.

Дэпутаты выбраны па ўсіх 110 акругах. У парламенце будзе прадстаўлена Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі (1 дэпутат), Беларуская патрыятычная партыя (3 дэпутаты), Аб’яднаная грамадзянская партыя (1 дэпутат), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (3 дэпутаты) і Камуністычная партыя Беларусі (8 дэпутатаў).

«Склад гэтага парламента абсалютна адэкватны і адпавядае, у прынцыпе, складу грамадства», — падкрэсліла старшыня ЦВК.

Яна звярнула ўвагу, што ў новы склад перавыбраліся чыноўнікі, кіраўнікі, спартсмены, артысты, прадстаўнікі сферы медыцыны і адукацыі.

У парламент выбрана 38 жанчын — Ярмошына

armocina

Кіраўнік ЦВК адзначыла, што прадстаўніцтва жанчын у парламенце ўзмоцнена: іх удзельная вага ў Палаце прадстаўнікоў шостага склікання дасягае 34 працэнты. Колькасць жанчын-парламентарыяў узрасла на 9 чалавек у параўнанні з выбранымі чатыры гады таму.

Так, па Мінску дэпутатам стала спявачка Ірына Дарафеева. У новым складзе парламента — прадстаўнік апазіцыі Алена Анісім (працуе ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, з’яўляецца членам ТБМ), член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, малады палітык Ганна Канапацкая, праінфармавала Лідзія Ярмошына.

Паўторна выбраны ў Палату прадстаўнікоў 28 дэпутатаў

У Брэсцкай вобласці перавыбрана 4 дэпутаты, у Віцебскай — 5, у Гомельскай — 7, у Гродзенскай — 3, у Мінскай — 3, у Магілёўскай — 1, у горадзе Мінску — 5.

У тым ліку перавыбраўся спікер Уладзімір Андрэйчанка, які вылучаўся ад Віцебскай вобласці. Таксама зноў выбраны вядомы спартсмен Вадзім Дзевятоўскі, доктар Дзмітрый Шаўцоў, кандыдат эканамічных навук Валерый Барадзеня.

Сярод асаблівасцей цяперашняй парламенцкай кампаніі Лідзія Ярмошына назвала адсутнасць безальтэрнатыўных акруг, а таксама тое, што заканадаўча быў выключаны другі тур выбараў. На яе думку, даволі высокія лічбы яўкі выбаршчыкаў — вынік актыўнасці кандыдатаў у дэпутаты. Яшчэ адна асаблівасць — больш свабодны, ліберальны рэжым вядзення парламенцкай кампаніі.

Канчатковыя вынікі выбараў будуць падведзены да канца бягучага тыдня

«Спадзяюся, мы ў гэту пятніцу зможам падвесці вынікі выбараў, і на працягу 30 дзён пасля правядзення выбараў, гэта значыць апошні магчымы дзень — гэта 10 кастрычніка, адкрыецца першая сесія Палаты прадстаўнікоў», — праінфармавала старшыня ЦВК.

Лідзія Ярмошына агучыла папярэднія вынікі выбараў, адзначыўшы, што на момант падвядзення канчатковых вынікаў ЦВК зможа прадставіць больш дэталёвую інфармацыю.

Удзел апазіцыі ў парламенцкіх выбарах быў актыўным — Ярмошына

Кіраўнік ЦВК адзначыла, што «пазіцыя апазіцыі была больш канструктыўнай, чым раней».

Лідзія Ярмошына лічыць пазітыўным, што ўпершыню прадстаўнікі апазіцыі не прымянялі рыторыку, накіраваную на зрыў выбараў, прынамсі, у масавым парадку; што не было масавага зняцця кандыдатаў у дэпутаты з перадвыбарнай гонкі ў знак пратэсту.

Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што ўлады прадаставілі больш свабодны і ліберальны рэжым для правядзення выбараў.

Значная частка рэкамендацый АБСЕ на парламенцкіх выбарах была выканана — Ярмошына

«Думаю, што значная частка галоўных рэкамендацый АБСЕ была выканана ў той ці іншай меры ў выглядзе правапрымяняльнай практыкі — рэкамендацыі Цэнтральнай камісіі перш за ўсё, ну і па тым свабодным духу вядзення перадвыбарнай агітацыі, які таксама быў практыкай выбарчай кампаніі», — сказала Лідзія Ярмошына.

Паводле слоў кіраўніка ЦВК, не былі выкананы тыя рэкамендацыі, якія патрабавалі ўнясення змяненняў у закон.

ЦВК прааналізуе прапановы міжнародных наглядальнікаў па выніках выбараў і прадставіць даклад Прэзідэнту

«Мы прааналізуем правапрымяняльную практыку, якая мела месца, прааналізуем тыя прапановы, якія выкажуць міжнародныя наглядальнікі. З улікам гэтага будзе прадстаўлены адпаведны даклад кіраўніку дзяржавы», — адзначыла старшыня ЦВК.

Пры гэтым яна звярнула ўвагу, што Цэнтрвыбаркам — гэта правапрымяняльны орган, які не мае права выступаць як суб’ект заканадаўчай ініцыятывы. «Тое, што даручыць Прэзідэнт Цэнтральнай камісіі ў якасці заканадаўчых прапаноў (гэта будзе, зразумела, потым апрацавана спецыялістамі), тое і ўвойдзе ў чарговы закон», — растлумачыла Лідзія Ярмошына.

На ўдакладняльнае пытанне наконт колькасці рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, якія былі выкананы пасля папярэдніх выбараў, яна адказала: «Самае галоўнае — дзейнічаць у тым ключы, які рэкамендуе АБСЕ. Думаю, што значная частка галоўных рэкамендацый АБСЕ ўсё ж такі была выканана ў той ці іншай меры — у выглядзе правапрымяняльнай практыкі, рэкамендацый Цэнтральнай камісіі». Лідзія Ярмошына ў тым ліку адзначыла свабодны дух вядзення перадвыбарнай агітацыі, які таксама быў практыкай парламенцкай кампаніі, што прайшла.

Інфармацыйнае забеспячэнне выбарчай кампаніі было актыўным і маштабным — Ананіч

Такое меркаванне выказала на прэс-канферэнцыі міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.

Кіраўнік ведамства лічыць гэту парламенцкую кампанію самай актыўнай з пункту гледжання асвятлення ў СМІ. На яе думку, у ходзе падрыхтоўкі і правядзення выбараў нацыянальныя і замежныя сродкі масавай інфармацыі максімальна маштабна паказалі рэальную карціну таго, што адбываецца ў краіне.

Усяго было акрэдытавана 698 прадстаўнікоў СМІ з Беларусі і 25 краін свету.

Журналісты зрабілі ўсё, каб выбары ў Беларусі адбыліся і прайшлі галосна і адкрыта, каб грамадзяне зрабілі ўсвядомлены выбар, каб у краіне быў сфарміраваны прафесійны парламент, адзначыла Лілія Ананіч.

Міністр ад асобы журналістаў падзякавала Цэнтрвыбаркаму за максімальнае садзейнічанне ў інфармацыйным забеспячэнні выбарчай кампаніі.

Місія ад СНД прызнала выбары адпаведнымі Канстытуцыі і выбарчаму заканадаўству Беларусі

Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД, кіраўнік місіі наглядальнікаў ад СНД Сяргей Лебедзеў па выніках назірання місіі за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі.

«На думку місіі, органы ўлады Рэспублікі Беларусь, выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў забяспечылі ў ходзе выбараў рэалізацыю права грамадзян краіны на свабоднае волевыяўленне. Місія наглядальнікаў ад СНД прыходзіць да наступных вывадаў: выбары 11 верасня праводзіліся ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і выбарчым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь», — адзначыў Сяргей Лебедзеў.

Ацэнку праведзенай выбарчай кампаніі наглядальнікі ад Садружнасці даюць на падставе аналізу фактычнага матэрыялу, сабранага ў працэсе кароткатэрміновага і доўгатэрміновага маніторынгу выбараў, а таксама на падставе ўласнага назірання.

«Праведзеныя выбары адпавядалі прынцыпам правядзення дэмакратычных выбараў, былі празрыстымі, адкрытымі і свабоднымі. Выбарчая кампанія прайшла ў спакойнай атмасферы ў духу адкрытай канкурэнцыі і на высокім арганізацыйным узроўні», — падкрэсліў Сяргей Лебедзеў.

Падагульняючая заява місіі наглядальнікаў ад СНД будзе апублікавана пасля афіцыйнага зацвярджэння вынікаў выбараў.

Лебедзеў: праведзеныя выбары ў Беларусі вызначаюцца большай празрыстасцю і дэмакратычнасцю

lebedew

«На думку наглядальнікаў з краін СНД, гэтыя выбары вызначаюцца большай адкрытасцю, большай дэмакратычнасцю і празрыстасцю, большай арганізаванасцю», — падкрэсліў Сяргей Лебедзеў.

Паводле яго слоў, праведзеныя выбары — сведчанне таго, як трансфармуецца і выбарчая сістэма, і погляды выбаршчыкаў не толькі ў Беларусі, але і на прасторы СНД у цэлым. «Мы ўсе вучымся, набіраемся вопыту і як арганізатары выбарчага працэсу, і як выбаршчыкі, — дадаў ён. — Праведзеныя ў Беларусі выбары пераканалі нас у тым, што выбаршчык стаў больш разумны, абачлівы, ён ужо не верыць папулісцкім заявам, як гэта было ў 90-я гады, ён уважліва глядзіць, што яму прапануе той ці іншы кандыдат, і ў залежнасці ад гэтага робіць выбар».

На думку Сяргея Лебедзева, у склад Палаты прадстаўнікоў увайшлі дастойныя людзі. «Большасць з іх — з вышэйшай адукацыяй, за плячамі ў іх — салідны жыццёвы і прафесійны вопыт. І гэта сведчанне таго, што народ Беларусі зрабіў правільны выбар», — лічыць ён.

У складзе місіі СНД працавалі 334 наглядальнікі з 9 краін Садружнасці. «Мы ажыццяўлялі сваю місію з выкананнем заканадаўства Беларусі, добразычліва і не ўмешваліся ва ўнутраныя справы і выбарчы працэс Беларусі. Задача была ў тым, каб аб’ектыўна ацаніць падрыхтоўку да выбараў, ход выбараў і ў дружалюбнай форме падказаць арганізатарам выбараў, калі ёсць нейкія недахопы», — рэзюмаваў Сяргей Лебедзеў.

На выбарах у Беларусі не зафіксавана ўкідванняў і «каруселяў» — наглядальнік ад ШАС

Аб гэтым паведаміў журналістам дэпутат Дзяржаўнай думы Расіі, наглядальнік ад Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) Сяргей Кузін па выніках назірання місіі за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі.

«Агульнае ўражанне ад убачанага асабіста мной 11 верасня вельмі добрае. Я не заўважыў ні ўкідванняў, ні «каруселяў», — адзначыў Сяргей Кузін. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што члены місіі прыходзілі на ўчасткі без папярэдняга апавяшчэння, і ў іх была магчымасць свабодна назіраць за ходам галасавання.

Атмасферу, што панавала на выбарах, наглядальнік назваў дзелавой. «Гэта нармальная атмасфера, без эйфарыі і пампезнасці. Кожны чалавек ведаў, што ён робіць на выбарчым участку: наглядальнікі ведалі, чым яны павінны займацца, члены камісій таксама зладжана працавалі», — лічыць ён. Ніякіх заўваг няма і адносна апячатвання урнаў.

Гаворачы аб працэдуры датэрміновага галасавання, Сяргей Кузін падкрэсліў, што кожная суверэнная дзяржава самастойна вырашае, ці трэба арганізоўваць датэрміновае галасаванне. Задача ўлады, Цэнтральнай выбарчай камісіі ў асноўным заключаецца ў тым, каб прадаставіць кожнаму грамадзяніну магчымасць аддаць свой голас за таго ці іншага кандыдата, лічыць наглядальнік. У сувязі з гэтым працэдура датэрміновага галасавання адпавядае інтарэсам грамадзян і ўяўляецца вельмі карыснай, рэзюмаваў Сяргей Кузін.

Маніторынгавая місія ШАС прызнала выбары ў беларускі парламент свабоднымі і легітымнымі

Маніторынгавая місія Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва прызнала выбары ў беларускі парламент адкрытымі, свабоднымі і легітымнымі. Аб гэтым паведаміў журналістам генеральны сакратар ШАС Рашыд Алімаў.

«На падставе тых матэрыялаў, якія мы маем, і асабістай прысутнасці на выбарчых участках мы, па-першае, зрабілі выснову, што выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў прайшлі ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і прынятымі Рэспублікай Беларусь міжнароднымі абавязацельствамі. Другое — мы не адзначылі парушэнняў норм нацыянальнага выбарчага заканадаўства. І трэцяе — зыходзім з таго, што праведзеныя выбары дэпутатаў адбыліся як адкрытыя, свабодныя і легітымныя», — адзначыў Рашыд Алімаў.

Паводле яго слоў, місія Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва прыйшла да думкі, што мерапрыемствы ў рамках выбарчай кампаніі былі арганізаваны даволі адкрыта, падрабязна асвятляліся ў сродках масавай інфармацыі, і ўсё праходзіла ў строгай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам.

«Мы звярнулі ўвагу, што для ўдзельнікаў выбарчага працэсу незалежна ад іх партыйнай прыналежнасці і палітычных поглядаў былі забяспечаны аднолькавыя ўмовы», — заўважыў генеральны сакратар ШАС.

Ён дадаў, што скаргаў і заўваг ад давераных асоб і наглядальнікаў у час выбарчага працэсу ў адрас прадстаўнікоў місіі не паступала. Рашыд Алімаў падрабязна праінфармаваў аб рабоце на парламенцкіх выбарах у Беларусі, наведванні выбарчых участкаў.

Прадстаўнікі ШАС прыбылі ў Беларусь 7 верасня, за гэты час адбыўся шэраг сустрэч, у тым ліку ў Цэнтрвыбаркаме. «Мы глыбока азнаёміліся з праводзімай кандыдатамі ў дэпутаты агітацыяй, работай акрэдытаваных наглядальнікаў, СМІ. У нас даволі выразнае ўяўленне аб тым, што адбываецца ў Беларусі і як арганізаваны гэтыя выбары», — сказаў генсакратар.

Місія наглядальнікаў ад ШАС назвала выбары ў Беларусі ўзорнымі

«Тое, што мы ўбачылі, безумоўна, можна аднесці да разраду ўзорнага правядзення выбараў дэпутатаў у парламент», — адзначыў Рашыд Алімаў. Ён пажадаў новаму складу парламента актыўнай работы.

У сваю чаргу міжнародны наглядальнік ад ШАС Міхаіл Бортнік дадаў, што Беларусь прадэманстравала прафесійны падыход да правядзення выбараў. Таксама ён звярнуў увагу на высокую грамадзянскую актыўнасць беларусаў, адказнасць за будучыню сваёй краіны. «Гэта тое, што я змог адзначыць, размаўляючы з выбаршчыкамі», — дадаў ён.

Яшчэ адзін наглядальнік ад ШАС Фэн Ляхаа адзначыла добразычлівую атмасферу на выбарах. На ўчасткі прыходзілі сем’ямі, у тым ліку пажылыя людзі. «Уся арганізацыйная работа была наладжана добра», — канстатавала яна.

Каардынатар групы наглядальнікаў ад МПА СНД адзначае высокі ўзровень арганізацыі выбараў у Беларусі

Намеснік старшыні мажыліса Парламента Казахстана, каардынатар групы наглядальнікаў ад Міжпарламенцкай асамлеі СНД Уладзімір Бажко адзначае высокі ўзровень арганізацыі выбараў у Беларусі. Аб гэтым ён паведаміў па выніках назірання за парламенцкімі выбарамі.

Наглядальнікі ад Міжпарламенцкай асамблеі СНД выязджалі ў чатыры вобласці, наведалі каля сотні выбарчых участкаў і размаўлялі з членамі выбарчых камісій. «Яшчэ раз пацверджу, што выбары прайшлі дэмакратычна, і трэба аддаць належнае высокаму ўзроўню арганізацыі работы на выбарчых участках. Была прадэманстравана вялікая дэмакратычнасць выбарнага працэсу, якая праяўлялася ў тым, што ў выбарчых камісіях былі прадстаўнікі розных палітычных партый і грамадскіх рухаў, на ўсіх участках прысутнічала вялікая колькасць наглядальнікаў», — адзначыў Уладзімір Бажко.

На яго думку, цяперашнія выбары далі магчымасць сфарміраваць прафесійны парламент, які будзе працаваць толькі ў інтарэсах народа.

tablica-belta

Наглядальнікі АБСЕ ўдзячны Беларусі за запрашэнне і створаныя ўмовы для работы

Аб гэтым заявіла на прэс-канферэнцыі кіраўнік місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ на выбарах у Палату прадстаўнікоў Каэтана дэ Зулуета Оўтрам.

«Я хацела б падзякаваць Міністэрству замежных спраў, Цэнтральнай выбарчай камісіі і Адміністрацыі Прэзідэнта за садзейнічанне, якое нам было аказана за час нашага знаходжання ў краіне. А яно было працяглым: місія прыбыла ў Беларусь 2 жніўня», — сказала Каэтана дэ Зулуета Оўтрам.

У сваю чаргу спецкаардынатар місіі кароткатэрміновых наглядальнікаў АБСЕ на выбарах у Палату прадстаўнікоў Кент Харстэд вітаў той факт, што Беларусь не абмяжоўвала колькасць наглядальнікаў на выбарах. «Шчыра спадзяюся, што той добразычлівы падыход, які быў праяўлены ў адносінах да нас, будзе захоўвацца і ў далейшым», — сказаў ён.

Кент Харстэд адзначае паляпшэнне ў працэдуры падліку галасоў на выбарах у Беларусі

Аб гэтым на прэс-канферэнцыі заявіў спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых наглядальнікаў АБСЕ на выбарах у Палату прадстаўнікоў, намеснік старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ Кент Харстэд.

«Нам неабходна, вядома, яшчэ прааналізаваць усе справаздачы, але мы бачым, што ёсць паляпшэнні ў працэдуры падліку галасоў», — сказаў Кент Харстэд.

Ён нагадаў, што ЦВК Беларусі падрыхтавала інструкцыі, якім чынам неабходна арганізоўваць падлік галасоў, каб наглядальнікі змаглі сачыць за гэтым працэсам. «Інструкцыі на самай справе даволі выразна сфармуляваны, мы іх бачылі», — дадаў прадстаўнік АБСЕ.

Разам з тым Кент Харстэд заўважыў, што, калі на некаторых участках усё было выдатна арганізавана, то на іншых узнікалі складанасці. Магчыма, таму што асобныя наглядальнікі не дастаткова добра вывучылі інструкцыі або члены некаторых выбарчых камісій былі слаба падрыхтаваны.

АБСЕ адзначае прагрэс у шэрагу пытанняў пры правядзенні выбараў у Беларусі

У шэрагу пытанняў пры правядзенні выбараў у Беларусі ёсць прагрэс. Аб гэтым заявіў на прэс-канферэнцыі спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых наглядальнікаў АБСЕ на выбарах у Палату прадстаўнікоў, намеснік старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ Кент Харстэд.

«У рамках нашага назірання мы высветлілі, што ў некаторых выпадках ёсць прагрэс, па іншых напрамках сітуацыя заставалася такой жа, як і раней», — сказаў Кент Харстэд. У прыватнасці, на яго думку, неабходна ўдасканальваць сістэму рэгістрацыі выбаршчыкаў у час галасавання на ўчастках, назначаць у выбарчыя камісіі больш прадстаўнікоў апазіцыі.

«Тым не менш важна адзначыць і станоўчыя аспекты. З 630 кандыдатаў 488 прынялі ўдзел у выбарах, уключаючы значную колькасць кандыдатаў з апазіцыі. Добра, што ў краіне ёсць пэўная канкурэнцыя на выбарах, — звярнуў увагу Кент Харстэд. — Некаторыя з кандыдатаў, цалкам магчыма, удзельнічалі ў выбарах, каб папулярызаваць сваю партыю або стварыць з сябе брэнд».

«Мы адзначаем станоўчыя элементы, якія заўважылі, і гатовы працаваць далей над устараненнем выяўленых недахопаў», — рэзюмаваў прадстаўнік АБСЕ.

Кандыдаты ў дэпутаты вялі агітацыю ў межах закона — ПА АБСЕ

Аб гэтым заявіла на прэс-канферэнцыі кіраўнік місіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ па назіранні за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Івана Добешава.

«Я не магу параўноўваць цяперашнія выбары з папярэднімі, паколькі ўпершыню ў Беларусі. Магу адзначыць, што шэраг кандыдатаў у дэпутаты адмовіліся ад актыўнай агітацыі, спасылаючыся на апатыю выбаршчыкаў, аднак астатнія вялі агітацыю ў межах закона і без абмежаванняў», — сказала Івана Добешава.

Кіраўнік місіі ПА АБСЕ таксама адзначыла, што ўсім кандыдатам была прадастаўлена платформа для данясення сваіх ідэй і пасылаў.

Галасаванне на выбарах дэпутатаў у Беларусі праходзіла спакойна і арганізавана — ПАСЕ

Аб гэтым заявіла на прэс-канферэнцыі кіраўнік місіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) па назіранні за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Гізела Вурм.

«Учора ў ходзе галасавання мы накіравалі 8 груп наглядальнікаў у Мінск і яго наваколле, а таксама ў Віцебскую вобласць. Нашы наглядальнікі адзначылі, што галасаванне праходзіла спакойна і арганізавана», — сказала Гізела Вурм.

Кіраўнік місіі адзначыла, што ў некаторых наглядальнікаў былі пытанні да працэдуры падліку галасоў. «Тым не менш выбары не зводзяцца да галасавання, а з’яўляюцца больш маштабным працэсам. Гэтыя парламенцкія выбары паказалі, што Беларусі, як еўрапейскай краіне, неабходна канкурэнтная палітычная сістэма з моцнымі партыямі для таго, каб рэалізаваць увесь дэмакратычны патэнцыял, які ёсць у народа Беларусі», — лічыць яна.

БелТА