Калектыў Камарынскага лясгаса сустракае не толькі прафесійнае свята, але і 80-гадовы юбілей дзейнасці

Праздники и будни

Гулка шумяць у непагадзь, ціха шэпчуцца пад лёгкім павевам ветрыку, купаюцца ў промнях залацістага сонца, упрыгожваючы нашу зямлю, лясы. Дораць радасць адпачынку, зносіны з прыродай, напаўняюць жмені ягадамі, а кошыкі – грыбамі. У больш шырокім аспекце – садзейнічаюць росту дабрабыту жыхароў, вытворчасці запатрабаванай, канкурэнтаздольнай прадукцыі, умацаванню эканомікі краіны. А ўзамен патрабуюць ашчадлівых і беражлівых адносін. Таму ўмела, з розумам, па-гаспадарску выкарыстаць гэтае багацце – галоўная задача людзей, якія працуюць у ДЛГУ “Камарынскі лясгас”. І падстава для сустрэчы з дырэктарам установы Аляксандрам Дзягцярыкам на бягучым тыдні была двайная: менавіта ў верасні калектыў сустракае не толькі сваё прафесійнае свята, але і 80-гадовы юбілей дзейнасці.

les_001

– Аляксандр Мікалаевіч, нялёгкая праца лесаводаў – адна з самых мірных і стваральных на Зямлі. Наколькі адчувальны ўклад прадстаўнікоў гэтай прафесіі ў развіццё народнагаспадарчага комплексу? Якімі клопатамі жывяце?

– Каб ахарактарызаваць нашу галоўную місію, дастаткова, здаецца, трох слоў: захаваць, узнавіць і памножыць. Але колькі стаіць за імі турбот, хваляванняў, духоўных і фізічных сіл, вядома толькі прафесіяналам.

У апошні час, напрыклад, вострай праблемай лесаводаў стала масавае ўсыханне соснаў. Неспрыяльныя прыродныя ўмовы знізілі ўстойлівасць гэтых насаджэнняў да шкоднікаў і хвароб. Насякомыя выбіраюць аслабленыя з-за недахопу вільгаці дрэвы, і найбольш агрэсіўна паводзіць сябе вяршынны караед, з-за атак якога сосны гінуць на вачах.

У такіх складаных умовах першачарго-вай задачай з’яўляецца высечка пашкоджаных дрэў і хуткі вываз прадукцыі на перапрацоўку. Маштабы ўсыхання сасновых масіваў можна ўявіць: калі за ўвесь мінулы год ачагі засялення жука-караеда выяўлены на 42 га, то ў бягучым ужо на 83 га. Усе гэтыя ўчасткі, вядома, ахопліваюцца суцэльнымі санітарнымі высечкамі. Няпростая сітуацыя назіраецца не толькі ў нашым раёне, але і ў цэлым па рэспубліцы.

Яшчэ адзін фактар, што ўплывае на ўстойлівасць зялёных уладанняў, – ураганы. Давялося прыйсці на выручку калегам з Чэрвеньскага лясгаса, тэрыторыя якога сёлета найбольш пацярпела ад разгулу стыхіі. У ліквідацыі яе паследкаў пазменна задзейнічаны 21 наш работнік і дзевяць адзінак тэхнікі. Пастаўлена задача да першага лістапада не толькі нарыхтаваць, але і рэалізаваць чатырнаццаць тысяч кубаметраў драўніны, падрыхтаваць на адведзеным участку глебу для пасадкі новых культур.

Хвалявацца за зялёнае золата прымушае і сухое надвор’е, здольнае справакаваць узгаранні. Таму ў мэтах іх папярэджвання праводзім растлумачальную работу з жыхарамі, даводзячы да іх ведама інфармацыю аб забароне наведвання лясоў і адказнасці за неабдуманыя дзеянні на прыродзе. Працягваем працаваць у сувязі з захаваннем пажаранебяспечнага становішча ва ўзмоцненым рэжыме. Сёлета, дарэчы, у параўнанні з мінулым годам, калі агонь ахопліваў прыродныя ўгоддзі 10 разоў на 9,6 гектара, сітуацыя іншая: зафіксаваны толькі адзін пажар (пашкоджана 16 сотак на тэрыторыі Лубяніцкага лясніцтва).

Што ж датычыць лесааднаўлення, то даведзены паказчык ужо перавыканалі: маладымі саджанцамі занялі 204 га з запланаваных 190. У асноўным гэта сасна, бяроза і дуб.

Не менш важным пытаннем застаецца таксама добраўпарадкаванне, якое ў нас ніколі не вымяраецца адна-дзённай акцыяй. Імкнёмся пастаянна падтрымліваць парадак і чысціню ў адміністрацыйных будынках і на тэрыторыі лясніцтваў, штогод нешта ўдасканальваць, уносіць новае. Многае таксама зроблена па абсталяванні чыгуначнай веткі, атрыманай у бязвыплатнае карыстанне ад ВУП “Гомельаблпаліва”.

– Значыць, людзі працуюць з усведамленнем: толькі дружная работа дае плён. Якія тэмпы поруч з лесагаспадарчай дзейнасцю набірае прамысловая?

– Стараннасць і высокае пачуццё адказнасці калектыву сапраўды выліваюцца ў жаданыя вынікі, якія не могуць не радаваць. Прывяду толькі некаторыя даныя за студзень-ліпень: выручка ад рэалізаванай прадукцыі склала 125%, а прыбытак ад яе – 353%, рэнтабельнасць – 303% да лічбаў мінулага года. На 20% узрасла прадукцыйнасць працы, на 13% павялічылася сярэдняя заработная плата. Даходы ад экспартных паставак, пераважна – у Польшчу, Германію, Бельгію, склалі 370 тысяч долараў, як і за сем месяцаў 2015-га. А ў цэлым чысты прыбытак ад прамысловай дзейнасці павялічыўся ў дзесяць разоў.

– На што будуць скіраваны асноўныя намаганні ў блі-жэйшым будучым, каб і далей паспяхова развівацца, упэўнена адчуваць сябе на рынку?

– У першую чаргу – на стварэнне належных умоў для працы людзей, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, што будзе спрыяць і захаванню існуючых кадраў, і іх зацікаўленасці ў дасягненні пастаўленых задач.

У бліжэйшы час, напрыклад, плануем набыць аўтамабілі для зручнасці работы ляснічых, дзве адзінкі тэхнікі (МАЗ і трактар) – для вывазу лесапрадукцыі, замяніць на новы мнагапільны станок у цэху па перапрацоўцы драўніны.

– Чые поспехі і дасягненні ў рабоце, значны ўклад у раз-віццё лесагаспадарчай галіны Вы адзначылі б напярэдадні прафесійнага свята і ў сувязі з юбілейнай датай?

– Удзячных слоў за добрасумленную працу, прафесіяналізм і адданасць справе заслугоўваюць, безумоўна, многія. Ад Міністэрства лясной гаспадаркі, напрыклад, Ганаровай граматай будзе адзначана праца вядучага эканаміста Вольгі Маручок, якая ў верасні сустракае яшчэ і 30-годдзе сваёй дзейнасці ва ўстанове, граматай – бухгалтара цэха па перапрацоўцы драўніны Тамары Повад, падзякай – вальшчыка лесу Жараўскага лясніцтва Алега Блудчага. Яшчэ шэсць чалавек заахвоцяць ад Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, 22 – ад дырэкцыі Камарынскага лясгаса.

Ужо стала добрай традыцыяй ушаноўваць напярэдадні такіх важных дат і ветэранаў працы, для якіх мы падрыхтавалі падарункі.

Усіх сваіх калег шчыра віншую з прафесійным святам і юбілеем, жадаю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, душэўнага камфорту і поспехаў у абранай справе. Няхай плённая праца на карысць нашчадкаў будзе па заслугах ацэнена будучымі пакаленнямі, а беражлівыя адносіны да лесу замацуюцца ў свядомасці кожнага як беражлівыя адносіны да роднага краю і людзей, якія тут жывуць.

Гутарыла Валянціна БЕЛЬЧАНКА