22 верасня – Сусветны дзень без аўтамабіля

Грамадства

avto

Пакінуўшы сёння “жалезнага каня” на стаянцы, вы можаце ўнесці свой уклад і ў чысціню паветра свайго населенага пункта, і ў захаванне свайго здароўя.

Выкіды аўтатранспарту з’яўляюцца адным з антрапагенных фактараў забруджвання навакольнага асяроддзя. У іх склад уваходзяць такія таксічныя кампаненты, як вокіс вугляроду, вокіс азоту, вуглевадароды, вокісы серы, злучэнні цяжкіх металаў і іншыя. Некаторыя з гэтых рэчываў, напрыклад, цяжкія металы і асобныя хлорарганічныя злучэнні, стойкія арганічныя забруджвальнікі назапашваюцца ў прыродным асяроддзі і ўяўляюць сур’ёзную пагрозу як для навакольнага асяроддзя, так і для здароўя людзей.

Акцыя “Сусветны дзень без аўтамабіля” адзначаецца ў многіх краінах. Асноўнай яе мэтай заснавання можна назваць прыцягненне ўвагі шырокай грамадскасці да праблемы негатыўнага ўплыву, які аўтамабілі аказваюць на навакольнае асяроддзе. Гэтае мерапрыемства ўжо і ёсць агульны поспех, у тым ліку і для нашай краіны, паколькі толькі за адзін дзень 22 верасня папярэджваецца выкід забруджваючых рэчываў у атмасфернае паветра рэспублікі ў аб’ёме ад 250 тон і больш.

Што кожны з нас можа зрабіць, каб выправіць гэтую неспрыяльную сітуацыю? Перш за ўсё – падтрымаць акцыю “Сусветны дзень без аўтамабіля”, якая будзе праводзіцца 22 верасня. Не мае значэння, чаму вы аддадзіце перавагу, – веласіпеду, ролікам ці пешай прагулцы. Галоўнае – хоць на кароткі час адмовіцца ад машыны, перакрыць крыніцу таксічных выкідаў у атмасферу, унесці ўклад у захаванне чысціні паветра родных мясцін.